Цешча экс-старшыні Следчага камітэта прадае недароблены катэдж у Драздах за 900 тысяч долараў
Дом па вуліцы Сёмкаўскай у Мінску выстаўлены на продаж за 1,9 мільёна беларускіх рублёў. Амаль 900 тысяч долараў у эквіваленце — немалая цана для недабудаванага катэджа. Але вось што асабліва цікава: паводле інфармацыі «Нашай Нівы», дом належыць 71-гадовай пенсіянерцы з Глыбокага Антаніне Раманавай. Але ж як жанчына з правінцыі змагла зарабіць на будоўлю ў элітным раёне для чыноўнікаў?

Усё проста. Аказалася, што Антаніна Мікалаеўна — цешча Валянціна Шаева, які ўзначальваў Следчы камітэт з 2012 па 2015 год.

Антаніна Раманава пацвердзіла «Нашай Ніве», што Шаеў — яе зяць. Пенсіянерка запэўнівае, што будавала катэдж сама:
— Так, прадаецца катэдж у раёне Дразды. Гэты катэдж я адразу на сябе будавала. Гэта мой. Будавалі разам з дзецьмі.

Праўда, адкуль у пенсіянеркі з Глыбокага грошы на катэдж у сталіцы, Антаніна Мікалаеўна не адказала: «Справаздачыцца ні перад кім я не збіраюся».

Цікава, што ў свой час Валянцін Шаеў прапанаваў увесці дадатковую адказнасць для занадта багатых чыноўнікаў: «Такая адказнасць магла б быць у выглядзе спагнання ў даход дзяржавы маёмасцi, памер якой значна перавышае даходы чыноўніка і паходжанне якой гэта службовая асоба не можа пацвердзіць».

Валянцін Шаеў нарадзіўся ў 1964 у Глыбокім. Скончыў Віцебскі тэхнікум электрасувязі (1984) і БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства» (1991). Працаваў у органах пракуратуры (1991−2011). Старшыня Следчага камітэта (2012−2015).