Ушачане проголосовали за конкретные дела!
Стала гісторыяй знамянальная падзея грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны – 17 лістапада ў Беларусі прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яны адбыліся па ўсіх 110 акругах краіны, прычым вялікая яўка традыцыйна адзначаецца ў нашай вобласці. На Віцебшчыне прагаласавала больш за 82 працэнты выбаршчыкаў. Актыўны ўдзел у выбарах прынялі і жыхары нашага рэгіёна. Па Докшыцкай выбарчай акрузе №22, у якую ўваходзіў і Ушацкі раён, вылучалася чатыры кандыдаты. Па выніках галасавання, дэпутатам зноў абраны Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.
“Прыходзьце заўтра на выбары!” – з такімі словамі ў цэнтры гарпасёлка ў суботу віталі прахожых удзельнікі пікету, арганізаванага раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і райкамам БРСМ для павышэння электаральнай актыўнасці насельніцтва раёна. У якасці напаміну тым, хто не прагаласаваў датэрмінова, уручаліся спецыяльныя флаеры, а на руку павязвалася стужачка чырвона-зялёнага колеру. Зрэшты, члены маладзёжнай арганізацыі актыўнымі былі і непасрэдна ў дзень выбараў – дапамагалі трапіць на ўчасткі інвалідам і пажылым людзям валанцёры руху “Добрае сэрца”.
Усе ўчасткі для галасавання расчынілі дзверы ў 8 гадзін і многія грамадзяне вырашылі зрабіць свой выбар з самай раніцы. Так, напрыклад, на Арэхаўскім участку для галасавання №63, які размясціўся ў сельскім Доме культуры, першым прагаласаваў Васіль Рыгоравіч Каваленка. А ўслед за ім паступова сталі “падцягвацца” і іншыя вяскоўцы. Маладая сям’я Агіевічаў заўсёды прымае ўдзел у выбарчых кампаніях, на гэты раз Вольга і Андрэй прыйшлі на ўчастак з дачушкай Насцяй.
“Каля 30 працэнтаў нашых выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова. Зараз некаторыя члены камісіі накіраваліся з урнамі ў аддаленыя вёскі. Зразумела, што не ўсе пажылыя людзі, напрыклад, з Ваўчо ці Кублішчына маюць сілы і магчымасць дабрацца да аграгарадка”, – расказала старшыня Арэхаўскага ўчастка Вольга Аляксееўна Мацулевіч.
Нямала тых, хто пажадаў прагаласаваць на доме, было і на Градзянецкім выбарчым участку №66. “Так склалася, што ў дні датэрміновага галасавання і сёння не атрымалася трапіць на ўчастак, але я адказна адношуся да падобных палітычных кампаній і хацела аддаць свой голас”, – патлумачыла жыхарка Ліпаўца Ала Васільеўна Нікіценка, закідваючы ў пераносную ўрну свой бюлетэнь. Зрэшты, падчас надомнага галасавання ўзнікалі і непрадбачаныя сітуацыі: прыехаўшы на адну з вуліц гарпасёлка члены камісіі выбарчага ўчастка №57 убачылі грамадзянку, у якой былі ўсе сімптомы гіпертанічнага крызу. Выкліканая імі “хуткая дапамога” па сутнасці выратавала жанчыне жыццё.
Даволі ажыўлена было на Ільюшынскім участку, дзе ў спісы выбаршчыкаў уключана 879 чалавек, з іх 335 – жыхары аграгарадка. “Мы будзем табе дапамагаць галасаваць!” – казалі Паліна і Соня Калітуха, якія завіталі на выбары разам з маці Вольгай Пятроўнай. У кампаніі сваіх унучак прыйшлі Таццяна Аляксандраўна і Аляксандр Іванавіч Бурак. “Гэтымі днямі была ў Мінску і хвалявалася, каб паспець вярнуцца дадому і аддаць свой голас за вельмі дастойнага чалавека, які шмат зрабіў для Ушаччыны – Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку”, – жыхарка Ільюшына Вольга Уладзіміраўна Логінава не рабіла тайны са свайго галасавання. Салідарны з ёй быў і Аляксандр Пятровіч Майсеенка: “Другіх варыянтаў нават і не разглядаў. Некаторыя кажуць, маўляў, чым канкрэтна мне дапаможа дэпутат? Пры падтрымцы У.П.Андрэйчанкі пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які можа наведваць любы жыхар раёна, новае аблічча набылі многія аб’екты, у тым ліку і раённая бальніца”.
Практычна на кожным участку ў спісах значыліся тыя, хто прымаў удзел у выбарчай кампаніі ўпершыню – для навічкоў былі прадугледжаны памятныя прэзенты. “Віншую вас з гэтай падзеяй, жадаю вам поспехаў у вучобе і працы, усяго найлепшага!” – старшыня выбарчай камісіі ўчастка №56 Святлана Васільеўна Азевіч уручыла Ульяне Мялешка і Вераніцы Шнітко каляндар, падпісаны старшынёй Цэнтрвыбаркама Беларусі Л.М.Ярмошынай.
“Не разумею тых, хто ігнаруе выбары, лічу, што кожны павінен аддаць голас за дастойнага кандыдата. Прыемна, што на выбарах пануе такая атмасфера. Зараз прагаласуем і яшчэ канцэрт паглядзім з сыночкам”, – казала ўшачанка Вераніка Рэвенка. Выканаўшы выбарчую місію, многія грамадзяне з задавальненнем заставаліся і на канцэртныя праграмы, прызваныя ўмацаваць атмасферу свята – яны прайшлі на ўсіх участках. Напрыклад, у памяшканні райвыканкама выступаў хор народнага клуба “Ветэран”, на ўчастку ў ЖКГ слых ушачан радавалі выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, а перад сельскімі выбаршчыкамі выступалі работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і сельскіх культустаноў. На ўчастку ў Ільюшыне, напэўна, панаваў самы ўзнёслы настрой: выбаршчыкам, якія не трапілі на канцэрт, прапаноўвалі праявіць вакальныя здольнасці самастойна, праспяваўшы любімыя песні пад караоке. На многіх участках былі арганізаваны адмысловыя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама традыцыйны выязны гандаль.
У цэлым парламенцкія выбары на Ушаччыне прайшлі спакойна, памяркоўна, ніякіх заўваг і нараканняў не паступіла ад акрэдытаваных унутраных і замежных наглядальнікаў.
За каго галасаваць, на ўчастках, зразумела, ніхто не пытаўся. Пераважная большасць выбаршчыкаў праводзіла ў кабінках лічаныя секунды, што гаварыла пра загадзя асэнсаваны выбар.
А вынікі выбараў члены камісій бачылі нават з першых хвілін падліку бюлетэняў – вельмі хутка раслі стосы за Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку. Ушачане галасавалі за таго, каму давяраюць, хто даказаў сваю пазіцыю на справах.