Сумленная работа і добразычлівыя адносіны паміж сям’ёй і школай абавязкова дадуць станоўчыя вынікі.
Напрыканцы лістапада ў ДУА “Драчкаўскі НПК дзіцячы сад — сярэдняя школа” адбыўся агульнашкольны бацькоўскі сход на тэму “Прафілактыка негатыўных звычак у падлеткавым узросце”.
Прывітаўшы ўсіх прысутных, дырэктар школы Таццяна Антонаўна Каляда адзначыла, што праблема з ужываннем алкаголю, тытунёвых вырабаў, ужывання і распаўсюджвання наркотыкаў, асабліва моладдзю, з’яўляецца актуальнай у многіх краінах свету. У нашай краіне гэта праблема вырашаецца на самым высокім узроўні, і прымаюцца самыя дзейсныя меры па спыненню ўвозу, распаўсюджванню і ўжыванню наркатычных сродкаў. У сваім дакладзе дырэктар падкрэсліла, што страшнейшых ворагаў, чым алкаголь, тытунь, наркотыкі, — няма. Яна адзначыла, што сённяшнія масавыя захворванні — алкагалізм, табакакурэнне, наркаманія — мы адносім да сацыяльных захворванняў. Для іх узнікнення і распаўсюджвання неабходна сацыяльна-псіхалагічная аснова, умовы і механізмы, якія абмяжоўваюць жыццё чалавека як свабоднай, творчай асобы. У развіцці хвароб значную ролю адыгрываюць і біялагічныя перадумовы, якія ўскладняюць адаптацыю чалавека да прыродных і сацыяльных рытмаў жыцця: прыродная спадчына, узровень здароўя, перанесеныя хваробы і г.д. Далей Таццяна Антонаўна адзначыла, што ў сённяшні час інфармацыя пра шкоднасць ужывання алкаголю, тытуню, наркатычных сродкаў вядома ўсім, але не ўсе могуць ім супрацьстаяць, не ва ўсіх атрымоўваецца пазбегнуць такіх цяжкіх хвароб, таму вельмі важна папярэдзіць захворванне. А як гэта зрабіць? Якую работу трэба праводзіць, каб бяда не прыйшла ў дом? Адказаць на гэта пытанне не так проста. Хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Прафілактычная работа па прадухіленню шкодных звычак і наркаманіі будзе прадуктыўнай толькі тады, калі бацькі і школа будуць сумесна працаваць у гэтым накірунку. Такую думку дырэктара падтрымалі і бацькі.
Далей з інфармацыяй пра наступствы ўжывання наркотыкаў, тытуню і алкаголю выступіла сацыяльны педагог Т.К. Балакірава. Яна азнаёміла прысутных з адміністратыўнай і крымінальнай адказнасцю за незаконны збыт і захоўванне наркатычных сродкаў.
Пасля выступлення сацыяльнага педагога ўвазе бацькоў былі прапанаваны тры відэаролікі з матэрыяламі РЦПД па прадухіленню і наступствах алкагалізму, курэння і прыёму наркотыкаў.
Жахлівыя кадры фільмаў не пакінулі бацькоў абыякавымі да праблем 21-га стагоддзя. Кожны з прысутных задумаўся над тым, як трэба выхоўваць сваіх дзяцей, як адвесці бяду, чым заняць падлеткаў, каб інтарэсы іх былі накіраваны на рэалізацыю сваіх здольнасцей у спорце, музыцы, творчасці, навукова-даследчай рабоце.
Абмеркаванне з бацькамі і настаўнікамі праблем па барацьбе са шкоднымі звычкамі працягнула класны кіраўнік 5-га класа. Яна адзначыла, што сучасны чалавек павінен умець дасягаць глыбокіх ступеняў псіхафізічнай і эмацыянальнай рэлаксацыі, умець супрацьстаяць стрэсавым сітуацыям. Пры гэтым, вельмі важна ўлічваць асаблівасці паводзін дзяцей у залежнасці ад узросту.
Назіранні паказваюць, што пакуль дзіця яшчэ дзіця, пакуль у яго дзіцячыя інтарэсы, малое не цікавіцца алкаголем, табаком і наркотыкамі. Нават калі здарыцца, што дзіця пакаштуе алкаголь або табак, то ў яго гэта не вызаве адчуванне цягі, а наадварот — адчуванне незадаволення ад шкодных рэчываў. Аднак, як толькі чалавек уступае ва ўзрост 12—18 гадоў, у яго можа з’явіцца паталагічная зацікаўленасць да алкагольных напояў, цыгарэт і рэчываў наркатычнага дзеяння. Узрост ад 12 да 18 гадоў, з пункту гледжання сучаснай псіхалогіі, педагогікі і медыцыны, — гэта самы складаны перыяд у жыцці чалавека. У гэтым узросце ідзе актыўнае фарміраванне асобы, адбываюцца гарманальныя змяненні ў арганізме, пры гэтым учынкі падросткаў могуць быць супярэчлівымі, погляды адрознівацца непаслядоўнасцю. У гэты цяжкі ўзроставы перыяд вельмі важна накіраваць дзейнасць падлетка ў патрэбнае русла — інакш, калі ён нічым не будзе заняты, то можа лішак сваёй энергіі накіраваць не ў тым напрамку і стаць ахвярай алкаголю, тытуню, наркотыкаў.
Ад паводзін падлеткаў у гэты ўзроставы перыяд можа залежыць ўсё яго далейшае жыццё.
Напрыканцы бацькоўскага сходу дырэктар прапанавала бацькам дзесяць парад, дзякуючы якім можна прадухіліць бяду. Усім сабраўшымся бацькам, калегам Таццяна Антонаўна пажадала моцнага здароўя і быць прыкладам для дзяцей у сваіх паводзінах, весці здаровы лад жыцця і адзначыла, што своечасова праведзеная прафілактычная работа па прадухіленню ўжывання алкаголю, тытуню і наркотыкаў, інфармаванне дзяцей пра наступствы шкодных звычак — залог здороўя маладога пакалення, залог нашай будучыні.
Вольга ДАМАРОНАК, настаўнік Драчкаўскага НПК.
На здымку: падчас бацькоўскага сходу ў Драчкаўскім НПК.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.