11-12 снежня ДУА “Яслі-сад г.п. Мір” прымала гасцей з усёй рэспублікі. Установа стала пляцоўкай для эфектыўнага дыялогу і абмену вопытам у межах выязного семінара па рэалізацыі экалагічнага навучальнага праекта “Зялёныя школы” ў Рэспубліцы Беларусь для прадстаўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі.
Падзея адбылася пры непасрэднай падтрымцы праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, фінансуемага Еўрапейскім саюзам і рэалізуемага Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Яго кіраўнік Вольга Чаброўская на адкрыцці семінара падкрэсліла выключнае значэнне мерапрыемства і нагадала прысутным, з чаго ўсё пачыналася: “Наш экалагічны праект для падрастаючага пакалення стартаваў у 2010 годзе, а ў 2013-м была сфармулявана яго праграма і зацверджана на афіцыйным узроўні. Адначасова ў межах праекта “Зялёныя школы” мы пачалі адкрываць рэсурсныя цэнтры на базе ўстаноў адукацыі. А гэта – новае абсталяванне, дапамога і матывацыя ў даследаваннях, правядзенне семінараў, выданне навукова-метадычнай літаратуры, павышэнне кваліфікацыі педагогаў, арганізацыя клубаў экалагічнага маніторынгу, адпачынак на спецыялізаваных зменах у санаторыях і дзіцячых аздараўленчых лагерах, паездкі па абмене вопытам і шмат іншага. Але ж нам заўжды хацелася далучыць да праекта не толькі школьнікаў, але і самых маленькіх. І ў 2018 годзе мы, нарэшце, здзейснілі задуманае. Спачатку гэта была толькі адна ўстанова дашкольнай адукацыі, якая прадэманстравала цудоўныя вынікі. Таму сёлета мы працягнулі рэалізацыю праекта і адкрылі рэсурсныя цэнтры яшчэ ў пяці дзіцячых садах у розных кутках Беларусі. Цудоўна, што на Гродзеншчыне такім месцам сталі яслі-сад г.п. Мір. Нездарма і наш першы выязны семінар для прадстаўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі прымае гасцінная карэліцкая зямля”.
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Давідовіч запэўніла аўдыторыю, што гэта толькі пачатак рэалізацыі экалагічнага праекта для самых маленькіх: “Вядома, нам хочацца, каб як мага больш дзіцячых садоў далучылася да такой выдатнай ініцыятывы. Чым раней нашы дзеці навучацца з павагай адносіцца да прыроды і берагчы яе, тым больш гарманічнымі і экалагічна граматнымі асобамі вырастуць”.
У сваю чаргу, галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Кухта акцэнтавала ўвагу на тым, што дзеля гэтай вялікай мэты надзвычай важныя якраз такія маштабныя семінары для педагогаў: “Кожны з прысутных тут мае свой унікальны шматгадовы вопыт працы з дзецьмі. Але ж у нас з вамі такая прафесія, што мы ўвесь час вучымся. Упэўнена, праект “Зялёныя школы” ў цэлым і гэты семінар у прыватнасці напоўніць кожнага з нас новымі ведамі і ідэямі, якія знойдуць водгук у нашых выхаванцах і іх бацьках”. З пажаданнямі плённай працы да залы звярнулася і прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Даўгун.
Ад імя мясцовых уладаў калег прывітала начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч: “Адкрыць семінар мы вырашылі ў Мірскім замку – непаўторнай жамчужыне Сярэднявечча. Яго ведаюць ва ўсім свеце, але ў нашым раёне ёсць яшчэ шмат мясцін з багатай гісторыяй і маляўнічай прыродай. Адным словам, мы маем, чым ганарыцца і перадаць у спадчыну наступным пакаленням. Таму так важна, каб нашы нашчадкі з павагай ставіліся да скарбаў сваёй малой радзімы, шанавалі іх і бераглі. І мы рады, што ў праекта “Зялёныя школы” такія ж задачы, разам мы ўжо сёння робім значны крок у будучыню”.
Каштоўнымі парадамі і рэкамендацыямі па арганізацыі ўкаранення і рэалізацыі праекта “Зялёныя школы” на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі з удзельнікамі семінара падзялілася начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ала Семяновіч. Таксама яна прадставіла адпаведную праграму павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў.
Яшчэ адным карысным падарункам для прысутных стала прэзентацыя вучэбна-метадычнага дапаможніка “Праект “Зялёныя школы” ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, праведзеная яго аўтарам – загадчыкам навукова-даследчага сектара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ Аленай Смолер.
Цікавыя напрацоўкі агучылі і яскрава прадэманстравалі прадстаўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі з Мінска, Ліды, Мастоў і Гродна.
Гучнымі апладысментамі і словамі падзякі было адзначана выступленне загадчыка ДУА “Яслі-сад г.п. Мір” Наталлі Купрыенка, дзе кіраўнік установы шчыра падзялілася першымі крокамі ў праекце “Зялёныя школы”: “Толькі ў верасні пачаўся наш шлях у якасці рэсурснага цэнтра. Але новы статус ужо натхніў нас на шматлікія пачынанні. Мы маем экасцяжынку з дзясяткамі станцый, саджаем расліны, праводзім экскурсіі і назіранні, збіраем лекавыя зёлкі, робім натуральныя ўгнаенні з лістоты, займаемся добраўпарадкаваннем крынічкі ля Мірскага замка, наладжваем супрацоўніцтва ў экалагічным кірунку з Карэліцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райспажыўтаварыствам, РУП ЖКГ, Навагрудскім лясніцтвам, замкавым комплексам “Мір” і старэйшымі “калегамі” – рэгіянальным дапаможным цэнтрам па “Зялёных школах” на базе Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа і яго каардынатарам Веранікай Мішуковай. Актыўна да нас далучаюцца і бацькі, бо ў сваёй дзейнасці праз дзіцячыя сэрцы мы імкнемся дастукацца да дарослых. Падчас экскурсіі разам з намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці нашай установы Святланай Петрыман вы, напэўна, звярнулі ўвагу на шматлікія стэнды і інфармацыйныя куткі. Адразу скажу, што яны не толькі для нашых выхаванцаў, але і для тат і мам. Бачыла, што ажыятаж сярод вас выклікала выстава “Экаелачка”. І яе стварылі нашы дзеці разам з бацькамі. Ды і прадстаўлены вам у адной з груп практычны занятак па марской тэме – таксама вынік нашай сумеснай працы. А яшчэ такой дружнай камандай мы любім праводзіць розныя акцыі па зборы макулатуры, пластыку, батарэек і крышачак ад бутэлек. Заўжды адклікаюцца таты нашых хлопчыкаў і дзяўчынак на прапанову з надыходам халадоў зрабіць сталоўкі для птушак. Можна сказаць, што ў нашай установе склалася экалагічная сям’я”.
Пацверджаннем такіх цёплых слоў стала выступленне выхаванцаў установы разам з бацькамі-экаваланцёрамі. Агітбрыгады “Экаляты” і “Берагошы” падарылі ўдзельнікам семінара вершы, танцы, казку ды яшчэ разам з залай заспявалі песні.
Таксама ад установы гасцям уручылі маленькія пакункі з сабранымі ўласнаруч духмянымі зёлкамі. У адказ спецыяліст у вобласці адукацыі праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні” Ірына Клевец падарыла яслям-саду карысныя прылады для вопытаў і назіранняў маленькіх даследчыкаў.
Два дні семінара праляцелі незаўважна і прынеслі ўсім удзельнікам натхненне і надалей працаваць творча і з душой, а яшчэ жаданне абавязкова вярнуцца з новым візітам на Карэліччыну.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара