«Першы» спектакль пра першыя ўспаміны: Купалаўскі тэатр збірае гісторыі сваіх гледачоў

Источник материала:  
13.11.2019 16:57 — Разное

Для новага спектакля Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы збірае гісторыі сваіх гледачоў. Далучыцца да стварэння новай пастаноўкі можа кожны, хто падзеліцца ўспамінамі пра дзяцінства – менавіта яны і стануць асновай для новай рэжысёрскай працы Рамана Падалякі. Спектакль пад назвай «Першы» будзе першай прэм’ерай на Камернай сцэне тэатра ў гэтым сезоне, які праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі А1.

Сёлета найстарэйшы тэатр краіны распачаў свой соты сезон і святкуе гэтую дату адметнымі падзеямі для сваіх гледачоў. Яшчэ ніколі тут не ставілі дакументальны спектакль, адмыслова для якога ствараўся б матэрыял па рэальных гісторыях рэальных людзей. Ідэя зрабіць пастаноўку для тэатра разам з людзьмі, якія яго наведваюць, належыць самім купалаўцам ­­– Раману Падаляку і Міхаілу Зую. Разам яны і пішуць той тэкст, што потым будзе гучаць са сцэны.

Будуецца ён на ўспамінах акцёраў і гледачоў, у якіх яны вяртаюцца ў сваё мінулае – ад маленства да 15 гадоў – і згадваюць самае важнае, што тады з імі адбылося ўпершыню. Да 26 лістапада кожны ахвотны таксама мае магчымасць стаць суаўтарам новага спектаклю, даслаўшы ліст альбо аўдыя\відэазапіс з расповедам пра нейкі асаблівы момант са свайго дзяцінства.

«Хочацца зрабіць шчыры спектакль пра людзей і для людзей – амаль на мяжы з рэальнасцю, таму мы ўпершыню звяртаемся да сваіх гледачоў са спадзяваннем на тое, што яны падзеляцца з намі сваімі гісторыямі. Нас цікавяць як самыя першыя ўспаміны пра сябе, так і падзеі, што аказалі ўплыў на чалавека ў раннім дзяцінстве. Усё тое, што засталося ў памяці: стасункі з бацькамі, дзіцячае каханне, першыя крыўды і здрады, святы, вясёлыя выпадкі. Мы паспрабуем даследаваць менавіта такія моманты, бо, каб зразумець тую матрыцу, з якой складаецца чалавек, трэба вярнуцца ў яго дзяцінства», – адзначыў Раман Падаляка, які ў дадзеным выпадку з’яўляецца яшчэ і рэжысёрам спектакля «Першы».

Свае ўспаміны ў любым фармаце можна дасылаць Раману на адрас raman.ramuald@gmail.com. Пастановачная каманда пакідае за сабой права рэдагаваць і перакладаць глядацкія гісторыі. Аўтары тых, што будуць адабраныя для спектакля, атрымаюць запрашэнні на прэм’ерныя паказы – яны маюць адбыцца ў студзені 2020 года.

Спектакль «Першы» – працяг гісторыі супрацоўніцтва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і кампаніі А1, што пачалася ў 2018 годзе з падтрымкі дэбютнай рэжысёрскай працы Рамана Падалякі «Радзіва «Прудок».

←В Минске 13-летняя девочка побежала на красный и попала под колеса авто

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика