Больш за 670 прадстаўнікоў СМІ атрымалі акрэдытацыю ў інфацэнтры ЦВК
Акрэдытацыю ў інфармацыйным цэнтры ЦВК «Выбары-2019» атрымалі 678 прадстаўнікоў СМІ, паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра інфармацыі, кіраўнік інфацэнтра Павел Лёгкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Інфацэнтр практычна гатовы да работы. «Наладжана відэа-канферэнц-сувязь з рэгіёнамі, створаны неабходныя ўмовы для работы журналістаў. Мы акрэдытавалі 678 прадстаўнікоў СМІ, у тым ліку 323 замежныя», — праінфармаваў Павел Лёгкі. «Акрамя таго, мы запрасілі групу амаль з чатырох дзясяткаў экспертаў, якія будуць каменціраваць тэматыку парламенцкіх выбараў», — адзначыў ён. Па традыцыі інфацэнтр размясціўся ў малой зале Палаца Рэспублікі. «Тут ёсць усё неабходнае, каб цэнтр працаваў як гадзіннік», — падкрэсліў першы намеснік міністра інфармацыі. Адкрыецца інфацэнтр 17 лістапада (першая прэс-канферэнцыя запланавана на 10.00) і будзе працаваць да глыбокай ночы. На наступны дзень, 18 кастрычніка, ЦВК агучыць тут папярэднія вынікі выбараў. Плануюцца таксама прэс-канферэнцыі наглядальных місій. Інфацэнтр быў адкрыты ў 2001 годзе на выбарах Прэзідэнта. Ён прызначаны быць пляцоўкай для камунікацыі Цэнтрвыбаркама і журналістаў, дзе яны могуць атрымаць самую свежую інфармацыю з першых вуснаў. Выбарчая кампанія ў Беларусі выходзіць на фінішную прамую. Датэрміновае галасаванне завяршаецца 16 лістапада. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць у нядзелю, 17 лістапада
Чытаць цалкам: https://blr.belta.by/politics/view/bolsh-za-670-pradstaunikou-smi-atrymali-akredytatsyju-u-infatsentry-tsvk-82987-2019/