28 кастрычніка ў Мінску прайшоў чарговы форум прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ, які арганізаваны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі

Источник материала:  
01.11.2019 — Разное

28 кастрычніка ў Мінску прайшоў чарговы форум прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ, які арганізаваны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі

Звыш 100 журналістаў з усёй краіны сабраліся 28 кастрычніка ў Мінску ў прэс-цэнтры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на чацвёрты форум прадстаўнікоў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Мерапрыемства арганізавана ФПБ пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

Федэрацыя прымае актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі, якую абмяркоўвалі падчас форума. Прафсаюзы плануюць стварыць сваю дэпутацкую групу ў новым складзе парламента.

У склад тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій увайшлі 283 прадстаўнікі ФПБ. Гэта амаль трэцяя частка ад агульнай колькасці ўсіх прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. У склад участковых выбарчых камісій увайшлі 8985 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Сярод усіх грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый прадстаўніцтва прафсаюзаў у дадзеных выбарчых камісіях з’яўляецца найбольшым.

З 3 кастрычніка пачалася акрэдытацыя назіральнікаў участковымі выбарчымі камісіямі. Па стане на 21 кастрычніка выбарчымі камісіямі акрэдытаваны амаль 1000 назіральнікаў ад прафсаюзаў. Чакаецца, што выніковая колькасць назіральнікаў ад прафсаюзаў наблізіцца да 10000 чалавек.

Дзесяць кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый рознага ўзроўню зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

— Вялікая роля належыць менавіта журналістам у справе таго, як прафсаюзы будуць паказваць правядзенне выбарчай кампаніі, хто будуць гэтыя кандыдаты ад ФПБ, наколькі ў іх актыўная жыццёвая пазіцыя, — сказала карэспандэнтам намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч. — Грамадзянін, які пойдзе аддаваць свой голас на выбарах павінен разумець, за каго і за што ён галасуе.

Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі падкрэсліў, што Міністэрства будзе вітаць крэатыў з боку СМІ для дасягнення мэты — прыцягнення як мага большай колькасці людзей у працэс галасавання на выбарах.

У час форума яго ўдзельнікі абмяркоўвалі формы і метады ўзаемадзеяння сацыяльных партнёраў, вялі гутарку пра актуальныя падзеі ў сацыяльным жыцці краіны і сучасныя тэндэнцыі ў інфармацыйнай прасторы.

Перад прысутнымі выступіў прадстаўнік Мінскага офіса кампаніі “Яндэкс” Яўгеній Лашкевіч. Ён расказаў пра тое, як пабудаваны сэрвіс “Яндэкс. Навіны”. Растлумачыў, як працаваць з вэб-аналітыкай на прыкладзе дадзенага сэрвіса. “Яндэкс. Навіны” — гэта не проста агрэгатар крыніцы навін, гэта яшчэ і выдатны інструмент для прыцягнення людзей да журналісцкага кантэнту.

Завяршыўся форум прэс-канферэнцыяй са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ардой і першым намеснікам міністра інфармацыі Паўлам Лёгкім. Прадстаўнікі рэгіянальных СМІ абмеркавалі не толькі пытанні падрыхтоўкі матэрыялаў выбарчай тэматыкі, але і іншыя праблемы: сітуацыю з цэнамі, новаўвядзенні ў сістэме аплаты працы бюджэтных работнікаў.

У межах форума прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі на лепшы матэрыял пра штурмавік Вялікай Айчыннай вайны “Іл-2”.

На форуме пабываў Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика