Дапаможам зберагчы адзіную беларускамоўную сярэднюю школу ў Камянецкім раёне

Источник материала:  
18.11.2019 10:44 — Разное

16 кастрычніка, падчас сходу, дырэктар Амелянецкай сярэдняй школы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці Кендысь М.М. паведаміў аб магчымым яе закрыцці ўжо ў наступным годзе.

Дапаможам зберагчы адзіную беларускамоўную сярэднюю школу ў Камянецкім раёне

У шэрагу асноўных прычын, па якіх раённае кіраўніцтва збіраецца спыніць працу школы, дырэктар назваў наступныя:

1. пажарная небяспечнасць аб’екта (школа драўляная),
2. адсутнасць унутранага туалета і гарачай вады,
3. адсутнасць спартыўнай залы.

Мы знаходзім досыць недарэчнымі падобныя аргументы на карысць закрыцця, таму што кіраўніцтва раёна за ўвесь перыяд існавання нашай школы не змагло вырашыць побытавыя праблемы дадзенай установы. Так, напрыклад, будаўніцтва спартыўнай залы на пачатку 90-х было спынена па незразумелых для нас прычынах.

Амелянецкая сярэдняя школа з’яўляецца адзінай беларускамоўнай сярэдняй школай Камянецкага раёна. А факт яе закрыцця мы ацэньваем як ганьбу нашай сістэмы адукацыі. Бо яшчэ на пачатку 20-га стагоддзя 90% школ Камянеччыны былі беларускамоўныя. Што адбылося? І што адбываецца?

Адказ ляжыць на паверхні – гэта знішчэнне беларускай адукацыі. Закрыццё адзінай сярэдняй беларускамоўнай школы на падставе малакамплектнасці, пажаранебяспечнасці і іншых недарэчных фактараў ёсць злачынства.

Таму што, пункт 1 артыкула 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі сведчыць: «Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права». Калі зачыніцца апошняя беларускамоўная сярэдняя школа ў раёне, дзеці пазбавяцца магчымасці навучацца па беларуску.

Хочам таксама звярнуць Вашу ўвагу на той факт, што наша школа з’яўляецца адной з малабюджэтных школ, бо аднапавярховы будынак у халодны перыяд года патрабуе значна менш паліва для абагрэву, чым тыпавыя школы раёна. Усё тая ж аднапавярховасць дазваляе ў выпадку надзвычайнага здарэння хутка і аператыўна эвакуіраваць усіх, хто знаходзіўся ў ёй, чым зноў жа выгадна адрозніваецца ад двух-і трохпавярховых тыпавых школ раёна.

Малакамплектнасць ў мінулыя гады была галоўнай прычынай, з-за якой прапаноўвалі адмовіцца ад утрымання Амелянецкай СШ. Але пры гэтым скідаюць з рахункаў асноўную перавагу школы, якая выцякае з той жа «малакамплектнасці», а менавіта — індывідуальны падыход да дзіцяці і як вынік — больш высокая эфектыўнасць навучання.

З нашай школы выйшла нямала годных юнакоў і дзяўчат, якія сталі ў выніку актыўнымі грамадзянамі сваёй краіны. Многія з іх сталі лекарамі, настаўнікамі, інжынерамі. ваеннымі, прадпрымальнікамі, кіраўнікамі дзяржаўных устаноў. Ужо восьмы год запар каманда Амелянецкай СШ рэгулярна ўваходзіць у 3-ку лідэраў сярод 19 школ раёна ў інтэлектуальных спаборніцтвах па «Што?Дзе?Калі?» і «Свая гульня». Пры гэтым без спартзалы, туалета, гарачай вады і, будучы драўлянай, Амелянецкая СШ апярэджвае большасць школ раёна, і ў тым ліку школы г. Высокае і г. Камянец (як напрыклад Школа №1 г.Камянец).

Акрамя таго навучэнцы Амелянецкай школы неаднаразова станавіліся прызёрамі абласных алімпіяд па беларускай мове і гісторыі. Калі кіраўніцтва раёна, ведаючы пра такія факты, спяшаецца зачыніць «інтэлектуальную кузню», хай адкажа як называюцца такія дзеянні. Ці не з’яўляецца гэта падрывам сістэмы адукацыі Камянецкага раёна і моўнай дыскрымінацыяй у адносінах да грамадзян, якія жадаюць вучыцца і працаваць у беларускамоўным асяроддзі. Дваццаць і нават трыццаць гадоў таму ў Амелянецкай СШ навучалася каля сотні вучняў, і школа нармальна выконвала свае функцыі. Функцыянуе яна і цяпер, але ці вытрымае яна ціск бюракратыі? Зараз мы бачым, як арыгінальна і «творча» хочуць вырашыць усе побытавыя праблемы школы. Яе проста зачыняюць.

Да таго ж, паўстае пытанне – якім жа чынам мы маем адраджаць і захоўваць сваю Малую Радзіму? Закрыццё школы хутка прывядзе да поўнага заняпаду такіх населеных пунктаў як Амелянец, Дубраўцы, Ваўкаставец. Адсутнасць школы разам з іншымі неспрыяльнымі фактарамі ня будзе спрыяць прыезду на сталае месца жыхарства маладых сем’яў, а тых, што ўжо жывуць у нашых вёсках, падштурхне да хуткага выезду ў іншыя мясціны.

На сённяшні дзень афіцыйная раённая ўлада факт закрыцця школы не пацвярджае, але робіць усё магчымае дзеля гэтага (напрыклад:настаўнікі школы запоўнілі адмысловую форму з пытаннямі кшталту «дзе жадаеце працаваць пасля закрыцця школы?»).

Падпісаць петыцыю можна па спасылцы.

←Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча "Беларуская песня" адбудзецца 26 лiстапада

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика