Перадаць наступным пакаленням памяць пра вайну

Источник материала:  
12.11.2019 — Разное
Перадаць наступным пакаленням памяць пра вайну
7 лістапада на брацкіх могілках у Шуміліне завяршыўся першы этап  міжнароднай акцыі «У славу агульнай Перамогі!» на тэрыторыі нашага раёна.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, выступаючы на мітынгу, адзначыла, што гэтая акцыя мае вялікае значэнне ў першую чаргу для моладзі, бо хутка ўжо не застанецца жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, а нам неабходна захаваць і перадаць наступным пакаленням памяць пра вайну, пра подзвіг савецкіх воінаў, якія перамаглі ворага, адстаялі незалежнасць краіны, здабылі свабоду і мір народам свету.
Яна расказала, што міжнародная акцыя «У славу агульнай Перамогі!» якраз і накіравана на захаванне памяці пра вайну. Зямля з усіх воінскіх пахаванняў, месцаў гібелі мірнага насельніцтва ў Шумілінскім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны будзе сабрана ў капсулу і перададзена ў Мінск.
Перадаць наступным пакаленням памяць пра вайну

Зямлю з брацкіх могілак у Шуміліне бяруць Ірына Новікава, Віктар Прыходзька і Валерый Жандараў.

– Зямля з радзімы святая. Зямля з радзімы, пачырванеўшая ад крыві паўшых воінаў, святая ўдвая, – падкрэсліла Ірына Мікалаеўна. – Кожны метр шумілінскай зямлі паліты крывёю савецкіх воінаў. На тэрыторыі раёна ў 55 воінскіх пахаваннях знаходзяцца 11 675 загінуўшых абаронцаў Айчыны, сярод якіх 15 Герояў Савецкага Саюза. І гэтыя спісы растуць кожны год, бо пошукавая работа, якая вядзецца пастаянна, адкрывае новыя і новыя імёны, дапаўняе звесткі пра салдат, загінуўшых пры вызваленні Шумілінскага раёна.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца тры месцы масавага знішчэння мірных жыхароў, 8 шумілінскіх вёсак спалены нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі, 132 вёскі так і не адрадзіліся пасля вайны. Мы памятаем пра гэта і перададзім гэтую памяць нашчадкам.
Перадаць наступным пакаленням памяць пра вайну

Іерэй Вадзім Яско асвяціў зямлю, узятую з брацкіх могілак.

9 мая 2020 года капсулы з зямлёй з усіх гарадоў і раёнаў Беларусі, з іншых краін будуць урачыста змешчаны ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць пра ахвяры, ратаванню Айчыны нашай паслужыўшых.

Дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова паведаміла, што на брацкіх могілках у Шуміліне ўвекавечана памяць 177 воінаў і гістарычных дзеячаў раёна. Тут пахаваны Герой Савецкага Саюза А. Е. Талмачоў. У 1951 г. на могілках быў пахаваны А. У. Сіпко, дзеяч партызанскага руху на Шуміліншчыне, старшыня Сіроцінскага райвыканкама, а ў 1964 г. – Д. В. Мясаедаў, рота якога ў 1944 годзе захапіла і выратавала ад выбуху мост у Віцебску, першай узняла над вызваленым горадам чырвоны сцяг, ён таксама узначальваў раён у пасляваенныя гады.
Пранікнёную літаратурна-музычную кампазіцыю са зваротам ваеннага пакалення да нашчадкаў падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава разам з кіраўнікамі раённых арганізацый Беларускага саюза афіцэраў Валерыем Жандаравым і Беларускага саюза ваенных маракоў Віктарам Прыходзькам узялі зямлю з брацкіх могілак. Пасля асвяшчэння праваслаўным святаром зямля перададзена на часовае захаванне ў Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Перадаць наступным пакаленням памяць пра вайну
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі да Вечнага агню пунсовыя гваздзікі і вянок ад раённых уладаў і ўсіх жыхароў Шуміліншчыны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №88 ад 12.11.2019 г.

←Минобразования предложило два пути решения проблемы с Минским инновационном университетом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика