26 снежня ў Нясвіжскім гарадскім маладзёжным цэнтры прайшло навагодняе прадстаўленне для маладых наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Нясвіжскага районнага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і для гасцей з Клецкага РТЦСАН.
Наведвальнікі аддзяленняў з задавальненнем прымалі ўдзел у казачнай праграме, якую для іх падрыхтавалі работнікі маладзёжнага цэнтра. Адказвалі на загадкі разам са Свінкай, Пеўнем і Малпачкай, дапамагалі ім сабраць падарунак для сімвала наступаючага года — Мышкі, танцавалі і нават вадзілі карагод разам з вядзьмаркай Малефісэнтай. Дапамагалі ў гэтым валанцёры атрада “Эра міласэрнасці” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Я. Коласа.
Прысутнічалі на свяце і ганаровыя госці, спонсары тэрытарыяльнага цэнтра — намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Кавешнікава, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, прадстаўнік ГА “Белая Русь” Таццяна Толсцік і пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, ксёндз канонік Пётр Шарко. Яны павіншавалі прысутных прысутных з надыходзячым Новым годам і ўручылі ім падарункі. Дырэктар Нясвіжскага РТЦСАН Наталля Корсак таксама падрыхтавала для гасцей сувеніры, якія ўручылі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Нясвіжскага РТЦСАН.