Людзям працы — пашана і гонар! З якімі здабыткамі сустракаюць «Дажынкі» працаўнікі Кіраўшчыны

Источник материала:  
06.11.2019 — Разное

Людзям працы — пашана і гонар! З якімі здабыткамі сустракаюць «Дажынкі» працаўнікі Кіраўшчыны

Напярэдадні раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019” наша інтэрв’ю — з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандрам СУХАДОЛЬСКІМ.

— Аляксандр Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці жніва гэтага года: як хлеб новага ўраджаю дастаўся працаўнікам вёскі?

— Становішча спраў у аграрным сектары закранае інтарэсы кожнага чалавека, бо ён з’яўляецца вырашальным у забеспячэнні харчовай незалежнасці краіны.
Сёлета ў аграпрамысловым комплексе раёна рэалізоўваліся мерапрыемствы па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі, мадэрнізацыі вытворча-тэхнічнай базы, паляпшэнні фінансавага становішча гаспадарак.
Праводзімая работа ў галіне раслінаводства дазволіла атрымаць у сельгасарганізацыях, сялянскіх фермерскіх гаспадарках неблагія рэзультаты.
Трэба адзначыць, што наш раён першым на Магілёўшчыне завяршыў жніво. Як вядома, лёгкага хлеба ніколі не бывае. І ў чарговы раз нашы аграрыі экзамен на трываласць вытрымалі дастойна!

— Якім атрымаўся агульны намалот па выніках уборачнай кампаніі, якія з сельгасарганізацый дабіліся лепшых рэзультатаў?

— Збожжавыя і зернебабовыя культуры займалі 14677 га, з іх 45% плошчаў былі адведзены пад пшаніцу і трыцікале — высокаэфектыўныя збожжавыя культуры, а таксама павялічаны плошчы пад зернебабовыя культуры (14% у структуры збожжавых), зерне якіх з’яўляецца натуральным замяняльнікам бялку для галіны жывёлагадоўлі.
Па выніках жніва намалочана 40006 т збожжа (без кукурузы), што склала 105,4% да ўзроўню мінулага года пры сярэдняй ураджайнасці 27,3 ц/га. Найбольш ураджайнай аказалася пшаніца — атрымана 34 ц/га, у валавым зборы яе ўдзельнія вага — 35%.
Самую высокую ўраджай­насць збожжавых атрымалі ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоў­ска­га” — 34,5 ц/га і КСУП “Чырвоны баец” — 30,5 ц/га, у ААТ “Кіраўскае РАПТЗ” — 28,5 ц/га.
Завяршаецца ўборка кукурузы на зерне, чакаецца, што будзе намалочана 22800 т зерня пры ўраджайнасці 92 ц/га.
У такіх гаспадарках, як ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, філіял СВК “Бераснёўскі” і РАПТЗ, гэты паказчык пераўзышоў 100 ц/га.
Вынікова спрацавалі ў раёне па рапсу: намалочана 5680 т масланасення або 151,1% да ўзроўню 2018 года пры сярэдняй ураджайнасці 23,7 ц/га, што на 7,8 ц вышэй за леташні паказчык.
Сельгасарганізацыямі раёна быў паспяхова выкананы дзяржаўны заказ па продажы збожжа, масланасення рапсу, цукровых буракоў.

— Падчас уборкі хлеба многія камбайнеры перакрочылі тысячны рубеж па намалотах, некаторыя дасягнулі больш значных арыенціраў. Высокіх рэзультатаў дасягнулі вадзіцелі на адвозцы збожжа. Пра гэта неаднаразова паведамляла чытачам раённая газета…

— На хлебнай ніве працавалі 63 экіпажы збожжаўборачных камбайнаў, у тым ліку 7 маладзёжных і 4 сямейных, 70 вадзіцеляў і трактарыстаў-машыністаў транспартных сродкаў, якія ажыццяўлялі адвоз збожжа (з іх 3 — ва ўзросце да 31 года). З улікам уборкі кукурузы на зерне 22 экіпажы маюць на сваім рахунку больш тысячы тон, у тым ліку 8 намалацілі больш 2-х тыс. т, 5 — больш 3-х тыс. т, 4 — больш 4 тыс. т і 2 — больш 5 тыс. т. Вось лідары ўборачных работ у цэлым (разам з зернем кукурузы): Іван Салановіч з “Рассвета” — 5642 т, Аляк­сандр Петранкоў з КСУП “Ніва-Барсукі” — 5012 т, Аляксандр Бяляўскі з “Рассвета” — 4640 т,
Аляксандр Міхалькоў з гэтай жа гаспадаркі — 3558 т.
25 вадзіцеляў перавезлі больш 1 тыс.т зерня, у тым ліку 13 — больш 2-х тыс. т, 5 — больш 3-х тыс. т, 2 — больш 4-х тыс. т. Сяргей Іваніцкі з “Рассвета” перавёз 5277 т, у лідарах і яго калегі — Іван Барысёнак, які першым у вобласці дасягнуў тысячнага рэзультата, а ў выніку — 4157 т,
Анатоль Сураўёў — 3660 т, Генадзь Гукаў — 3306 т.
Неблагія паказчыкі і на рахунку камбайнераў і вадзіцеляў іншых гаспадарак.
Трэба дадаць, што значны ўклад у захаванне будучага ўраджаю ўнеслі аператары зернесушыльных комплексаў.
У дасягненні важкіх рэзультатаў, безумоўна, адыгрываюць вялікую ролю выкарыстанне новых тэхналогій на працягу ланцугу палявых работ, тэхнічнае пераўзбраенне. Адзначу, што сёлета сельгас­арганізацыямі раёна набыта 30 адзінак самаходнай, прычапной і навясной сельгастэхнікі і абсталявання.

— Які фундамент закла­дзены ў раёне пад ураджай будучага года?

— У гаспадарках працягваюцца восеньскія палявыя работы. Агранамічнымі службамі плануецца структура пасяўных плошчаў, карэкціруюцца севазвароты, падбіраюцца ўчасткі для вырошчвання найбольш важных, высокарэнтабельных культур. Завершана сяўба азімых, вядзецца ўздым зябліва.
У цяперашні час ідзе назапашванне і ўнясенне пад яравую сяўбу мінеральных угнаенняў. Па стане на 4 лістапада ўнесены калійныя ўгнаенні на плошчы 2888 га з нормай унясення 140 кг/га дзеючага рэчыва калію. Вывезена ў гаспадаркі з баз захоўвання каля 900 т вадкіх азотных угнаенняў, з іх унесена 17,6 тыс. т.
Пад ура­джай будучага года праведзена зябліўная апрацоўка глебы на 5366 га (45% да плана). Гэтая работа працягваецца.
З мэтай павелічэння запасаў арганічнага рэчыва ў глебе пад ураджай 2020 года ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” і ААТ “Дабаснянскае” прыменена новая тэхналогія па пад­рыхтоўцы глебы да веснавой сяўбы. На плошчы каля 500 га ў гэтых гаспадарках пасеяна новая аднагадовая культура — гарчыца белая, яна бу­дзе выкарыстоўвацца як сідэральная культура.

— Як заўжды, нашы руплівыя, добрасумленныя, адказныя працаўнікі право­дзяць важныя сельскагаспадарчыя кампаніі на належным узроўні. Што б Вы ім пажадалі?

— Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім удзельнікам уборачнай кампаніі гэтага года — ад кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў да камбайнераў, вадзіцеляў і іншых працаўнікоў, хто шчыраваў дзеля сёлетняга ўраджаю, пажадаць здароўя, дабрабыту, новых працоўных дасягненняў на карысць працвітання Кіраўскага краю і роднай Беларусі!

Размову вяла Наталля ХАДАКОВА.

←"Сократить декретный отпуск на год? Cначала поднимите зарплату до уровня пособия!"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика