Глафіра Лявонцьеўна Ваштаёнак — ветэран педагагічнай працы

Источник материала:  
16.11.2019 — Разное

Глафіра Лявонцьеўна Ваштаёнак — ветэран педагагічнай працы
Профессия школьный учитель
Прекрасна, важна и умна!
И каждый страны нашей житель
Считает: почётна она!
Настаўнік… Як гэта прыгожа гучыць! Яму давяраюць, яго паважаюць. Так было ва ўсе часы, так будзе ў наступных стагоддзях. На настаўніку ляжыць цяжар адказнасці за лёс маладых людзей. Менавіта педагог дае пуцёўку ў вялікае жыццё.
Не аднаму пакаленню шаркаўчан дала пуцёўку ў дарослае жыццё настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Глафіра Лявонцьеўна Ваштаёнак. Першы настаўнік заўсёды застаецца першым на ўсё жыццё. Сваю педагагічную дзейнасць жанчына пачала ў далёкім 1947 годзе. 43 гады налічвае яе працоўны стаж.
— Я хадзіла ў школу, дзе навучанне было на польскай мове, — успамінае сваё дзяцінства Глафіра Лявонцьеўна. — Кожны ўрок пачынаўся і заканчваўся малітвай. Вывучалі мы ў школе Закон Божы. Двойчы на тыдзень у школу прыходзіў свяшчэннік. У пачатку і ў канцы навучальнага года ўсе вучні разам з настаўнікамі хадзілі на службу ў царкву. Пасля таго, як ў верасні 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да БССР, школьныя прадметы нам пачалі выкладаць на рускай і беларускай мовах. Крыху пазней сталі вывучаць і замежную мову — нямецкую.
У 1944 годзе я скончыла 7 класаў. У гэты перыяд у Глыбокім адкрылася педагагічнае вучылішча, куды я і вырашыла паступіць. Умовы, у якіх жылі мы, студэнты, былі вельмі складанымі: холад, строгі распарадак дня, пастаянны недахоп ежы, зімой і ўлетку даводзілася мыцца каля калодзежа. Сталы і скамейкі для вучэбных заняткаў майстравалі самі студэнты. Дзяўчаты разам з юнакамі хадзілі ў лес па дровы. Перад пачаткам заняткаў цэлую гадзіну строем маршыравалі па вуліцах Глыбокага. Кожны дзень з намі праводзілі палітінфармацыю, дзе даведваліся пра навіны з фронту. Але тыя цяжкасці, з якімі пастаянна сутыкаліся, мы перажывалі з надзеяй на лепшую будучыню, што і надавала нам жыццёвай сілы.
Затым ў жыцці Глафіры Лявонцьеўны была яшчэ вучоба ў Віцебскім педагагічным інстытуце і ўсё жыццё, прысвечанае школе — любімай справе і любімым вучням.
14 лістапада Глафіра Лявонцьеўна сустрэла свой дзевяносты дзень нараджэння. У госці да паважанага чалавека прыйшлі старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алеся Уладзіміраўна Грыдзюшка, дырэктар сярэдняй школы № 1 Сяргей Рафаілавіч Ганебны, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гэтай навучальнай установы Ірына Аляксандраўна Кавалёнак і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская. Яны прынеслі юбілярцы шматлікія падарункі, выказалі віншаванні, шчырыя пажаданні доўгіх і шчаслівых год жыцця разам са сваімі роднымі.
… Цярністы шлях у настаўніка. Чыёсьці імя забываецца, а хтосьці духоўна застаецца побач з намі на ўсё жыццё. Так пашанцавала і Глафіры Лявонцьеўне. Яе памятаюць, яе любяць калегі, ўдзячныя вучні, да яе заўсёды прыходзяць сябры і знаёмыя.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика