На завяршальным тыдні
На парадку дня штотыднёвай апаратнай нарады, якую правёў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бачкоў, першым стаяла пытанне дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна. На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне раённай камісіі па фінансавым аздараўленні сельгасарганізацый, у першую чаргу, ААТ «Крычаўрайаграпрамтэхзаб». Дэталёва разгледжаны ўсе напрамкі дзейнасці таварыства, выпрацаваны канкрэтныя прапановы, якія павінны надаць імпульс гэтай гаспадарцы. А пракантраляваць ход выканання прапаноў даручана назіральнаму савету ААТ «Крычаўрайаграпрамтэхзаб», які ўзначальвае намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ігар Мяцеліца.
Разглядаючы пытанне развіцця жывёлагадоўчай галіны раёна, упраўленню па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама даручана распрацаваць і давесці да сельгаспрадпрыемстваў штомесячнае заданне на першы квартал наступнага года па вытворчасці малака з улікам прагнозу развіцця сельскагаспадарчай галіны раёна на 2020 год.
Пытанне навядзення належнага санітарнага парадку на тэрыторыі горада і раёна ўжо колькі часу не здымаецца з парадку дня. Ухіленне недахопаў, якія яшчэ маюць месца быць, даручана пракантраляваць раённаму штабу па добраўпарадкаванні і навядзенні санітарнага парадку, а таксама санітарнай, землеўпарадкавальнай і іншым службам.
На апаратнай нарадзе разгледжаны пытанні работы са зваротамі грамадзян, стану гатоўнасці ўвядзення ў эксплуатацыю ў сёлетнім годзе шэрагу аб’ектаў і іншыя. Асобнай тэмай, якой адпаведным службам трэба надаць першачарговае значэнне, прагучала забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці ў час правядзення навагодніх і калядных святаў.
Гэты тыдзень – завяршальны. Па сутнасці, ён падводзіць рысу па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Крычаўшчыны ў снежні і за 2019 год.
Т. Пятрова.