Доска почёта Шумилинского района: ОАО «Витконпродукт»: (цех по выращиванию цыплят-бройлеров «Слобода»)
14.11.2019
—
Разное
«Наш калектыў нацэлены на плённую работу»
Гэты год для калектыва цэха па вырошчванні куранят-бройлераў «Слабада» таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вітконпрадукт» значны: па выніках вытворчасці за 2018 год прадпрыемства занесена на раённую Дошку гонару.
Запамінальны год і для Алега Уладзіміравіча Кашнікава: роўна 20 год ён кіруе цэхам, за добрую работу атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Што работу цэха заўважылі і высока ацанілі – гэта заслуга ўсяго калектыву, лічыць Алег Уладзіміравіч. Менавіта разам дасягнулі добрых вытворчых паказчыкаў: за мінулы год у слабадскім цэху вырасцілі 3 мільёны 357 тысяч галоў птушанят, сярэднясутачныя прывагі склалі 61,6 грама. У жывой вазе ў забойны цэх здалі 8500 тон мяса (на 1200 тон больш, чым за папярэдні год).
За студзень-кастрычнік гэтага года цэх таксама мае нядрэнныя здабыткі: здалі на перапрацоўку 5450 тон мяса. Зараз у 18 птушніках налічваецца 558 тысяч галоў куранят.
«Мы ўдзячны за падтрымку і ўвагу дырэктару ТАА “Віткон-прадукт” Святлане Некрашэвіч, якая заўсёды ідзе нам насустрач, прымае граматныя рашэнні ў інтарэсах вытворчасці, – кажа Алег Уладзіміравіч. – Галаўное прадпрыемства бесперабойна пастаўляе збалансаваныя кармы для птушак. Мы трымаем марку на рынку і ніколі не прымяняем антыбіётыкі. Магу пахваліцца зладжаным калектывам птушніц, слесараў, механізатараў, вартаўнікоў – кожны на сваім месцы. З першых дзён стварэння прадпрыемства працуюць механік Сяргей Сплюхін і электраманцёр Віктар Бабошка. Крыху пазней прывялі на прадпрыемства сваіх жонак – Наталля Сплюхіна і Валянціна Бабошка добрыя птушніцы. Старанна працуюць электрагазазваршчык Віктар Пусянкоў, механізатар Аляксандр Ефімовіч, дэзінфектар Аляксандр Несцераў, вартаўнік Анатоль Шаціла і многія іншыя».
Нядаўна “Вітконпрадукт” выкупіў практычна ўсю тэрыторыю птуш-ніка, якую раней арандавалі ў мясцовага сельгаспрадпрыемства, – ёсць усе падставы развівацца і пашыраць вытворчасць. У будучым плануюць зрабіць капітальны рамонт збудаванняў, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Ужо з наступнага года пачнецца ўцяпленне птушнікаў – гэта дасць магчымасць сэканоміць электраэнергію, а, значыць, і грошы. «Наш калектыў нацэлены на сур’ёзную плённую работу, – кажа Алег Кашнікаў. – І надалей мяркуем працаваць так, каб вытворчасць была прыбытковай».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №89 ад 15.11.2019 г.