Адбылася апошняя ў гэтым юбілейным для нашага горада годзе сустрэча “Берасцейскага клубу”
14 снежня 2019 года адбылася апошняя, ў гэтым юбілейным для нашага горада годзе, сустрэча “Берасцейскага клубу”. Гэтыя сустрэчы заўсёды незвычайныя і калі чымсці падобныя, то толькі прывітаннем і знаёмствам, якія сталі ўжо традыцыйнымі, а далей усё непрадказальна.
І той, хто ў гэты вечар завітаў на Скрыпнікава 45 не пашкадаваў, бо знянацку апынуўся на скрыжаванні часу: паміж ХVI і ХХ стагоддзямі. Дзякуючы юнакам-блогерам (іх ролю выконвалі ўдзельнікі аматарскага тэатру пад кіраўніцтвам Наталлі Бачышчы), якія завіталі ў Брэст у пошуках цікавага сюжэту і адказа на пытанне “што можна паглядзець у Брэсце, апрача Брэсцкай крэпасці?” усе прысутныя рушылі ў падарожжа па сучаснаму Брэсту.
Разам з хлопцамі наведалі Брэсцкі краязнаўчы музей, экскурсію па экспазіцыі якога правёў кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі – Андрусь Унучак. Пазнаёміліся з гісторыяй друкавання Берасцейскай Бібліі і перакладу Новага запавету на сучасную беларускую мову. Жадаючы атрымаць інтэрв’ю ў перакладчыка хлапчукі адпраўляюцца на пошукі вуліцы Шырокай і цудоўным чынам трапляюць у 1920 год у госці да жонкі Лукаша Дзекуць-Малея – Серафімы. Пасля гэтага гледачы разам з блогерамі пераносяцца ў ХVI стагоддзе ў Берасцейскую друкарню Мікалая Радзівіла Чорнага і становяцца сведкамі друкавання Берасцейскай Бібліі панам Цыпрыянам Базілікам.
А навошта яе надрукавалі і чаму гэта было так важна ў той час і зараз, растлумачыў беларускі культуролаг, кнігазнаўца, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – Алесь Суша. “Берасцейская Біблія: 30 падстаў для ўшанавання, 30 прычын для вяртання і 30 падказак для гонару”
У гэты вечар кожны прысутны меў магчымасць дакрануцца да гісторыі, перагарнуць старонкі факсімільнай копіі Радзівілаўскай Бібліі – 15 кілаграмовага фаліянта, які акрамя тэкстаў Святога Пісання ўтрымлівае табліцу з планам чытання на кожны дзень на працягу года і прадметны паказальнік з індэксам больш чым 1400 біблійных назваў.
Артэфакты, якія былі прадстаўлены і якія мог патрымаць у руках кожны удзельнік сустрэчы з’яўляюцца сапраўднымі экспанатамі Брэсцкага краязнаўчага музея. Экземпляр першага пераклада Новага запавета Лукаша Дзекуць-Малея на сучасную беларускую мову 1931 года, арыгінальны рукапісны Новы запавет і самвыдатаўская Біблія надрукаваная ў час калі не толькі чытаць, а нават трымаць Святое Пісанне ў доме было забаронена.
Макет малітоўнага дома зроблены Лукашом Дзекуць-Малеем, кубак, якім ён карыстался падчас службы і скрыпка, на якой выконваў хрысціянскія гімны –знаёмяць нас не проста з перакладчыкам, а з рэлігійным і грамадскім дзеячам, эвангельскім прапаведнікам і святаром.