Асіпаўчане Дзмітрый Барысаў і Дзяніс Ерашэвіч — фіналісты конкурсу “100 ідэй для Беларусі”
Ідэя для роднай краіны
Днямі адбылася абласная выстава-прэзентацыя маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.На ёй дэманстравалася звыш 30 інавацыйных праектаў, чые аўтары — школьнікі і студэнты навучальных устаноў Магілёўшчыны.
Распрацоўка вучняў Асіповіцкай СШ № 4 Дзмітрыя Барысава і Дзяніса Ерашэвіча “Выкарыстанне хітазану ў комплекснай перапрацоўцы малочнай сыроваткі” ўвайшла ў лік адзінаццаці лепшых праектаў, якія будуць прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім фінале конкурсу.
Сутнасць прапановы юных даследчыкаў у наступным: з дапамогай рэчыва, якое сёння досыць шырока прымяняецца ў якасці біядабаўкі для корму дамашняй жывёлы, выдзяляць з сыроваткі прыдатны для ўжывання ў ежу бялок. Гэта дазваляе атрымліваць пры перапрацоўцы малочнай сыравіны дадатковую прадукцыю і скарачае аб’ём сцёкаў, ачыстка якіх уяўляе досыць складаную праблему.
Па словах навуковага кіраўніка юных даследчыкаў настаўніцы хіміі Святланы Жамковай, у рабоце над праектам упор рабіўся на комплекснае выкарыстоўванне малочнай сыравіны, рашэнне праблем экалагізацыі, энерга- і рэсурсазберажэння ў яе перапрацоўцы.