Аднойчы пад Новы год

Источник материала:  
14.12.2019 17:05 — Разное

Зіма пачалася ў нядзелю, тонкім лядком пакрыла лужыны, кінула сціплую жменьку сняжынак на лавачкі ў гарадскім парку. Пакуль пра яе больш нагадваюць навагоднія вітрыны ў магазінах і на кірмашах ды схуднелы каляндар, а яшчэ перадсвяточны пакупніцкі ажыятаж, які традыцыйна пачынаецца разам са снежнем. Патрабуюцца падарункі не толькі для блізкіх, ёсць жыццёвая неабходнасць пачуць і спраўдзіць мары літаральна ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія даверліва адправілі лісты Дзеду Марозу. Марафон дабрачыннасці, ужо традыцыйны і заўсёды па-новаму светлы і душэўны, запрашае дарослых стаць звычайнымі чараўнікамі. Абавязкова станем! Не ўпершыню! «Сонца на далоні» свеціць, саграе, запальвае радасць у вачах папялушак, піратаў, чырвоных шапачак, бурацінаў… «Жаданне з далонькі» – з гэтай жа серыі і гэтага ж прызначэння, ранішнікі з карагодамі, мяхі з падарункамі, любімыя казачныя героі ў госці да дзятвы. Праходзім тэст на сардэчнасць. Выпрабаванне любімым святам на спагаду і дабрыню.

…Усе мы крышачку дзеці. Нават самы заядлы скептык і самы заўзяты матэрыяліст на нейкае імгненне хоць аднойчы, хоць зрэдку не адмаўляе цуда. Тым больш калі ў цуда назва – Новы год. У яго пах хвоі, жывіцы і толькі што ачышчаных мандарынаў. Вы ведаеце, што ў радасці ёсць смак? Смак гэтых вось мандарынаў, шакаладных цукерак і грэцкіх арэхаў, загорнутых у рознакаляровую фольгу. Калі ўсё гэта раскладзена па вазачках, а яшчэ лепш – па даўняй модзе – падвешана на нітках на пушыстыя лапкі, калі запалены святочныя свечкі і гірлянды, а напагатове бенгальскія агні, калі пад ёлкай прыхаваны скруткі з падарункамі, а праз размаляванае дзівосным марозным узорам акно струменіцца чароўнае святло месяца, ну як адмовіць рэальнасць фантастычнага, датыкальнасць міражу, гэтае заўсёднае адзінства супрацьлегласцей?!

Паслухай, жыццё: ты самы вялікі цуд у сусвеце. Такое перапляценне лёсаў, насычанасць прыгажосці, такая палітра эмоцый і канцэнтрат мараў – не ахапіць ні позіркам, ні ўяўленнем. Суцэльнае імкненне – да добрага, да лепшага, да найлепшага. Сутнасць чалавека ў яго адухоўленасці, сэнс існавання – у жыцці, паўнакроўным, сумленным, стваральным.

Хацелася б купацца ў радасці, хацелася б, каб усім і заўсёды было добра. Але ж… Недзе на зямным шары гучаць стрэлы, маўкліва крычаць руіны Пальміры, ёсць жах тэрарызму, і голад, і нястача таксама ёсць. На геаграфічнай карце ўсё гэта далёка ад Беларусі, па жыцці ж праходзіць праз мерыдыян сэрца. Як ні аберагай яго ад болю, яно баліць. Заўсёды ўспамінаю параду выкладчыка журфака: трэба любіць чалавека. Ці не менш любві стала ў нашым жыцці? Мітуслівы век, вар’яцкія хуткасці, безліч спраў, усюды трэба паспець… Няма часу, тлумачым свой заўсёдны бег. А час – ёсць. Гэта адзінае, што ніколі не знікае, не прыпыняецца, не бярэ адпачынку. Учора. Сёння. Заўтра.

Што ёсць жыццё? Імгненне паміж мінулым і будучым, як у песні пяецца. І ў ім – мы, са сваімі асабістымі сюжэтамі і агульнымі памкненнямі.

Што ёсць радасць? Для адных гэта крыклівы скрутак класічных памераў (3350г х 50см), які абвясціў на ўвесь свет сваім пранізлівым «уа»! дагэтуль проста жанчыну – мамай. Для некаторых мяжой жадання з’яўляюцца іншыя параметры – 90-60-90. Для многіх – запаветны студэнцкі білет, для кагосьці – рахунак у банку ці пачак «умоўных адзінак» у слоіку. А для вунь той модніцы радасць у дадзены момант атаясамляецца з флаконам дарагой парфумы, атрыманай у падарунак.

Розныя вымярэнні, розныя падыходы, розныя кропкі адліку. Можна наязджаць на меркантыльнасць, аднак аднымі мроямі жывы не будзеш. Можна іранізаваць над летуценнасцю, але без яе белы колер будзе ўсяго вынікам спалучэння складнікаў спектра, а не непаўторнасцю вясёлкі, якая не толькі расквеціла неба, але і сагрэла душу. А вы хіба не ведаеце, што вясёлка можа сагрэць? Сваёй дасканаласцю і прыгажосцю яна ўздымае тэмпературу душы. 36,6 – гэта норма для цела, а для субстанцыі надматэрыяльнай такі «напал» – сумна і бязліка. Ёй, гэтай субстанцыі, патрэбна полымя пачуццяў, пасьянс эмоцый і безліч сустрэч. З добрымі людзьмі, з матухнай-прыродай, з кожным новым імгненнем жыцця.

У любога з нас ёсць шанц без штучнасці, проста па чароўнай даце на апошнім лістку каляндара адступіцца трошкі ад руціны, ад прызвычаных праблем і занудлівых нястач. Успомнім, што ўсе мы родам з дзяцінства, і значыць, усе мы ў любым узросце крышачку дзеці. Загадаем жаданне, і няхай у ім знойдзецца месца ладу і спагадзе, каханню і вернасці, веры, надзеі, любві. І абавязкова нераўнадушнасці. Дарэчы ўспомніць словы Бруно Ясенскага: «Не бойся ворагаў – у горшым выпадку яны могуць цябе забіць. Не бойся сяброў – у горшым выпадку яны могуць табе здрадзіць. Бойся раўнадушных – яны не забіваюць і не здраджваюць, ды толькі з іх маўклівай згоды існуюць на зямлі здрада і забойства».

Чарговы год на зыходзе. Давайце добрым словам прыгадаем уплывовую акалічнасць нашага жыцця, што надае ўпэўненасць і сілу: чалавек заўсёды сярод людзей, а не сам па сабе; не адзін з натоўпу, а асоба сярод асоб. Чалавечнасць – гэта ручаёк, якім сілкуецца людскасць, дабро і міласэрнасць. Няхай жа ў наступным годзе эра міласэрнасці і дабрыні, прыгожых думак і стваральных спраў абвесціць нераўнадушнасць каштоўнасцю назаўсёды. Мір нашаму дому.

Вольга Барадзіна

(Visited 9 times, 9 visits today)

←Хоккейная команда Президента победила гродненцев в матче любительского турнира

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика