З чарговым поспехам выступілі прадстаўнікі Кіраўшчыны на спаборніцтвах па інтэлектуальных гульнях абласнога ўзроўню.
Выхаванцы клуба “Эрудыт” раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – каманда “Перцы” – прынялі ўдзел у І абласным чэмпіянаце сярод дзіцячых каманд 5-7 класаў, арганізаваным Галоўным упраўленнем па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. За званне мацнейшых змагалася 27 каманд.
Ва ўсіх трох этапах турніру падапечныя трэнера Ігара Лукшова праявілі сябе выдатна. Першая гульня “Медыя-азбука” прынесла кіраўчанам перамогу. Затым у гульні “7х7” “Перцы” занялі 2-е месца, а ў традыцыйна рашаючым паядынку “Што? Дзе? Калі?” нашым рабятам зноў не знайшлося роўных – 1-е месца!
У агульным выніку “Перцы” з Кіраўска сталі абсалютнымі пераможцамі абласнога чэмпіянату і папоўнілі скарбонку поспехаў – як уласных, так і ЦДАДіМ, а таксама ўстаноў адукацыі, дзе здабываюць веды. Вось састаў зорнай каманды: Уладзіслаў Гаўрылаў (капітан), Анастасія Прусянкова, Ксенія Гузялевіч – СШ №2 імя К.П.Арлоўскага; Уладзіслаў Булачкін, Марыя Дрозд, Мікіта Манетаў – СШ №1. Трэнер – Ігар Лукашоў.
Так трымаць, кіраўчане!