З надыходам халадоў колькасць вогненных здарэнняў прыкметна ўзрастае. Як сведчыць раённая статыстыка, у чацвёртым квартале 2018 года адбылося 13 узгаранняў, на якіх загінулі двое карэліччан. У апошнім квартале бягучага года выратавальнікі-пажарныя 7 разоў выязджалі на тушэнне пажараў. На жаль, не стала дваіх гаспадароў згарэўшага жылля.
— Пажары пераважаюць у жылым сектары, бо людзі ў халодную пару года больш знаходзяцца дома, — на пазачарговым выязным пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама расказвае начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік. — Пячное, электрычнае, награвальнае абсталяванне выкарыстоўваецца даўжэй і не заўсёды правільна. Але прычына большай часткі вогненных здарэнняў трывіяльная — неасцярожнае абыходжанне з агнём. Чалавек прылёг, закурыў і заснуў, а перад гэтым прыняў добрую долю алкаголю. Недакурак вывальваецца з аслабелых рук і падпальвае спачатку ложак, а потым і жыллё. У лепшым выпадку неабачлівага гаспадара дома разбудзіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, а калі, напрыклад, села батарэйка або апавяшчальніка ўвогуле няма? Тады спадзявацца трэба толькі на суседзяў або выпадковых мінакоў, якіх у вёсцы, а тым больш ноччу, не так і шмат.
Такую рызыкоўную гульню з лёсам распачаў 24 лістапада 64-гадовы жыхар вёскі Малая Вобрына. Вечарам разам з жонкай яны “грэліся” спіртным, а раніцаю з-за выпаўшай цыгарэты ў ложку пачаўся пажар. Мужчына трагічна загінуў, яго жонцы, на шчасце, удалося выратавацца. Чарговая трагедыя адбылася 3 снежня ў 5 гадзін раніцы ў вёсцы Трашчычы. І зноў усё як пад капірку. Пры тушэнні пажара байцы МНС на падлозе згарэўшага дома знайшлі яго 48-гадовага гаспадара мёртвым. Суседзі паведамілі, што мужчына жыў адзін, курыў у памяшканні, да таго ж любіў выпіць.
І мясцовая ўлада, і выратавальнікі-пажарныя клапоцяцца пра тое, каб вогненных здарэнняў і непапраўных трагедый станавілася як мага менш. Толькі ў 2019 годзе назіральныя камісіі, якія працуюць у раёне кожны тыдзень, абследавалі амаль 4 тысячы домаўладанняў, у тым ліку 43 сям’і, у якіх дзеці выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Асаблівая ўвага — адзінокім пажылым людзям, людзям з інваліднасцю, шматдзетным сем’ям. Гаспадарам дамоў расказваюць, як правільна карыстацца агнём і электрычнасцю, правяраюць стан печаў, электраправодкі, газавых пліт. У выніку такой работы адрамантаваны печы ў 45 дамах, электраправодка — у 24. Устаноўлена 185 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамах пажылых грамадзян і людзей з інваліднасцю, а таксама 16 апавяшчальнікаў з вывадам сігналу на знешняе света-гукавое ўстройства. Усяго ў бягучым годзе на рэалізацыю супрацьпажарных мерапрыемстваў затрачана 10 тысяч рублёў.
Дастукацца да свядомасці людзей спрабуюць праз сельскія сходы і сустрэчы ў працоўных калектывах, якіх праведзена ў гэтым годзе 115 і 221 адпаведна. У дапамогу выратавальнікам-пажарным праводзяцца прафілактычныя акцыі, не менш за 10 на год. Але пры гэтым па-ранейшаму некаторыя грамадзяне працягваюць выпрабоўваць лёс і гуляць з ім у азартныя гульні, стаўка ў якіх занадта высокая — уласнае жыццё.
Іна ЛЕЙКА