Традыцыйная акцыя “Нашы дзеці” крочыць па Асіповччыне
У жыцці ёсць месца цуду
На жаль, ёсць побач з намі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з маленства спазналі праблемы са здароўем, маюць складаныя жыццёвыя ўмовы або не адчулі пяшчоты бацькоўскіх рук. Як бы ні распарадзіўся лёс, у жыцці кожнага чалавека павінна быць дзяцінства — са сваімі сябрамі і гульнямі, падарункамі і цудамі. А Новы год — тое свята, якое павінна пакідаць толькі радасны след.
У Асіповіцкай спецшколы-інтэрната склаліся надзейныя сувязі з многімі нераўнадушнымі людзьмі, якія наведваюць рабят і ў святы, і ў будні. У перадсвяточныя дні спяшаюцца да іх з падарункамі. Пабывалі ва ўстанове адукацыі работнікі ЗТАА “Дахавы завод ТэхнаНІКОЛЬ”, удзельнікі валанцёрскага руху “Патрэбныя людзі”.
А днямі ў спецшколу-інтэрнат завіталі старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі, намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Пархамовіч, высокія госці са сталіцы: супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры краіны на чале з намеснікам Генеральнага пракурора Аляксандрам Лашыным, намеснік начальніка Дэпартамента аховы МУС Алег Шаблыка, прадстаўнікі ГА “Беларускі саюз жанчын”, дабрачыннага фонду “Крыніца дабрыні”. Яны прынялі ўдзел у прадстаўленні, вадзілі з рабятамі карагоды, дарылі навагоднія пажаданні і, канечне ж, салодкія падарункі.
Калі ў зале ішоў ранішнік, по-вары рыхтавалі рабятам абед на новай шасціканфорачнай пліце, якую падарыла Генпракуратура, ад якой спецшкола-інтэрнат атрымала таксама аргтэхніку, сродкі для догляду за дзецьмі і цукеркі.
У гэты дзень былі ўручаны і іншыя падарункі ад сяброў — інакш не назавеш людзей, якія за вытворчымі праблемамі і хатнімі перадсвяточнымі клопатамі не забываюць пра тых, каму так па-трэбна дапамога. Нездарма ж навагодне-калядная пара лічыцца чароўнай, а касцюм чараўніка можа прымерыць кожны.