У дзіцячым садку № 3 г. Смалявічы адбылося сапраўднае свята роднай мовы — “Беларускія пасядзелкі”. Сярод прысутных на мерапрыемстве — выхавацелі, бацькі, загадчык установы адукацыі, госці і, канешне, маленькія “рамонкі” разам са сваёй Наталляй Мікалаеўнай Зяленскай.

У прыгожа ўбранай музычнай зале — цёпла і весела. Наталля Мікалаеўна разам са сваімі памочнікамі надала зале каларытны выгляд беларускай сялянскай хаты. А якія прыбраныя хлопчыкі і дзяўчынкі завіталі на пасядзелкі! Сапраўдныя беларусы: у белых кашулях-вышыванках, у чорных спаднічках і шорціках. Ды і сама Наталля Мікалаеўна вяглядала па-святочнаму ў беларускім нацыянальным адзенні.

Беларускія пасядзелкі ў дзіцячым садку

Малыя падчас гульняў, песень і танцаў прадэманстравалі прысутным, як яны ведаюць беларускую мову, традыцыі продкаў. А ведаюць, запэўніваю вас, добра: усё ў іх атрымалася! З задавальненнем малыя гулялі ў “Гарлачык”, дэкламавалі вершы, чыталі прыказкі і прымаўкі, спявалі — і ўсё гэта на роднай мове. Добра разумелі маленькія беларусы і сваю выхавацельку, і адзін аднаго.

Вельмі спадабалася гасцям свята ўключыцца ў мерапрыемства і разам з яго вядучай і яе госцейкамі (матулі выхаванцаў пераапрануліся ў добрых і руплівых гаспадынь-суседак і падаравалі шмат пазітыву і гасцям, і малым) адгадваць загадкі, слухаць беларускія песні і, канечне, мову, якая была, на мой погляд, галоўнай гераіняй сустрэчы.

Беларускія пасядзелкі ў дзіцячым садку

Напрыканцы свята ўсе адзначылі: добра, калі гучыць сярод маленькіх і дарослых родная мова, калі ёсць магчымасць узгадаць нацыянальныя звычаі і традыцыі, згуляць у беларускія гульні і паслухаць мілагучныя песні на роднай мове.

Развітваліся, шчыра дзякуючы Наталлі Мікалаеўне і яе маленькім “рамонкам” за сапраўднае свята роднай мовы!

Беларускія пасядзелкі ў дзіцячым садку

Наталля Мікалаеўна вельмі ўдзячна сваім памочніцам: матулям выхаванцаў Ірыне Загародняй, Кацярыне Качан, Юліі Якавенка, Алене Траскоўскай і музычнаму кіраўніку дзіцяга садка Дзіне Аляксандраўне Гармацюк.

Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ.

На здымках: вось такія “Беларускія пасядзелкі” адбыліся ў дзіцячым садку №3 г. Смалявічы.

Фота аўтара.