Хлебаробская справа стала сэнсам жыцця рассветаўца Івана Салановіча

Источник материала:  
15.11.2019 — Разное

Хлебаробская справа стала сэнсам жыцця рассветаўца Івана Салановіча

Без перабольшвання шчаслівым можна назваць таго, хто займаецца любімай справай. І калі для аднаго чалавека пэўны занятак здаецца нялёгкім і не прыносіць задавальнення, для іншага – ён становіцца сэнсам жыцця. Менавіта так склаўся працоўны шлях трактарыста-машыніста ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Івана Салановіча.

З ранняй вясны і да поздняй восені ён шчыруе на палетках: займаецца сяўбой сельгас­культур, даглядае іх, збірае вырашчаны ўраджай. Але самая любімая пара — жніво, якое заўсёды выклікае ў Івана Леанідавіча самыя незабыўныя і хвалюючыя пачуцці.
“А як жа іншакш, — адзначае суразмоўца, — мяркую, што наўрад ці знойдзецца чалавек, якога можа не зачараваць выгляд калыхаючагася на вятры залацістага хлебнага калосся ці ззяючае на сонцы збожжа, якое, нібыта бягучая рака, сып­лецца з бункера камбайна ў кузаў аўтамабіля”.
За сваю старанную працу Іван Салановіч мае вялікую колькасць узнагарод, ён заўсёды ў ліку лідараў раённага спаборніцтва.
Вось і сёлета Іван Леанідавіч падчас ўборкі збожжавых і зернебабовых культур стаў абсалютным лідарам у раёне па колькасці намалочанага зерня з улікам кукурузы — 5642 тоны. Дарэчы, як адзначыў камбайнер, за ўсю яго шматгадовую працу на жніве гэта самы высокі намалот.
Сам ён мясцовы, нарадзіўся ў Цейкавічах, у сялянскай мнагадзетнай сям’і. Часцяком пасля заняткаў у школе хлопчык прыбягаў да бацькі ў поле, каб паназіраць, як той старанна працуе, укладваючы душу ў сваю справу. Ужо тады Іван быў упэўнены, што абавязкова звяжа сваё жыццё з працай на зямлі.
Пасля заканчэння Мыш­кавіцкай СШ юнак у Бабруйскім вучылішчы №8 атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Потым была служба ў арміі.
Пасля дэмабілізацыі хлопец вярнуўся на сваю малую радзіму. Працоўную дзей­насць у якасці трактарыста Іван Леанідавіч пачаў у 1978 годзе. Кіраўніцтва “Рассвета” адразу ж даверыла яму магутны “Кіравец”, на тэхніцы гэтай маркі ён адпрацаваў больш за 35 год. З усмешкай герой гэтых радкоў адзначыў, што падчас рамонтаў з закрытымі вачамі мог разабраць і са­браць свой трактар – настолькі ён за гэтыя гады яго дасканала вывучыў. Зараз механізатар працуе на больш “лёгкай” тэхніцы — МТЗ-82 — і толькі падчас уборачнай, у якой сёлета ён удзельнічаў ужо 34-ы год, перасаджваецца на камбайн.
Больш чым за тры дзесяцігоддзі Іван Леанідавіч папрацаваў на камбайнах самых розных марак. І, канешне ж, упэўнены механізатар, убі­раць хлеб на сучасных машынах — адно задавальненне, несумненна яны не ідуць ні ў якае параўнанне з тэхнікай, на якой яму давялося калісьці пачы­наць сваю працоўную дзейнасць.
Нягледзячы на пенсіённы ўзрост, Іван Салановіч ся­дзець без справы не збіраецца, ды і не можа. Вось і сёлета, успамінае камбайнер, ужо планаваў не ўдзельнічаць у жніве, аднак, як толькі хлебныя палеткі паспелі, у яго нават шчыміла сэрца ад адной толькі думкі, што сёлета ён не будзе ўбіраць хлеб, не адчуе разліваючыйся па палях прыемны пах свежаўбранага збожжа. І ён зноў быў у страі, зноў сваёй стараннай і добрасумленнай працай заслужыў шчырыя словы ўдзячнасці і ўзнагароды ад кіраўніцтва раёна і сельгаставарыства, райкама і абкама АПК.
На пытанне, ў чым жа сакрэт яго такой паспяховай працы і пастаяннага лідарства на жніве, Іван Салановіч сціпла адзначае, што проста любіць справу якой займаецца, аддаючы ёй свае сілы і душу, а яшчэ прыемна ўсведамляць, што твая праца прыносіць карысць людзям.
Людміла СЯМЁНАВА.

←Книгоиздатели РБ успешно съездили на Мальту, в Туркменистан

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика