22 лістапада ў віленскай катэдральнай базыліцы святога Станіслава і святога Уладзіслава адбылася святая Імша пры трунах з парэшткамі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызвольнага паўстання 1863–1864 гг., пасля якой са словам да ўдзельнікаў цырымоніі перапахавання звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «АіФ» прыводзіць слова Мітрапаліта.
«Глыбокапаважаныя спадары Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Мітрапаліт Віленскі, шаноўныя Эксцэленцыі,паважаныя кіраўнікі афіцыйных дэлегацый Беларусі, Латвіі і Украіны, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, духоўныя асобы, вернікі, умілаваныя браты і сёстры, у тым ліку пілігрымы з Беларусі!
Божы Провід дазваляе нам браць удзел у перапахаванні парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Гара Гедыміна – сімвал Вільні – два гады таму адкрыла нам сваю таямніцу. Нарэшце скрытыя на працягу паўтараста гадоў парэшткі герояў паўстання былі адшуканыя і сёння з пашанай пераносяцца на месца вечнага спачынку на могілкі Роса ў Вільні.
У Бога няма выпадковасцяў. Магчыма, так трэба было, каб мы зноў узгадалі пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў трагічных абставінах, імкнучыся здабыць волю. Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду – змагаліся «за нашу і вашу свабоду».
Сярод іх Кастусь Каліноўскі, сын беларускага народа, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся надзвычайнаю сілаю духа і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае вялікае значэнне таксама і для Беларусі.
Кастусь Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто заклаў аснову самасвядомасці беларусаў як асобнай еўрапейскай нацыі, якая мае права на самавызначэнне. У ім і яго паплечніках мы бачым узор альтруізму, самаахвярнасці, усведамлення ўласнае годнасці.
Хоць у жыцці і барацьбе паўстанцаў былі разнастайныя аспекты, якія цяжка ахапіць у некалькіх сказах, і хоць само паўстанне не прынесла жаданага плёну, тым не менш яно пакінула свой след у гісторыі.
Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнемся раздзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і павагі да яго правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася.
Мы таксама жадаем маліцца за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў. Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў.
Сімвалічна, што перапахаванне парэшткаў паўстанцаў адбываецца ў Вільні — горадзе Божай Міласэрнасці. Cваімі малітвамі мы спадарожнічаем загінулым паўстанцам і даручаем іх душы міласэрнаму Богу.
Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн».