Стала вядомая прычына аварыі беларускага аўтобуса пад Псковам
30.12.2019 09:51
—
Разное
Аварыя беларускага аўтобуса пад Псковам / pln-pskov.ru
Прычынай аварыі, у якую трапіў беларускі аўтобус пад Псковам, называюць надвор'е. Пра гэта піша сайт "Фонтанка" са спасылкай на ўпраўленне МУС Расіі па Пскоўскай вобласці.
"Пасля дажджу на пакрыцці ўтварылася наледзь, праз яе кіроўца 47 гадоў не справіўся з кіраваннем", — заявілі ў прэс-службе паліцыі.
Як распавядала Еўрарадыё, беларускі аўтобус Мінск — Санкт-Пецярбург трапіў у ДТП сёння ўначы пад Псковам. У аўтобусе былі 50 пасажыраў і два кіроўцы.
Колькасць пацярпелых пры аварыі называецца ў СМІ розная — ад 13 да больш як 20 чалавек. Сярод пацярпелых тры дзяўчынкі — 9, 11 і 13 гадоў, удакладняе informpskov.ru.
Па словах медыкаў, сярод траўмаў, атрыманых пасажырамі, пераважаюць удары грудных клетак, удары галавы, пераломы ключыц.