У Польшчы маладых беларусаў падазраюць у махлярстве з аўтастрахоўкамі

pomorska.policja.gov.pl
У Польшчы маладых беларусаў падазраюць у махлярстве з аўтастрахоўкамі. Як інфармуе прэс-служба Паморскай паліцыі, у Слупску сілавікі затрымалі чатырох чалавек — 25-гадовага паляка і трох беларусаў — 19-гадовага хлопца і дзяўчат ва ўзросце 18 і 19 гадоў. Іх падазраюць у тым, што іх група сёлета на працягу некалькіх месяцаў займалася інсцыніроўкамі ДТЗ, а пасля атрымлівала грошы па страхоўках (за пашкоджаныя машыны і нібыта атрыманыя траўмы — прадастаўлялі фальшывыя дакументы). Агулам маладыя людзі завалодалі 200 тысячамі злотых (гэта больш за 50 тысяч долараў).
Паляку і беларусам пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Калі першага пасадзілі пад арышт, то яго саўдзельнікаў на час расследавання пакінулі на волі пад паліцэйскім наглядам і забаронай выязджаць з краіны.