Прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады з падарункамі наведалі дом сямейнага тыпу
Па краіне крочыць рэспубліканская пераднавагодняя акцыя “Нашы дзеці”. Прадстаўнікі ўлады, кіраўніцтва прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый у гэтыя перадсвяточныя дні з падарункамі наведваюць дзіцячыя сады, школы, дзіцячыя дамы, апякунскія сем’і, іншыя сацыяльныя ўстановы, дзе выхоўваюцца дзеці.
27 снежня наш раён наведаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Сямёнавіч Матвееў. Ён разам са старшынёй Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Міхайлавічам Ламака з навагоднімі падарункамі завіталі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу. У сям’і Соф’і Пятроўны Ваштаёнак выхоўваюцца пяць дзяцей. Двое ходзяць у дзіцячы садок, трое — у школу. Госці пагутарылі з дзецьмі, даведаліся пра поспехі ў вучобе хлопчыкаў і дзяўчынак. Соф’я Пятроўна паказала ў якіх утульных пакоях жывуць і займаюцца дзеці, расказала, як разам бавяць свой вольны час, дапамагаюць спраўляцца з хатнімі клопатамі. Уладзімір Сямёнавіч і Дзмітрый Міхайлавіч уручылі дзецям падарункі, салодкія пачастункі, пажадалі выдатнай вучобы, прыкладных паводзін, здароўя і шчасця ў надыходзячым годзе.
— У вашым доме пануюць дабрыня, клопат, любоў, — сказаў у адрас Соф’і Пятроўны Уладзімір Сямёнавіч Матвееў. — Вялікі дзякуй вам за дастойнае выхаванне дзяцей. Далёка не кожны чалавек можа прысвяціць сябе такой справе.
— Менавіта ад нас, дарослых людзей, залежыць святочны настрой у дзяцей, — далучыўся да размовы Дзмітрый Міхайлавіч. — Бо кожны хлопчык і дзяўчынка вераць у пераднавагоднія цуды, у шчаслівыя казкі і сюрпрызы. Мы абавязаны па меры магчымасці ўвасабляць мары дзяцей у рэальнасць, рабіць усё тое, каб загаданыя імі жаданні збыліся.
Сяргей РАЙЧОНАК.