Амелянец. Гэта не канец
Лёс школы вырашалі 9 снежня падчас сустрэчы мясцовай улады з жыхарамі вёскі
Актавая зала Амелянецкага сельскага Дома культуры ў гэты дзень поўнілася людзьмі. Відавочна, пытанне закрыцця ці незакрыцця мясцовай школы закранула ўсіх і кожнага.
Сход меўся адбыцца з той прычыны, што ў райвыканкам, аблвыканкам і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паступіў калектыўны зварот грамадзян за 37 подпісамі. Акрамя таго, аналагічная петыцыя была змешчана і ў інтэрнэце, дзе сабрала (на 10.12.2019 г.) без малога 1900 подпісаў. Пра сітуацыю з Амелянецкай школай пісалі і гаварылі многія сродкі масавай інфармацыі (“НК” у тым ліку), і такі шырокі інтарэс да закранутай праблемы не мог не прывесці да асабістай сустрэчы зацікаўленых бакоў з мэтаю пошуку кампрамісу.
На сустрэчы прысутнічалі жыхары Амелянца розных узростаў (у тым ліку старэйшыя школьнікі), прадстаўнікі мясцовай улады (старшыня райвыканкама Валянцін Зайчук; начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Віктар Грыцук; намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак; дырэктар ААТ “АграНіва” Віктар Бобр і старшыня Вярховіцкага сельвыканкама Генадзій Сашко) і зацікаўленых службаў (райаддзела МНС і райЦГЭ), а таксама – прадстаўнікі СМІ, у тым ліку і польскіх, што не маюць акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь, і іншыя зацікаўленыя асобы.
Перш-наперш Генадзій Сашко агучыў згаданую вышэй петыцыю, пасля чаго слова ўзяў Валянцін Зайчук.
– Правільна сказана ў звароце: магчымасць закрыцця школы мы абмяркоўваем, – заўважыў ён. – Ніякага рашэння аб закрыцці не прымалася. Пытанне вывучаецца ўсебакова, каб прыняць узважанае рашэнне, як нам быць далей. Ёсць некалькі варыянтаў: ці зрабіць вашу школу базавай, ці пакінуць толькі дзіцячы сад-пачатковую школу, якая знаходзіцца ў памяшканні 1981 года пабудовы з водазабеспячэннем і двума санітарнымі пакоямі з гарачай вадой (у адрозненне ад будынка, дзе вучацца старшакласнікі)… Але, напэўна, самае галоўнае тое, што рашэнне, якое мы павінны прыняць, залежыць ад колькасці вучняў. Калі б захоўваўся іх кантынгент, пытанне, безумоўна, не стаяла б. Думалі б над іншым: як вырашыць бытавыя праблемы?
Старшыня райвыканкама прывёў у якасці прыклада нядаўняе закрыццё 2-х малакамплектных школ, калі ніводная скарга ад бацькоў не паступіла, а дзеці задаволеныя тымі ўмовамі, якія ім стварылі, па падвозе, у першую чаргу.
– Мы выслухаем вашы меркаванні, – паабяцаў выступоўца, – ніякіх неабдуманых рашэнняў не будзе. Гатовы адказваць на пытанні: і тых, хто падпісаў зварот на паперы, і тых, хто – у інтэрнэце. Калі б яшчэ хоць адзін з апошніх сюды пераехаў, дзяцей прывёз, мы б і работу яму пастараліся знайсці, і жыллё, і школа засталася б.
Наступным да ўсіх прысутных звярнуўся настаўнік геаграфіі і фізкультуры Амелянецкай СШ Павел Кендысь, апісаўшы ў храналагічнай паслядоўнасці ўсе папярэднія падзеі.
– У кастрычніку адбыўся сход, на якім дырэктар паведаміў, што ў будучым навучальным годзе школу, хутчэй за ўсё, закрыюць. Былі названыя прычыны: адсутнасць туалета, гарачай праточнай вады, спартыўнай залы і тое, што школа драўляная, пажаранебяспечная. Ведаю, што на пачатку 90-х быў праект па будаўніцтве гэтай залы, быў фундамент, ёсць звесткі, што і будаўнічыя матэрыялы былі. Куды зала потым падзелася, ніхто не ведае. Мы вырашылі скласці петыцыю, у якой агаварылі названыя прычыны і лічым іх недарэчнымі, бо за апошнія 25 гадоў сродкі на рамонт школы, капітальны і бягучы, дзяржава не выдзяляла, усё рабілася сіламі калектыву настаўнікаў, дырэктара, бацькоў.
Павел Уладзіміравіч агучыў і сваё меркаванне наконт таго, што лічыць сапраўднай прычынай закрыцця школы:
– За 18 кіламетраў ад нас ёсць вёска Пагранічная, там стаіць такая ж малакамплектная школа, як наша. 57 вучняў, толькі 15 – дзеці ўласна з Пагранічнай. У гэту школу на працягу некалькіх гадоў укладваліся вялікія грошы. Хутчэй за ўсё, гэта сродкі рэспубліканскага бюджэту. І таму зараз паўстала пытанне запаўнення гэтай школы, бо дзетак там мала, а яна вялікая, 2-павярховая, са спартзалай. Лічу, што нашу школу закрываюць з мэтай запоўніць школу ў Пагранічнай. З маім меркаваннем пагодзяцца іншыя. Далей такі ж лёс будзе чакаць і Каленкавічы. А чаму выбралі школу ў Пагранічнай, на перыферыі раёна? Чым яна лепшая? Такая ж неперспектыўная, як наша, там няма дзяцей. То ці не варта закрыць яе, вазіць дзяцей у Амелянец, зрабіць капітальны рамонт, туалет?
Павел Кендысь спыніўся таксама і на беларускамоўнасці школы: “Закрываюцца апошнія астраўкі беларускамоўнай адукацыі. Гэта не ганьба?”
Сваё выступленне настаўнік завяршыў пытаннем: чаму за 25 гадоў школа ў Амелянцы так і не дачакалася ні капітальнага, ні бягучага рамонту, на якое было прапанавана адказаць Мікалаю Кендысю, які з 1993 года ўзначальвае гэту ўстанову адукацыі.
Мікалай Мікалаевіч пералічыў моманты з гісторыі школы, калі на яе выдаткоўваліся сродкі з бюджэту. Гэта – і будаўніцтва ўласнай кацельні ў 2000-м, і набыццё першага ў раёне аўтобуса “Газель” у 2004-м (падарунак Прэзідэнта), а потым новага аўтобуса, якому 3 гады…
– На рамонт толькі аднойчы за ўвесь час існавання школы дабравольна збіралі грошы – на фарбу. Больш ніхто не збіраў і не будзе збіраць. Дзеці ўсе ў школе харчуюцца бясплатна. Мы здаём шмат металалому і макулатуры. За кошт гэтага і праводзім бягучыя рамонты. Канешне, вялікія мы не пацягнем, але ўсё астатняе маглі і рабілі за свой кошт.
Што ж датычыцца спартыўнай залы, то існавала дамова паміж папярэднікам Мікалая Кендыся і старшынёй колішняга калгаса “Савецкая Беларусія” Уладзімірам Бядулем аб перавозе сюды будынка старой школы з Пагранічнай, якая мусіла стаць асновай залы для заняткаў спортам, быў і фундамент. Але пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. На тым фундаменце зроблены склад для торфабрыкету.
Адказваючы на пытанне аб перспектывах навучальнай установы на наступныя тры гады, дырэктар зазначыў, што ў наступным годзе ў школу павінны прыйсці 6 вучняў, у 2021-м – 4, у 2022-м – 4, пазней чакаецца спад.
Было закранута таксама і пытанне сацыялізацыі дзяцей. Меркаванні тут разышліся. “Вучняў у нас у класе 2-3, – падкрэсліў Мікалай Кендысь. – З кім ім зносіны падтрымліваць? Заводзіць сяброўства? Будаваць сям’ю?”
На гэта адказала настаўніца рускай мовы і літаратуры Амелянецкай СШ Вера Філосаф:
– Сацыялізацыя можа праходзіць і па-за школай, у іншых месцах. А ў школу вучні павінны прыходзіць вучыцца. Да нас, напрыклад, прыйшоў вучань з вялізнай брэсцкай школы і знайшоў падтрымку, кажа: “Мне тут цікава. Можна выказацца”. Сацыялізавацца можна і ў маленькім класе. У вялікіх школах для такіх простых вучняў, як нашы сельскія, нічога не будзе рабіцца.
Вера Мікалаеўна занепакоена таксама і тым, што дзецям, якія вучацца на беларускай мове і на апошні год мусяць пераходзіць на рускую, будзе няпроста. Тым больш, калі гэтыя вучні хочуць паступаць ва ўніверсітэты.
– Дзе лепшыя веды: у вялікім ці ў маленькім класе? – разважае настаўніца. – Калі вучань з гарадской школы ідзе да рэпетытара. Спытайце ў нашых дзяцей: хто з іх ходзіць да рэпетытара? А паступаюць у розныя ўніверсітэты!
Тут да дыскусіі далучыліся вучні 9-11 класаў, якія адзінагалосна выказаліся за беларускамоўнае навучанне.
Прагучала некалькі пытанняў з залы. Яны тычыліся ранняга пад’ёму дзяцей, каб дабрацца да школы ці садка; масавага пераезду мнагадзетных сем’яў у горад і крэдытавання пабудовы жылля ў вёсцы…
На заканчэнне Віктар Грыцук прыгадаў мінулы свой вопыт, падчас якога давялося закрыць нямала ўстаноў адукацыі (і не таму, што там былі дрэнныя людзі), і парадаваўся таму, як вяскоўцы адстойваюць пазіцыю сваёй школы.
– Ніхто не ставіў задачу сёння на Амелянцы паставіць крыж, – падкрэсліў ён. – Можна сабраць дакументацыю, пабудаваць новую школу. Але каму? Хіба гэта па-дзяржаўнаму? Укласці бюджэтныя сродкі і замарозіць? Я так не лічу. Маё меркаванне: патрэбна пакінуць тут пачатковую школу-сад.
А Валянцін Зайчук завяршыў сустрэчу словамі:
– Усе хочуць, каб школа працавала. Наша задача – прадумаць варыянты, каб адпавядаць усім нормам. Сустрэнемся яшчэ раз. Вы будзеце ў курсе. Мы пачулі адно аднаго.
Застаецца спадзявацца, што абраны ў рэшце рэшт варыянт задаволіць усіх.
Настасся НАРЭЙКА.
P. S. Госці з іншых гарадоў пасля сустрэчы раз’едуцца па дамах, а праблемы застануцца і іх павінны будуць рашаць мясцовыя ўлада і жыхары.