Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Аўстрыю

Источник материала:  
18.11.2019 — Разное
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11-12 лістапада наведаў з афіцыйным візітам Аўстрыю. У Вене ў вузкім і пашыраным складах прайшлі перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам. Лідары краін абмеркавалі прадаўжэнне гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, якое ўжо знаходзіцца на даволі высокім узроўні. У цэнтры ўвагі былі і палітычныя пытанні: сітуацыя ў рэгіёне і свеце, узаемадзеянне Беларусі з Еўрасаюзам, у тым ліку ў фармаце “Усходняга партнёрства”, тэматыка аховы навакольнага асяроддзя. Прэзідэнт Беларусі таксама правёў перагаворы са старшынёй Нацыянальнага савета Аўстрыі Вольфгангам Саботкам і старшынёй Аўстрыйскай народнай партыі, дэпутатам Нацыянальнага савета Аўстрыі Себасцьянам Курцам.

Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Аўстрыю

Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рабоце аўстрыйска-беларускага бізнес-форуму. У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы агучыў не толькі важныя для бізнесменаў пасылы, але і адкрыта выказаўся па шэрагу злабадзённых сусветных праблем і геапалітычных пытанняў. У канцы бізнес-форуму быў падпісаны шэраг дакументаў, якія прынясуць у скарбонку двухбаковага тавараабароту больш як $200 млн. У Вене ў час афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы таксама былі падпісаны сумесная дэкларацыя аб умацаванні супрацоўніцтва ў галіне сувязі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і развіцця шырокапалоснай сеткі 5G, пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Аўстрыйскай акадэміяй навук.

Блізкасць падыходаў і праекты на мільярд – Лукашэнка заявіў аб намеры паглыбіць адносіны з Аўстрыяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада ў Вене правёў афіцыйныя перагаворы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам. Аб яе выніках кіраўнік беларускай дзяржавы разам са сваім аўстрыйскім калегам расказаў прадстаўнікам СМІ.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Аляксандру Ван дэр Белену за цёплы прыём і адкрытую, змястоўную размову.

“Аўстрыя – важнейшы і надзейны партнёр Беларусі ў нашай агульнай Еўропе. Мы надаём вялікае значэнне развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ў поўнай меры задаволены пазітыўнай дынамікай беларуска-аўстрыйскіх адносін”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра блізкасць падыходаў

Паводле слоў беларускага лідара, праведзеныя перагаворы зноў прадэманстравалі, што падыходы краін па асноўных праблемах даволі блізкія. “Нам цікавы аўстрыйскі вопыт у многіх сферах, які цалкам можа быць прыменены ў Беларусі”, – сказаў Прэзідэнт.

Беларускі бок высока цэніць намаганні Вены, накіраваныя на навядзенне мастоў паміж асноўнымі геапалітычнымі цэнтрамі, зніжэнне напружанасці ў Еўропе і свеце. Мінск ставіць такія ж мэты ў сваёй знешнепалітычнай дзейнасці. “Канстатуем, што разам здольны ўнесці важкі ўклад у аднаўленне стабільнасці і ўмацаванне міжнароднай бяспекі. Беларусь будзе ўдзячна аўстрыйскаму кіраўніцтву за падтрымку нашых ініцыятыў у гэтым напрамку”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра падтрымку на міжнародных пляцоўках

Кіраўнік беларускай дзяржавы паведаміў, што бакі дамовіліся прадаўжаць сумесную работу ў рамках міжнародных арганізацый. Беларусь падтрымае кандыдатуру Аўстрыі на выбарах у склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН на 2027-2028 гады.

Прадметна абмеркавана тэматыка аховы навакольнага асяроддзя, процідзеяння негатыўным змяненням клімату. Беларусь падтрымлівае ініцыятыву па павышэнні кліматычных амбіцый, якая вылучана Прэзідэнтам Аўстрыі, аб неабходнасці канкрэтных дзеянняў для прадухілення глабальнага кліматычнага крызісу. “Дарэчы, Мінск паслядоўна ў аднабаковым парадку ўзнімае для сябе планку па скарачэнні выкідаў парніковых газаў”, – заўважыў беларускі лідар.

Пра адносіны па лініі ЕС і “Усходняга партнёрства”

Аляксандр Лукашэнка адзначыў падтрымку Аўстрыяй намаганняў беларускага боку па развіцці адносін з Еўрасаюзам, які з’яўляецца для Беларусі другім па значнасці гандлёвым партнёрам. “А апошнім часам, у тым ліку дзякуючы актыўнай рабоце аўстрыйскага старшынства ў 2018 годзе, ЕС становіцца для нас таксама важкім палітычным і інвестыцыйным партнёрам. Толькі за апошнія два гады аб’ём фінансавай падтрымкі Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця праектаў у беларускім дзяржсектары дасягнуў 700 млн еўра”, – сказаў Прэзідэнт.

Беларусь актыўна працуе з ЕС у рамках шматлікіх праграм у сферах экалогіі, энергаэфектыўнасці, уладкавання граніц, рэгулявання міграцыі, падтрымкі дзяржкіравання. “У гэтым годзе Беларусь з Еўрасаюзам зацвердзілі праекты пагадненняў па многіх пытаннях, у тым ліку спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі. Спадзяёмся падпісаць іх у бліжэйшы час”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь з Аўстрыяй аб’ядноўвае імкненне да развіцця “Усходняга партнёрства” як цэласнага, гібкага і эфектыўнага інструмента супрацоўніцтва ў рэгіёне, якое садзейнічае ўстойліваму развіццю і бяспецы суседзяў Еўрапейскага саюза. Пры гэтым яно не накіравана супраць інтарэсаў трэціх краін. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў гэтым праекце і нядаўна агучыла свае прапановы па развіцці гэтай ініцыятывы пасля 2020 года.

Пра бізнес-кантакты і новыя праекты на мільярд

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі і Аўстрыі даўнія традыцыі паспяховага эканамічнага ўзаемадзеяння. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза аўстрыйскі бізнес прысутнічаў у Беларусі. “Яскравы прыклад – удзел Аўстрыі ў стварэнні Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, які і сёння застаецца адным з флагманаў нашай прамысловасці”, – дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што і ў сучаснай Беларусі аўстрыйскі бізнес займае даволі трывалыя пазіцыі. Каля пяцісот кампаній з Аўстрыі супрацоўнічаюць з беларускімі прадпрыемствамі, амаль сто з іх у той ці іншай форме прадстаўлены непасрэдна ў Беларусі. “Гэта сведчыць аб высокім узроўні даверу аўстрыйскага бізнесу да нашай краіны. Аўстрыя даўно і трывала ўвайшла ў лік лідараў па аб’ёме інвесціравання ў эканоміку Беларусі. Капіталаўкладанні ў нашу краіну штогод вылічваюцца сотнямі мільёнаў долараў. Напрыклад, у мінулым годзе гэта лічба склала амаль $300 млн”, – сказаў Прэзідэнт.

Ён заявіў, што з удзелам аўстрыйскіх кампаній прапрацоўваюцца новыя праекты на агульную суму звыш $1 млрд.

Пра захаванне гістарычнай памяці

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны і народы звязвае не толькі эканоміка. “Безумоўна, мы гаварылі і аб Малым Трасцянцы. Гэты лясны масіў пад Мінскам увайшоў у гісторыю як месца масавага знішчэння людзей нацысцкімі злачынцамі. Сярод ахвяр Трасцянца – больш як 10 тыс. аўстрыйскіх грамадзян, – сказаў ён. – Мы разумеем, якое вялікае значэнне мае захаванне памяці аб ахвярах халакосту для аўстрыйскага грамадства. Таму аказалі падтрымку ініцыятыве Аўстрыі аб устаноўцы ў мемарыяльным комплексе “Трасцянец” манумента “Масіў імёнаў” у памяць аб аўстрыйскіх грамадзянах, знішчаных там гітлераўцамі ў гады Другой сусветнай вайны”.

“Толькі што Прэзідэнт (Аляксандр Ван дэр Белен. – Заўвага БЕЛТА) сказаў, што гэты канцлагер менш вядомы ў Аўстрыі, чым іншыя вялікія канцэнтрацыйныя лагеры Другой сусветнай вайны. Хачу вам сказаць, што нам ён вельмі быў вядомы. І мы ў гонар памяці тых загінулых грамадзян, і не толькі з Аўстрыі (там нямала было забіта грамадзян іншых краін, у тым ліку беларусаў), і не дзеля нашай дружбы з аўстрыйцамі, а задоўга да візіту кіраўнікоў вашай дзяржавы, стварылі там мемарыял”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці Прэзідэнту Аўстрыі аб ініцыятыве ўстанаўлення ў Малым Трасцянцы асобнага помніка загінулым грамадзянам Аўстрыі. “За тое, што ён паказаў прыклад адказнасці і прыстойнасці ў адносінах да тых, хто загінуў тады. Паказаў прыклад тым, хто павінен быў даўно гэтак жа зрабіць, як аўстрыйскае кіраўніцтва”, – адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб важнасці прадаўжаць такое супрацоўніцтва, пашыраць кантакты навуковых і музейных устаноў, гісторыкаў, якія займаюцца тэмай Трасцянца. Ён таксама расказаў аб перадачы беларускім бокам Дому гісторыі Аўстрыі прадметаў, якія належалі аўстрыйскім грамадзянам, забітым нацыстамі ў лагеры смерці “Трасцянец”. Гэтыя артэфакты былі нядаўна знойдзены ў час археалагічных раскопак.

Пры абмеркаванні гуманітарнай тэмы Аляксандр Лукашэнка ад сябе асабіста і народа Беларусі падзякаваў у асобе Федэральнага прэзідэнта ўсім аўстрыйцам, якія маюць дачыненне да аздараўлення дзяцей з рэгіёнаў Беларусі, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. “Гэта высакародная дзейнасць прадаўжаецца ўжо больш як 25 гадоў і стала важным складнікам нашых дружалюбных адносін”, – сказаў Прэзідэнт.

На заканчэнне ён падкрэсліў, што Беларусь шчыра зацікаўлена ў паглыбленні супрацоўніцтва з Аўстрыяй ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу.

“Паверце, я ведаю розныя тэндэнцыі ў ЕС у плане Беларусі. Хачу сказаць, спадар Прэзідэнт, можа, не сёння, не заўтра, але паслязаўтра дакладна вы будзеце ганарыцца тым, што некалі прыехалі ў Беларусь, паглядзелі на гэту краіну, пераканаліся, што гэта не чужая для Еўропы краіна (вы аб гэтым мне гаварылі, калі былі са сваёй жонкай) і сказалі, што тут жывуць дастойныя людзі. Вы ніколі не пашкадуеце аб гэтым. Беларусь – гэта цэнтр Еўропы, гэта еўрапейская краіна, і яе палітыка накіравана на выключна мірныя, дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны не толькі з суседзямі, але і з нашымі даўнімі, праверанымі сябрамі, якой з’яўляецца ваша цудоўная і багатая краіна”, – рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка пра Беларусь: мы абсалютна адкрытая краіна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Вене, адказваючы на пытанні журналістаў пасля перагавораў з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам.

“Мы абсалютна адкрытая краіна. Смею запэўніць, больш, чым вы. Грамадзяне прыкладна 90 дзяржаў маюць магчымасць без віз уязджаць у аўтарытарную, як вы сказалі, Беларусь. Мы абсалютна адкрытыя для ўсіх”, – прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

Ён параіў журналісту, які задаў пытанне і раней ні разу не бываў у Беларусі, перш чым даваць ацэнкі, наведаць краіну і ацаніць сітуацыю сваімі вачамі.

Што датычыцца элемента аўтарытарнасці ўлады, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сапраўды гэта сфера ў Беларусі вельмі адрозніваецца ад сістэмы кіравання дзяржаўнымі інстытутамі, функцыянавання грамадства і эканомікі ў Аўстрыі. “І калі б вы мяне спыталі: а на гэтым этапе развіцця Беларусі што лепш, мы з вамі не знайшлі б агульнага разумення”, – выказаў меркаванне Прэзідэнт, звяртаючыся да журналіста.

Ён адзначыў, што часам незразумела, што маецца на ўвазе, калі задаецца пытанне на тэму захавання правоў чалавека: “Што вам не падабаецца ў Беларусі ў плане правоў чалавека? Ёсць права на жыццё. Гэта галоўнае права. Права на работу – чалавек павінен мець гарантыю працаваць у сваёй краіне. А калі ёсць жаданне паехаць у Аўстрыю, Польшчу ці іншыя краіны. Вы хочаце сказаць, што мы каму-небудзь забараняем гэты выезд? Не скажаце”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама, што ёсць агульнапрызнанае права на атрыманне адукацыі. “І не проста адукацыя, а за кошт дзяржавы – бясплатная адукацыя для чалавека. Яна ў вашай краіне так развіта, як у Беларусі? Я адразу магу даць адказ: далёка не так”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу ў Беларусі ўсе атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, а каля палавіны потым атрымліваюць бясплатную вышэйшую адукацыю. Акрамя таго, у краіне бясплатная ахова здароўя для ўсіх грамадзян.

“Я хацеў бы, каб вы назвалі хаця б адну краіну ў Еўрасаюзе, якая змагла б пахваліцца гэтымі дасягненнямі, – заўважыў беларускі лідар. – Я магу пералічваць многае. Але калі журналіст мне задае пытанне па некаторых правах чалавека, я адразу ў яго вачах чытаю адно нямое пытанне: СМІ і іншае… Вы калі-небудзь чулі, што ў Беларусі забаранілі інтэрнэт? Напэўна, гэтыя папрокі ўжо даўно канулі ў Лету. Адышлі ў нябыт. Сёння немагчыма нешта забараніць, асабліва ў СМІ”.

Гаворачы пра свабоду інфармацыі, кіраўнік дзяржавы дадаў: “Адкрывайце любы мэсэнджар, тэлефон, планшэт, камп’ютар, і вы атрымаеце любую інфармацыю. Што датычыцца мяне, аўтарытарнага лідара, як вы сказалі, пачытайце, што за апошні месяц пра мяне напісалі, і вы жахняцеся – прадстаўнік дэмакратычнай краіны і дэмакратычнай прэсы”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанне журналіста на тэму правоў чалавека традыцыйнае, але абсалютна нічога не мае агульнага з рэчаіснасцю ў Беларусі. “Яшчэ раз запрашаю вас, як многіх журналістаў, пабываць у нас у Беларусі. Падстаў для гэтага было шмат, у тым ліку II Еўрапейскія гульні. У будучым чэмпіянат свету (па хакеі ў 2021 годзе. – Заўвага БЕЛТА) мы разам з латышамі праводзім. Можаце раней прыехаць, каб азнаёміцца”, – запрасіў ён.

“Упэўнены, калі раней прыедзеце, то ў 2021 годзе вы прыедзеце ўсёй сям’ёй і са сваімі сябрамі ў Беларусь. Гэта краіна, куды хочацца вярнуцца любому чалавеку, які нарадзіўся ў Беларусі. І гэта краіна, дзе можна ціха і бяспечна адпачыць”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што нядаўна прачытаў у аглядзе меркаванне аднаго аўстрыйца, які ўпершыню наведаў Беларусь і быў уражаны бяспекай, адкрытасцю людзей і тым, як жывуць у краіне.

“Я спадару Прэзідэнту сказаў: так, мы пакуль не такія багатыя матэрыяльна. Але вы ведаеце, багацце – гэта не толькі матэрыяльнае, гэта перш за ўсё духоўнае, – упэўнены кіраўнік дзяржавы. – Наша краіна ў гады апошняй вайны была сцёрта з зямлі. І калі б мы не мабілізаваліся, не выбудавалі вось гэту аўтарытарную, як вы сказалі, уладу, мы сёння не мелі б суверэннай і незалежнай Беларусі”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на няпростую сітуацыю вакол Беларусі: “Мы сёння заціснуты, як у цісках, паміж Усходам і Захадам. І нам часам бывае вельмі няпроста. А вы ў свой час (такія дэмакратычныя) закрылі для нас Еўропу і хацелі, каб мы выжылі. І для таго каб выжыць, мы выкарыстоўвалі розныя метады. Але ніхто не скажа, што яны не былі дэмакратычнымі, што яны былі на шкоду нашаму народу”.

“Беларускі народ для мяне, ды і для Еўропы – найвялікшая каштоўнасць. І інтарэсаў гэтага народа мы будзем заўсёды прытрымлівацца”, – запэўніў Прэзідэнт.

Ад геапалітыкі да асабістых гарантый бізнесу – Лукашэнка на бізнес-форуме ў Вене выступіў з яркай прамовай

“Думаю, што неабходнасць сустрэч у такім фармаце наспела даўно. Бізнес нашых краін чакае дакладных палітычных сігналаў (калі гэта патрэбна, лічыце, што гэта і ёсць сігнал), якія дэманструюць гатоўнасць Мінска і Вены надаць двухбаковым адносінам доўгачасовы характар. Мэта майго афіцыйнага візіту ў сталіцу Аўстрыі ў тым, каб пацвердзіць зацікаўленасць Мінска ў выбудоўванні трывалых сувязей не толькі з еўрапейскімі палітыкамі, але і з бізнесам”, – заявіў беларускі лідар у час аўстрыйска-беларускага бізнес-форуму.

“На 100 м магу аддаць пальму першынства, але на 10 км не рызыкуйце”

Нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць мерапрыемства, яго высокія ўдзельнікі пачалі размову з жарту. Старшыня Нацыянальнага савета Вольфганг Саботка, які прысутнічаў з аўстрыйскага боку, быў вымушаны выступаць не за трыбунай, паколькі пасля нядаўніх аперацый на каленных суставах яму гэта было фізічна цяжка. Аднак ён выказаў упэўненасць, што ў хуткім часе паправіцца і нават зможа абагнаць кіраўніка беларускай дзяржавы на дыстанцыі 100 м.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу назваў смелай гэту заяву. “На 100 метраў магу аддаць пальму першынства, але на 10 кіламетраў вы не рызыкуйце”, – пажартаваў беларускі лідар.

“Сам сабе гаварыў: малайчына, што прыехаў!”

Кіраўнік дзяржавы далей узяў сур’ёзны тон і адзначыў, што былі прапановы яму не ехаць асабіста на бізнес-форум, а абмежавацца ўдзелам членаў урада. Аднак ён прыняў рашэнне прыехаць, асабліва з улікам чаканняў бізнес-колаў. “Не мог не прыехаць. І сёння, седзячы і гледзячы ў гэту залу, сам сабе гаварыў: малайчына, што прыехаў!” – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што справа не ў тым ці іншым сігнале, які павінна атрымаць бізнес-супольнасць. “Я перш за ўсё хацеў прадэманстраваць сваю павагу да вас. А калі нехта хоча яшчэ і сігнал атрымаць, я не супраць, лічыце, што гэты сігнал вы цяпер атрымліваеце”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“$200 млн тавараабароту – гэта ганьба”

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краін ёсць вялікі нерэалізаваны патэнцыял, і тавараабарот у памеры $200 млн ён назваў не інакш як ганьбай. “Такія лічбы сорамна проста называць”, – лічыць беларускі лідар.

“Уявіце патэнцыялы дзвюх краін, цераз нас праходзяць велізарныя не толькі лагістычныя шляхі, але і фінансавыя, матэрыяльныя рэсурсы. “Чаго тут пра $200 млн гаварыць? Гэта ганьба. Мы павінны ад гэтай ганьбы хутка адыходзіць”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Калі будзеце ставіцца да беларусаў, як да аўстрыйцаў, буду падтрымліваць усяляк”

Аляксандр Лукашэнка адкрыта сказаў прадстаўнікам бізнесу: “Калі вы, прыйшоўшы да нас з інвестыцыямі, будзеце працаваць і ставіцца да беларусаў так, як да аўстрыйцаў, вы заўсёды будзеце маімі людзьмі, маімі грамадзянамі, і я вас буду падтрымліваць усяляк, нават узброеным шляхам. Я гэта сказаў абсалютна шчыра”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт растлумачыў, што бачыў розных бізнесменаў. Адны прыходзяць, каб куш сарваць, іншыя, каб, “мышкуючы”, нешта зарабіць. А трэція не толькі каб зарабіць, але і прынесці карысць народу дзяржавы, дзе яны працуюць. “Вось з трэцімі мы будзем працаваць хутка, аператыўна, будзем вас падтрымліваць”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што, калі якому-небудзь праекту патрэбна персанальная падтрымка, у Беларусі ёсць такая практыка. “Мяне тут многія журналісты, палітыкі папракалі: ды ў вас аўтарытарызм, дыктатура… Я ім адразу гавару: вы ў бізнесменаў сваіх спытайце, іх гэта дыктатура ў Беларусі задавольвае? Калі задавальняе, дык я буду арыентавацца на іх!” – сказаў Прэзідэнт.

“Глядзіце, каб вам з часам не давялося вучыцца дэмакратыі ў Беларусі”

“Што займацца балбатнёй і гаварыць аб нейкай дэмакратыі. Праўда, я таксама сёння сказаў палітыкам у Аўстрыі (не столькі Аўстрыі, колькі ўсім на Захадзе, хто мяне спрабуе крытыкаваць): глядзіце, каб вам з часам не давялося вучыцца дэмакратыі ў Беларусі. Таму што мы бачым, якія працэсы адбываюцца”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў у якасці прыкладу праблему нелегальнай міграцыі. “У эпоху глабалізму з гэтым змагацца вельмі складана. І глядзіце, каб ваша дэмакратыя вас жа не пахавала. Я гэтага не хачу. Я гэта гавару вам як сябрам. І перш чым крытыкаваць некага, трэба ўнікнуць у сітуацыю, якая складваецца ў той ці іншай краіне”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі б у Беларусі 20 з нечым гадоў таму не ўстанавілі вертыкаль улады і не аб’ядналі нацыю, то такой краіны ўжо не існавала б.

“Самае галоўнае – вам не трэба прыносіць чамаданы грошай для хабараў”

Прэзідэнт падкрэсліў гатоўнасць выбудоўваць з замежным бізнесам празрыстыя і ўзаемавыгадныя адносіны. “Самае галоўнае – вам не трэба прыносіць чамаданы грошай для хабараў. Калі вы толькі гэта зробіце, вас ніколі не будзе ў Беларусі. Дакладней, будзеце, але толькі ў месцах не такіх аддаленых. Таму вас папярэджваю: ніякіх хабарніцтва і карупцыі мы не пацерпім. Прыходзьце сумленна, адкрыта, празрыста”, – запрасіў кіраўнік дзяржавы.

Ён запэўніў, што ў краіне будуць строга прытрымлівацца дасягнутых дамоўленасцей: “Калі мы дамовімся, мы заўсёды выканаем свае абавязацельствы, нават калі потым акажацца, што гэта на шкоду нашай краіне. Дагавор даражэй за грошы!”

“Вось галоўныя прынцыпы, якіх мы будзем прытрымлівацца ў рабоце з вамі. Прыходзьце, будзем працаваць. Прыходзьце ў бяспечную краіну, дзе высокакваліфікаваныя людзі, дзе людзі адказныя, якія нацярпеліся за ўсю сваю гісторыю і ўмеюць цаніць заробленыя цэнт, рубель, еўра або капейку”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Не трэба ставіць перад намі ўмовы”

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што журналісты, карыстаючыся былымі штампамі, пачалі намякаць на тое, што калі ў Беларусі нешта не зробяць у сферы правоў чалавека або ў частцы адмены смяротнага пакарання, то краіну не прымуць у Савет Еўропы. “Ды Гасподзь з вамі. Мы ж не просімся ў Савет Еўропы. Прымеце – дзякуй. Не прымеце – пачакаем. Не трэба ставіць перад намі ўмовы. Мы зыходзім з той абстаноўкі, якая складваецца ў нашай краіне”, – сказаў беларускі лідар.

“Прыязджайце, паглядзіце, разбярыцеся. Можа, вы нас зразумееце і ў выніку падтрымаеце. Не зразумееце, не падтрымаеце, убачыце нешта не так – скажыце. Мы людзі здольныя, умеем вучыцца і мы вас пачуем”, – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

“Надышоў час для аб’яднання намаганняў”

Прэзідэнт лічыць, што сустрэча з прадстаўнікамі бізнес-колаў паслужыць добрым стымулам для пашырэння гарызонтаў дзелавой актыўнасці паміж дзвюма краінамі. Ён канстатаваў, што Беларусь і Аўстрыя маюць шмат агульнага і добрую базу для паглыблення ўзаемадзеяння ў самых розных сферах.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эканомікі Беларусі і Аўстрыі паступальна развіваюцца.

“Кожны з нас дабіўся шмат чаго ў пабудове незалежнай дзяржавы. Цяпер надышоў час для аб’яднання намаганняў і атрымання большай эканамічнай выгады ад сумеснай работы. Толькі дзейнічаючы разам, дапаўняючы і падтрымліваючы адзін аднаго, мы зможам і павінны ўзняцца на новы ўзровень”, – упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на наяўнасць праблемы, калі сярэднія і невялікія дзяржавы, такія як Беларусь і Аўстрыя, не могуць аб’яднацца і прапанаваць свой парадак дня, каб з ім лічыліся буйныя дзяржавы. “Нас проста па частках раздзяляюць і ўладараць. Няма гэтага адзінства. Тут павінны папрацаваць парламентарыі перш за ўсё. Гэта было б на карысць усёй планеце”.

“Дэ-факта СГА ўжо не існуе, але Беларусь жыве па яе прынцыпах”

Прэзідэнт заявіў, што ёсць усе падставы гаварыць аб якасна новым кантэксце і змесце ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Завершана падрыхтоўка да падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавых фармальнасцей. У Беларусі працуюць аўтарытэтныя фінансавыя інстытуты: Еўрапейскі інвестыцыйны банк і ЕБРР.

Беларусь працуе над уступленнем у СГА. “Хоць не вельмі спяшаемся. Таму што, сумленна кажучы, пасля ўсіх заяў спадара Трампа, я не ведаю, што будзе са СГА. Дэ-факта, яна ўжо не існуе. І гэта прызнаюць многія буйныя дзяржавы. Але працуем (над уступленнем. – Заўвага БЕЛТА), а раптам спатрэбіцца”, – заўважыў беларускі лідар.

Разам з гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь фактычна працуе на прынцыпах і ва ўмовах СГА, паколькі партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе ўжо ў яе ўступілі.

“Калі патрэбны асаблівыя нейкія рэжымы ў нашых адносінах, мы гэта зробім хутка. Калі зразумеем, што гэта выгадна вам і нам”, – запэўніў кіраўнік дзяржавы аўстрыйскіх бізнесменаў.

“Парадак, дысцыпліна і найвышэйшая адказнасць – брэнд Беларусі”

Аляксандр Лукашэнка бачыць дадатную дынаміку і высокую ступень даверу ў палітычным дыялогу паміж Мінскам і Венай. У значнай ступені, лічыць ён, гэтаму садзейнічала змяненне падыходаў ЕС да Беларусі. “Разам з тым неабходна адзначыць, што нават у самы няпросты час Мінск ніколі не разглядаў пытанне аб прымяненні абмежавальных мер у адказ у адносінах да аўстрыйскіх грамадзян і суб’ектаў гаспадарання і ЕС у цэлым. А маглі б нашкодзіць вам вельмі моцна”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў прыклад транзіту вялікай колькасці грузаў праз Беларусь: “Гэта ўсё ідзе праз Беларусь. І вы ніколі беларусам не выстаўлялі прэтэнзіі наконт нейкага непарадку ў перамяшчэнні грузаў”.

“Вось вам і дыктатура. Парадак, дысцыпліна і найвышэйшая адказнасць перад партнёрамі – гэта брэнд нашай Беларусі. Мы гэта цэнім. Таму што мы транзітная краіна. І гэта робім не як дабрачыннасць. У гэтым наша прагматычнасць, мы ад гэтага выйграём”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што за гады супрацоўніцтва з Аўстрыяй створаны надзейныя інстытуцыянальныя механізмы падтрымкі эканамічных адносін, сфарміравана неабходная дагаворна-прававая база.

“У прапрацоўцы інвестыцыйныя праекты на $1 млрд”

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што актыўная работа па ўдасканаленні рамачных умоў вядзення бізнесу дае плён. “Толькі за апошні час у Беларусі прыняты шэраг стратэгічных дакументаў, якія надалі сур’ёзны імпульс развіццю прадпрымальніцтва і стымулявалі беспрэцэдэнтны ўздым у сферы паслуг”, – звярнуў увагу беларускі лідар.

Вынікам сумесных намаганняў стаў прыкметны рост беларуска-аўстрыйскага тавараабароту. За апошнія два гады ён вырас амаль на 20%, а абарот паслуг павялічыўся ўдвая. Дадатная дынаміка захоўваецца і ў бягучым годзе. Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік лідараў па аб’ёме замежных інвестыцый у Беларусі. У прапрацоўцы знаходзяцца інвестыцыйныя праекты на агульную суму амаль $1 млрд.

“Мы гатовы зрабіць усё неабходнае, каб гэта лічба знайшла сваё адлюстраванне ў аб’ёмах рэальнага тавараабароту”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што неабходныя рашэнні будуць прыняты хутка і эфектыўна.

“Штучны інтэлект – тое, што захоплівае розумы людзей”

На думку Прэзідэнта, будучыня беларуска-аўстрыйскіх эканамічных адносін – у вытворчай кааперацыі і развіцці сферы паслуг у такіх традыцыйна моцных у Беларусі і Аўстрыі галінах, як нафтахімія, харчовая прамысловасць, дрэваапрацоўка, машынабудаванне, будаўніцтва, транспарт, лагістыка, інфармацыйныя тэхналогіі.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым выказаў меркаванне, што працэс лічбавізацыі з’яўляецца працэсам адыходзячым, а розумы людзей усё больш захоплівае сфера штучнага інтэлекту. З гэтай тэматыкай Прэзідэнт у тым ліку меў магчымасць азнаёміцца ў час нядаўняга візіту ў ААЭ. Гэта краіна, падзяліўся ён, інвесціруе каласальныя сродкі ў гэты напрамак, збірае ў сябе лепшых вучоных.

“Я пабываў у такой лабараторыі і зразумеў, што мы дарэмна надзімалі шчокі. Якая лічбавізацыя? Штучны інтэлект! Яны ўжо нам прапануюць паслугі. Думаю, і вам яны многае могуць расказаць”, – лічыць Прэзідэнт.

Разам з тым яго насцярожыў той факт, што нават самі распрацоўшчыкі не ведаюць, да чаго можа ў перспектыве прывесці развіццё сферы штучнага інтэлекту.

“Еўропа – наш агульны дом, і іншага не будзе”

На прыкладзе сферы высокіх тэхналогій Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бізнес ужо не мае меж.

“Таму давайце будзем расшыраць рамкі нашых дзяржаў, таму давайце будзем працаваць у Беларусі гэтак жа, як у Аўстрыі. У Аўстрыі – як у Беларусі. І разумець, што гэта наш агульны дом, асабліва Еўропа, і іншага не будзе. Давайце будзем захоўваць, я звяртаюся да вас, еўрапейцаў, еднасць”, – заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з’яўляецца заўзятым прыхільнікам адзінага Еўрасаюза без “брэксіту”, паколькі Еўрапейскі саюз – адна з сусветных геапалітычных апор. “Калі вырваць гэту апору з-пад сістэмы, я баюся, што яна можа не ўтрымацца, таму я выступаю за ваша адзінства”, – сказаў беларускі лідар.

Ён выказаў меркаванне, што ЕС не павінен быць так забюракратызаваны, як цяпер. Часам на прыняцце рашэння ідзе вельмі шмат часу. Таксама як дзяржавы часам, не разбіраючыся, ідуць за меркаваннем адной або некалькіх краін. “Без разбору паднімаеце рукі. Нельга. Трэба ўнікаць у сітуацыю. Не так проста вакол нас. Сведчаннем таго з’яўляецца Украіна. Калі вы лічыце, што гэта далёка, – памыляецеся. Гэта ў нашым доме, і мы павінны ў ім падтрымліваць парадак”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Нацыянальнай асаблівасцю беларусаў з’яўляецца тое, што мы грунтоўна і ўзважана падыходзім да прыняцця любых рашэнняў, але аднойчы ўдарыўшы са сваімі партнёрамі па руках, мы скрупулёзна выконваем узятыя на сябе абавязацельствы. Хачу вас запэўніць: сур’ёзна зацікавіўшыся Беларуссю, аўстрыйцы ніколі не будуць расчараваны”, – рэзюмаваў Прэзідэнт.

Ван дэр Белен: Аўстрыя цэніць інтарэс Беларусі да паглыблення адносін, і ён узаемны

Федэральны прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен адзначыў, што на перагаворах у вузкім і пашыраным складах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам быў абмеркаваны шэраг тэм. У іх ліку пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, палітычнага ўзаемадзеяння, захавання агульнай гістарычнай памяці, тэматыкі правоў чалавека.

Аляксандр Ван дэр Белен канстатаваў некаторае збліжэнне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, і візіт беларускага лідара з’яўляецца часткай гэтага працэсу. “Для мяне асабіста ваш візіт у Вену асабліва важны. Перш за ўсё пасля майго ўласнага візіту ў Беларусь у 2018 годзе пры адкрыцці мемарыяла ў Малым Трасцянцы”, – сказаў Федэральны прэзідэнт. Ён адзначыў, што многія аўстрыйцы пакуль мала ведаюць аб гэтым месцы памяці ў параўнанні з іншымі вялікімі канцэнтрацыйнымі лагерамі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Еўропы ў гады вайны.

Федэральны прэзідэнт закрануў і тэму гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю, падкрэсліўшы, што для Аўстрыі важна яго пашырэнне. “І ваш візіт будзе важным момантам у паглыбленні гэтых адносін. ЕС таксама супрацоўнічае з Беларуссю ў рамках “Усходняга партнёрства”. Яно таксама заслугоўвае паглыблення”, – заявіў аўстрыйскі лідар.

Ён звярнуў увагу на ўклад Беларусі ва ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне, прадастаўленне пляцоўкі для перагавораў бакоў. Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Ван дэр Белен падкрэсліў, што мінскія пагадненні пралажылі сцежку, па якой можна знайсці шлях да вырашэння сітуацыі.

“Мы цэнім ваш інтарэс да паглыблення адносін і хацелі б сказаць, што гэта ўзаемна. Мы будзем заставацца ў кантакце. І гэта будзе не апошні візіт у Аўстрыю і Беларусь”, – рэзюмаваў Аляксандр Ван дэр Белен.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←Макей летит в Москву на встречу с Лавровым

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика