Нігерыец хацеў паступіць у БДУІР па фальшывым пашпарце
28.11.2019 18:03
—
Разное

gpk.gov.by
Замежніка з падробленым пашпартам затрымалі памежнікі ў мінскім аэрапорце, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Мужчына прыляцеў у Беларусь са Стамбула ўвечары 27 лістапада. Памежнікам ён падаў сенегальскі пашпарт, які выклікаў сумневы ў беларусаў. У дакуменце было пазначана, што замежніку 25 гадоў, а выглядаў ён значна старэйшым. Праверка паказала, што пашпарт падроблены.
Падчас разбору мужчына прызнаўся, што насамрэч ён 37-гадовы грамадзянін Нігерыі. У Беларусь ён прыехаў, каб паступіць у БДУІР. А фальшывы дакумент скарыстаў, бо баяўся, што яго не возьмуць ва ўніверсітэт па ўзросце.
На замежніка склалі пратакол за парушэнне мяжы. Да высвятлення асобы яго змясцілі ў ІЧУ.