Нядаўна ў Варатоўскай сярэдняй школе праводзілася ўрачыстае свята “Пануй, царыца-восень!” Гэта было сумеснае свята нашых дзетак з бацькамі. Яно праходзіла ў рамках шостага школьнага дня.
Гаспадарамі і арганізатарамі свята былі вучні другога класа разам са сваім класным кіраўніком Аленай Аляксандраўнай Шкода. Удзел у свяце прымалі таксама жыхары вёскі і ўсе жадаючыя.
Зала была ўпрыгожана восеньскім лісцем, рабінавымі гронкамі, кветкамі, шарамі і плакатамі восеньскай тэматыкі. Гэта быў незабыўны дзень. Бо ўдзел у свяце прымалі разам са сваімі дзеткамі і бацькі. Было шмат вершаў, загадак, гульняў.
Свята праходзіла ў выглядзе спаборніцтва паміж пачатковымі класамі ў наступных намінацыях: “Дэфіле восеньскіх касцюмаў”, “Самы прыгожы восеньскі выраб”, спаборніцтва паміж матулямі “Лепшы кандытарскі выраб”.
Завяршылася свята ўзнагародамі, удзячнасцямі, прызамі і вялікІм кірмашом-продажам матулінай выпечкі.
Госці, гаспадары, матулі і ўдзельнікі свята разыходзіліся шчаслівыя і задаволеныя. Дарослыя дзякавалі за святочны дзень супольнага адпачынку, дзе кожны адчуваў сябе творчым, крэатыўным, зацікаўленым удзельнікам і адначасова гледачом. Было зроблена шмат сумесных фотаздымкаў на памяць.
Развітваліся з жаданнем праводзіць такія святы як мага часцей і зрабіць іх правядзенне добрай традыцыяй.
А.А. КРЭС, старшыня бацькоўскага камітэта.