Амелянец раптам атрымаў “вядомасць”… Ды яшчэ і з “палітычным ухілам”

Источник материала:  
29.11.2019 12:45 — Разное
>

Апошнім часам сацыяльныя інтэрнэт-сеткі запаланілі сюжэты аб нібыта маючым адбыцца закрыцці сярэдняй школы ў Амелянцы. Зразумела, што падобная дзея ў любой вёсцы выклікае значны рэзананс. Але ж тое, што Амелянецкая СШ можа стаць наступным “прэтэндэнтам” на закрыццё, – зусім і не навіна: чуткі-здагадкі наконт гэтага ўжо не адзін год ходзяць у наваколлі. Аднак дырэктар школы Мікалай Кендысь сцвярджае, што ніякія рашэнні ў адносінах яе не прымаліся.

Ніхто ў сяле і не хоча верыць, што яны будуць прыняты, хоць і ад рэалій не адмахнешся: дзяцей у тутэйшых вёсках з кожным годам, на жаль, усё менш. Цяпер у Амелянецкай СШ займаецца 51 школьнік. Нядаўна некалькі маладых сем’яў пераехалі ў горад, дзе атрымалі жыллё паводле дзяржпраграмы падтрымкі шматдзетных. Людзям дадзе­на свабода выбару – яны яго зрабілі.

Аднак “сенсацыйны” акцэнт у інтэрнэт-публікацыях ро­біцца на тым, што закрываць збіраюцца апошнюю беларускамоўную школу на Камянеч­чыне. Аб тым, што ў раёне та­кая ёсць, многія з нашых чытачоў зараз даведваюцца на­пэўна ўпершыню, як і пра тое, што Каленкавіцкая базавая – таксама беларускамоўная. На справе – нічога дзіўнага, бо і беларуская, і руская мовы – дзяржаўныя. Бацькам, якія жадаюць, каб дзеці навучаліся на беларускай мове, дастаткова  звярнуцца ў аддзел адукацыі з заявамі – і тую просьбу разгледзяць і задаволяць, калі колькасць жадаючых будзе адпаведнай.

Прадузятасць выказван­няў у інтэрнэт-сеціве даты­чыць менавіта надуманага бо­ку моўнай праб­лемы, а не толь­кі сацыяльнага аспекта. Складваецца ўражанне, што некаму вельмі не хапала “хайпу” ва ўласных пуб­лікацыях у ін­тэрнэт-прас­то­ры, а тут такі “па­дарунак”: дэмаграфічнай праб­леме вёскі, аб чым даўно гаворыцца ўслых (і Беларусь у тым не адзіная) аўтары інтэрнэт-публікацый надалі палі­тычную падаплёку – прыгнятанне беларускай мовы. У вёс­цы неадкладна з’я­віліся карэс­пандэнты Тut. by і польскага “Радыё Рацыя” (апош­няе – не маючы акрэдытацыі Мініс­тэр­ства замежных спраў нашай краіны як замежны СМІ).

Інтэрнэт-петыцыя з заклікам “зберагчы адзіную беларускамоўную сярэднюю шко­лу ў Камянецкім раёне” саб­рала ўжо больш за 1 тысячу галасоў. З’яўляецца неадольнае жаданне папрасіць гэтых людзей, калі яны ведаюць, дзе знаходзіцца Амелянец: пры­язджайце, асталёўвайцеся ў гэтай прыгожай мясціне, ва­шых дзяцей з радасцю возь­муць у тутэйшую школу, а вас працаўладкуюць. Прадмет сён­няшняй дыскусіі ўвогуле знік­не. А можна і па-другому: па месцы свайго жыхарства, дзе вучацца вашы дзеці, аб’явіце збор заяў ахвотных вучыцца ў беларускамоўнай школе. Гэ­та і стане рэальным укладам у справу беларушчыны, асаблі­ва, калі вынік будзе станоў­чым, ды і вучняў у класах не чацвёра.

Немагчыма  не пагадзіцца з сацыяльным аспектам праб­лемы, бо школа ў невялікай вёсцы – каштоўны цэнтр не толькі адукацыі і культуры. Вяскоўцы кажуць: калі бачыш, як дзеці раніцай у школу ідуць, на душы радасць – жыве, зна­чыць, вёска.

– Трое маіх дзяцей ходзяць у гэту школу, – гаворыць Аксана Арышчук, сям’я якой жы­ве ў Дубраўцах. – Удзячная настаўнікам, бо веды добрыя даюць, дзеці ніколі не скардзяцца, што нечага на ўроку не зразумелі, самі рыхтуюць заданні. Што датычыць ні­бы­та закрыцця школы і беларускай мовы, дык адназначна мо­ва тут ні пры чым. На якой бы мове ні вялося выкладанне, аднак, калі класы паў­пус­тыя… Але ж хай бы школа ў вёсцы была.

Амелянец быў цэнтрам кал­гаса – тут было нямала маладых сем’яў. Наш былы кал­гас цяпер у складзе “Агра­Ні­вы”. Недалёка ад вёскі будуецца сучасная малочнатавар­ная ферма, а гэта рабочыя месцы. Магчыма, і маладыя сем’і з дзецьмі зноў з’явяцца; дзяржава добра падтрымлівае іх. Не ўсе ў горад хочуць з’ехаць. У нас хораша, лес, мно­гія з вяскоўцаў працуюць у ляс­ніцтве. Без школы ў вёсцы стане сумна…

Ганна Тарасюк, таксама шматдзетная маці, дадае:

– Я з Брэста, муж адсюль. Будуем дом у Сіпурцы. Нікуды не збіраемся ехаць з вёскі. На наступны год ужо трое школьнікаў у нас будзе. Школа на значнай адлегласці – лішнія перажыванні. Хачу верыць, што наша школка будзе жыць, што дзеці тут не перавядуцца. Я сама ў такой жа школе на ўс­краіне Брэста вучылася, са зруч­насцямі на вуліцы. У 21-м стагоддзі для школы гэта сапраўды нонсэнс. Але, можа, тая ж “АграНіва” дапамагла б вы­рашыць праблему…

Вольга Вольф, дзеці якой вучыліся ў гэтай школе, не за­стаецца раўнадушнай да гаворкі:

– Разумею, што дзяцей цяпер мала. Шматдзетныя сем’і атрымліваюць жыллё ў Каменцы і Высокім. Яшчэ дзве та­кія сям’і збіраюцца выязджаць. І калі ў сярэдняй школе застанецца 40 ці 35 вучняў, дык вы­нік вядомы. Тады, хутчэй за ўсё, у  Пагранічную будуць вазіць школьнікаў: дарога выдатная, аўтобус ёсць, а школа там – сучасная.

У такім разе галоўнае ўжо, каб будынак нашай школы ў Амелянцы  не пуставаў сіра­той без толку, а каб быў ка­рысным у іншай добрай справе, каб тут таксама працавалі людзі…

Мікалай Кендысь, дырэктар Амелянецкай СШ, тлума­чыць:

– Чуткі пачалі множыцца пасля небезвядомай публікацыі ў інтэрнэце. На самой спра­ве разумеем, што пры такім значным скарачэнні колькас­ці дзяцей у вёсцы школу нека­лі, хутчэй за ўсё, прыйдзецца закрываць. І, вядома, лепш за­раней абдумаць, як і ў якую на­вучальную ўстанову наладзіць падвоз дзяцей, як размеркаваць настаўнікаў, і іншае. Бацькам, зразумела, лепш, калі дзеці вучацца побач. Але гэтая нечаканая дыскусія выявіла і іншыя меркаванні…

Святлана Булах, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, выказалася больш канкрэтна:

Што датычыць будынка школы, дык тут неабходны капітальны рамонт усіх памяшканняў, зношана школьная мэбля, адсутнічае праточная гарачая вада, няма ўнутранага санвузла

Віктар Грыцук, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, – самы нешматслоўны:

– Не будзе дзяцей – не будзе і школы.

Цяпер тут займаецца 51 ву­чань. Прычым пачаткоўцы – 24 школьнікі – вучацца ў бу­дынку дзіцячага садка; 27 вуч­няў 5 – 11 класаў – у школь­ным будынку немаладога ўзросту.  Паводле аптымістычных падлікаў, наступны навучальны год у школе сустрэ­нуць каля 40 вучняў. Тут працуюць 24 настаўнікі і тэхнічныя работнікі.

* * *

Амелянец і яго ваколіцы не­чакана апынуліся ў цэнтры дыскусій, выкліканых чутка­мі. Іх “актывізацыі” садзейнічалі, магчыма, і супрацоўнікі школы, якія ўжо не адзін год жывуць зразумелай трывогай: а ці прыйдуць дзеці сюды ў наступным верасні, ці не бу­дзе страчана працоўнае мес­ца, хоць і наступнае працаўлад­каванне гарантавана, але, вя­до­ма, на адлегласці.  Зарпла­ты ў большасці прыстойныя, вышэй, чым у гарадскіх школах, за кошт “вясковых” надбавак.

Так, афіцыйнага рашэння аб закрыцці сярэдняй школы ў Амелянца не бы­ло. Калі ж такі “пункт” у планах райвы­канкама з’явіцца, дык на­пэўна з бацькамі і педагогамі будуць абмяркоўвацца ўсе на­спе­лыя пытанні. Трэба даць людзям тлумачэнні, выслухаць і зра­зумець іх прапановы. Ра­шэнне аб закрыцці школы грун­туецца на аргументах, што свед­чаць аб немэтазгоднасці далейшага існавання яе. Бо не толькі з мэтай эканоміі бюд­жэтных сродкаў закрываюць малакамплектныя вясковыя школы – ёсць намер вучыць дзяцей у добра абсталява­ных сучасных, ва ўмовах канку­рэнцыі між вучнямі ў іх імкненні да ведаў. У класе, дзе тры-чатыры школьнікі, такое наўрад ці магчыма.

Галіна НОВІК

 

←В Минске выступил еще один запрещенный ранее рэпер. С БЧБ-флагом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика