Павiншаваць з юбiлеем Галіну Станіславаўну Казубоўскую прыйшлi сябры i калегi
Менавіта так называлі калегі Галіну Станіславаўну Казубоўскую, якая 29 год свайго жыцця прысвяціла працы ў аддзеле адукацыі Пінскага райвыканкама, а 25 з іх была загадчыцай метадычнага кабінета. Напрыканцы кастрычніка Галіна Станіславаўна адзначыла свой 80-ты год нараджэння.
Урачыстае мерапрыемства з нагоды такога цудоўнага юбілея адбылося ў музеі Якуба Коласа, што ў Пінкавічах. І гэта невыпадкова. Бо менавіта Галіна Станіславаўна мае самае непасрэднае дачыненне да стварэння гэтага музея. Яна дапамагала Івану Іосіфавічу Калошы, настаўніку беларускай мовы і літаратуры Пінкавіцкай сярэдняй школы, вырашаць розныя арганізацыйныя моманты, што ўзнікалі падчас такой важнай працы. Аб гэтай старонцы яе біяграфіі таксама ішла гаворка на юбілейным вечары.
Тон урачыстасці задалі артысты Пінкавіцкага СДК – фальклорна-этнаграфічны калектыў «Крыніцы». У іх выкананні прагучалі любімыя песні галоўнай гераіні вечара. Яна з задавальненнем падпявала артыстам і падзякавала ім за цудоўны рэпертуар.
Павіншаваць Галіну Казубоўскую прыехалі людзі, з якімі яна доўгі час працавала, з кім сябравала, каму дала пуцёўку ў працоўнае жыццё. Сярод іх былыя загадчыкі раённага аддзела адукацыі Фелікс Браніслававіч Хрушчалеўскі і Фёдар Пятровіч Каральчук, Ала Іванаўна Прылоўская, былы дырэктар Ахоўскай сярэдняй школы Іван Іванавіч Русецкі, калега Любоў Мікалаеўна Блышчак, старшыня Пінкавіцкага сельвыканкама Анжаліка Паўлаўна Гудкова, які доўгі час узначальвала Пінкавіцкую СШ, стваральнік і загадчык музея Яўгеніі Янішчыц, былы дырэктар Парэцкай школы Антаніна Паўлаўна Сідарук, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Міхаіл Сяргеевіч Заранка, настаўнікі беларускай мовы Пінскага раёна і многія-многія іншыя.
Нарадзілася Галіна Станіславаўна ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. Але так склаўся лёс, што ўсё жыццё і працоўная дзейнасць былі звязаны з Пінскім раёнам. Спачатку працавала настаўніцай, загадчыцай Лісяцічскай пачатковай школы, потым, у 1970-1971 гадах, узначаліла метадычны кабінет раённага аддзела адукацыі. Шмат што было зроблена ёю за гэты час. Пад кіраўніцтвам Г.С. Казубоўскай з’явілася вялікая колькасць творчых настаўнікаў, склалася стройная сістэма метадычнай работы з кіраўніцкімі кадрамі, настаўнікамі-прадметнікамі, маладымі спецыялістамі. Менавіта за патрабаванне працаваць творча, за своеасаблівы штуршок да самаўдасканалення падзякавала Галіне Казубоўскай Людміла Станіславаўна Кучынская, ужо былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Лышчанскай сярэдняй школы. Дзякуючы Галіне Станіславаўне на той час маладая настаўніца старалася развівацца, будаваць урокі адпаведна з патрабаваннямі часу, друкаваць свае напрацоўкі ў настаўніцкіх газетах і часопісах. Вынікам такой працы стала Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, уклад у якую ўнесла, безумоўна, і Галіна Станіславаўна.
Толькі словы падзякі гучалі ў той вечар у адрас віноўніцы ўрачыстасці: за яе дабрыню, чалавечыя якасці, кампетэнтнасць кіраўніка. Вядома, ёй, як загадчыцы метадкабінета, часта прыходзілася бываць з праверкамі ў розных школах раёна. Не сакрэт, што нават самы вопытны настаўнік хвалюецца перад ёю. Галіна Станіславаўна, ведаючы гэта, заўсёды старалася супакоіць калег, перавесці гаворку на іншыя тэмы. Яна была адначасова і патрабавальнай, і спагадлівай, ні ў якім разе не катэгарычнай, заўсёды старалася дапамагчы чалавеку. Для многіх яна была нібы маці, якая і падкажа, і падтрымае, і навучыць новаму, але і пажурыць, калі трэба. Такімі ўспамінамі дзяліліся настаўнікі.
Галіна Станіславаўна была, і зараз застаецца, чалавекам з неспакойным сэрцам, ёй да ўсяго ёсць справа. Пры яе непасрэдным удзеле быў створаны музей Яўгеніі Янішчыц, яна сабрала багаты матэрыял па гісторыі развіцця адукацыі Пінскага раёна з 1944 па 1995 гады, пра заслужаных настаўнікаў і педагагічныя дынастыі Піншчыны, матэрыял для му-зея развіцця адукацыі раёна, адкрыты на базе Пагост-Загародскай СШ.
З 1988 года Галіна Станіславаўна пачала друкавацца ў СМІ, у тым ліку і ў «Палескай праўдзе». Дарэчы, усе яе артыкулы сабраны ў адзін альбом, які яна прадэманстравала на ўрачыстай сустрэчы сваім сябрам і калегам. Думаю, многія чытачы нашага выдання памятаюць змястоўныя матэрыялы Г.С. Казубоўскай, замалёўкі пра настаўнікаў, пра сваю вёску Лісяцічы, якая за столькі год стала ёй роднай. Дарэчы, тут, у Лісяцічах, Галіна Станіславаўна знайшла і сваё сямейнае шчасце, нарадзіла двух сыноў – Вячаслава і Міхаіла. Яны, а таксама нявестка Ганна – настаўнікі. Часам Галіна Станіславаўна тэлефанавала ў рэдакцыю і расказвала, пра каго з яе калег-ветэранаў можна было б напісаць, і дадавала, што няма часу на гэта, але можа прапанаваць сваю ідэю каму іншаму. Так, пад яе кіраўніцтвам у нашу газету артыкулы стаў дасылаць Уладзімір Герасімавіч Зянюціч, былы дырэктар Высокаўскай СШ. Зараз актыўным аўтарам «Палескай праўды» стала вучаніца Г.С. Казубоўскай Наталля Мікалаеўна Паўлавец, выкладчык Пінскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.
Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Галіна Станіславаўна не сядзіць без працы. Побач з домам у яе невялікі агарод. Але найбольш любіць кветкі, асабліва хрызантэмы, як яна гаворыць, «мае кветкі», бо цвітуць у пару яе нараджэння. Усе знаёмыя і сябры ведаюць гэткую яе любоў да хрызантэм і дзеляцца з Галінай Станіславаўнай расадай і насеннем. Дарэчы, і на святочны вечар амаль усе госці прыйшлі з хрызантэмамі. Таксама Г.С. Казубоўская з’яўляецца старастай сваёй вёскі, і спраў там для яе хапае. Яшчэ яна вось ужо як 20 гадоў узначальвае раённы савет ветэранаў педагагічнай працы, а таксама з’яўляецца старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі.
…Асыпаецца восеньская лістота рознакаляровым дажджом, падае пад ногі, шаргаціць, шапоча, нібы штосьці расказвае. З замілаваннем любуецца Галіна Станіславаўна гэтай маляўнічай карцінай, якую падарыла прырода, і так хораша, на цудоўнай беларускай мове апісвае гэтую прыгажосць. Няхай восень яе жыцця будзе яшчэ доўгай і такой жа прыгожай, сагрэтай праменьчыкамі цяпла блізкіх ёй людзей. З юбілеем!
Іна УРБАНОВІЧ
Фота аўтара
Подпишитесь на «Полесскую правду» в социальных сетях
и будьте всегда в курсе событий