Вынік прэзідэнцкай нарады па АПК Віцебскай вобласці: ніякіх надбудоў і магчымасць прыватызацыі

Источник материала:  
26.11.2019 — Разное

Вынік прэзідэнцкай нарады па АПК Віцебскай вобласці: ніякіх надбудоў і магчымасць прыватызацыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці, дзе цяпер існуе шэраг істотных праблем. Прапаноўвалася стварыць у вобласці супербуйны холдынг, аднак кіраўнік дзяржавы запатрабаваў «ісці ад зямлі» і разумна развіваць ужо існуючыя інтэграцыйныя структуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся вынікамі работы ўжо існуючых у вобласці холдынгаў у аграрнай сферы, аднак шмат у чым размова датычылася менавіта вырашэння даўгавой праблемы. Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу звязвае гэта з бязладным падыходам. «Слухайце маё рашэнне: холдынгі, якія вы стварылі, будуць існаваць. Я не супраць, што будзеце пашыраць іх тэрытарыяльна за кошт гаспадарак. Гаспадаркі гэтыя захоўваюць сваю эканамічную плацежаздольнасць. Больш атрымаў — тваё, менш — нічога не будзе. Арганізацыйна, дысцыплінарна, хоць у турму іх саджай — тых, хто дрэнна працуюць. Па даўгах вырашым пытанне. Вышэй за іх (існуючыя інтэграцыйныя структуры-холдынгі. — Заўвага БЕЛТА) ніякіх надбудоў не будзе. На гэтым этапе нічога не будзе», — падкрэсліў Прэзідэнт. «Ніякіх надбудоў. Што датычыцца даўгоў і іншага, калі нават мы іх адтэрмінуем, але кожны год кроўю і потам вы будзеце зарабляць грошы і дакладваць аб якім-небудзь прыросце. Гэта датычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей, і іншых. Дурніцы, мужыкі, больш не будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць прыватызацыі і продажу інвестарам тых гаспадарак, якія не могуць самастойна эфектыўна працаваць. «Трэба ўвесці прыватызацыю гэтых гаспадарак. Не хочуць працаваць у такой форме, трэба адкрыць прыватызацыю. Спіс складзіце і на сайце вывесіце. Можа, прыйдзе які-небудзь інвестар і дасць нейкую капейку», — сказаў беларускі лідар. «Але за ўсё адказныя перш за ўсё кіраўнікі гаспадарак і старшыні райвыканкамаў. Да новага года, Уладзімір Андрэевіч (віцэ-прэм’ер Уладзімір Дворнік. — Заўвага БЕЛТА), з губернатарам садзіцеся, і Анфімаў, памочнік (па Віцебскай вобласці. — Заўвага БЕЛТА), вырашыце ўсе кадравыя пытанні па гэтых інтэграцыйных структурах. Думаю, што нам трэба будзе сустрэцца ў Мінску і прыняць канчатковае рашэнне. Але да прыняцця рашэння вы мне дайце ўсю інфармацыю. Дзе трэба, пераправерце і пракантралюйце», — даручыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на асабістым вопыце ў свой час пераканаўся ў магчымасці паспяхова развіваць нават стратныя гаспадаркі: «Я ведаю, як у такіх гаспадарках працаваць. Калі ёсць у вас жаданне, значыць, будзе толк. А калі вы будзеце соплі распускаць і займацца незразумела чым, і з абеду вас ужо на рабоце не знайсці… Тады нічога не будзе. Таму пачынайце працаваць». «Да новага года павінна быць дакладная кіраўніцкая структура, як я сказаў. Падзяліце гэтыя гаспадаркі і стварыце сыравінныя зоны, і не палохайце людзей нейкімі інтэграцыйнымі структурамі. Гэта сыравінныя зоны», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу эфектыўнай работы ён прывёў кампанію Аляксандра Машэнскага. «Як ён, ніхто так не рушыў наперад. Але ён не прыходзіць да мяне і не кажа: трэба нешта там стварыць. Я, гаворыць, непасрэдна з малаказавода кірую гэтымі гаспадаркамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Не, тут (аб прапановах у Віцебскай вобласці. — Заўвага БЕЛТА) трэба нешта нагрувасціць. А ён (Аляксандр Машэнскі. — Заўвага БЕЛТА) за кожнага чалавека дрыжыць, каб лішняе не заплаціць. Але тым, якіх ён пакінуў, плаціць. Без зарплаты нічога не будзе». «Таму пачынаем знізу — з зямлі. Калгасы, саўгасы павінны быць пакуль, — падкрэсліў беларускі лідар. — Улічыце сацыяльную базу — клубы, магазіны, школы… З Віцебска будзеце кіраваць? Таму захавайце калгасы гэтыя і саўгасы тэрытарыяльна і арганізацыйна, як яны ёсць, з разліковымі рахункамі. Інтэграцыйная структура на чале — гэта сыравінныя зоны па малаку і мясе. Яны павінны працаваць на вас. Ад сыравінных зон мы не адмовімся», — дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што выканкамы павінны быць надзелены сваімі паўнамоцтвамі і функцыямі паводле закону: «Яны кантралююць кадравую палітыку, глядзяць арганізацыю, сацыяльная сфера вялікая, ідэалогія, выбары і іншае. У іх шмат пытанняў. І яны не будуць пярэчыць, калі нехта збоку (ваша інтэграцыйная структура) дапаможа іх гаспадаркам працаваць. Але яны гаспадары там. Калі нехта, у тым ліку губернатар, будзе ўразаць іх паўнамоцтвы, значыць, атрымаеце па руках». «Калі мы разбалансуем кіраванне краінай, ніякія структуры нікому будуць не патрэбны», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. Ён згадаў і аб праведзеных выбарах, той факт, што ў Віцебскай вобласці грамадзяне падтрымалі кандыдатаў, за якіх прасіла ўлада. «Людзі ў нас залатыя. У Віцебскай вобласці больш за ўсё прыйшлі і прагаласавалі за тых, каго мы прасілі. Што яшчэ трэба ад гэтых людзей? Дык давайце мы павернемся да іх!» — заявіў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці падтрымання дысцыпліны і парадку: «Далей расхлябанасці такой быць не павінна — страцім краіну!» Гаворачы пра АПК Віцебскай вобласці, ён адзначыў, што і без яго цяпер можна накарміць краіну і забяспечыць экспарт, і вострай праблемы няма. «Але не хацелася б страціць Віцебскую вобласць, таму што яна для мяне не чужая. Дапрацоўвайце, займайцеся гэтым. Максімум у студзені мы павінны гэта пытанне разгледзець у мяне», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт заклікаў пачынаць з зарплаты работнікаў, каб людзі маглі больш-менш нармальна жыць і карміць свае сем’і: «Павернецеся зарплатай да людзей і спецыялістаў — будзе вынік». «Па-старому жыць нельга больш», — рэзюмаваў беларускі лідар
Чытаць цалкам: https://blr.belta.by/president/view/vynik-prezidentskaj-narady-pa-apk-vitsebskaj-voblastsi-nijakih-nadbudou-i-magchymasts-pryvatyzatsyi-83256-2019/

Comments are closed.

Яндекс.Метрика