Соблюдение земельного законодательства и выполнение социально-экономических показателей рассмотрели на заседании Шумилинского райисполкома
28.10.2019
—
Разное
Работа па захаванні зямельнага заканадаўства і выкананні мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, а таксама вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за дзевяць месяцаў бягучага года былі разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Віктара Гутарава 25 кастрычніка.
Аналіз работы па захаванні зямельнага заканадаўства, навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна прадставіла начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Зоя Гарэленкава.
У раёне вядзецца пэўная работа па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні гарпасёлкаў, аграгарадкоў, вёсак. Праводзіцца рамонт і рэканструкцыя меліярацыйных сістэм. 52 правапарушальнікі зямельнага заканадаўства прыцягнуты да адказнасці. Але існуе значная колькасць праблемных пытанняў. Так, больш за 1800 га зямель зараслі хмызняком і дрэвамі, і гэты працэс працягваецца, асабліва на мелкаконтурных і аддаленых участках сельскагаспадарчых зямель. Слаба ўцягваюцца ў гаспадарчы абарот закінутыя землі, якія калісьці былі выдзелены для вядзення гаспадарак грамадзян, больш за 4,5 тысячы га меліяраваных зямель з агульнай плошчы 24,5 тысячы га патрабуюць рамонту. Слаба вядзецца знос лядашчых дамоў і гаспадарчых пабудоў і рэкультывацыя зямель пад імі (сёлета з 59 дамоў знесены толькі 15). У раёне маецца 366 свабодных зямельных участка для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, вядзення гаспадаркі, але попыт на іх практычна адсутнічае.
У ходзе абмеркавання на пытанні Віктара Гутарава, а таксама начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама Ігара Левянкова, які браў удзел у пасяджэнні, адказвалі Зоя Гарэленкава, начальнік аддзела інтэнсіфікацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Раман Прасветаў, дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў. Пытанні тычыліся асваення закінутых зямель, рэкультывацыі зарослых участкаў, а таксама праектавання і будаўніцтва новага палігона цвёрдых камунальных адходаў, закупкі кантэйнераў для смецця.
Не вельмі радуюць і вынікі сацыяльна эканамічнага развіцця раёна за тры кварталы 2019 года. З пяці паказчыкаў матрыцы задач, устаноўленай аблвыканкамам, выкананы адзін, з дванаццаці паказчыкаў, зацверджаных сесіяй раённага Савета дэпутатаў, – тры, адзначыла ў дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка. Да канца года колькасць выкананых паказчыкаў вырасце, але нязначна. Былі прааналізаваны прычыны такой сітуацыі, вызначаны пэўныя крокі па яе паляпшэнні.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў запатрабаваў ад кіраўнікоў і супрацоўнікаў аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама не канстатаваць сітуацыю, а разам з кіраўніцтвам кожнай арганізацыі вызначаць і прапаноўваць шляхі рашэння праблемных пытанняў. Яшчэ адзін бок дзейнасці ўсіх структур райвыканкама і арганізацый раёна – пошук інвестараў, актыўная прапанова інвестыцыйных пляцовак для вытворчасці і паслуг, якія ёсць у раёне, стварэнне самых спрыяльных умоў для прыходу інвестараў у раён. У якасці прыкладу кіраўнік раёна прывёў Міёрскі раён, дзе мясцовы ўраджэнец, які мае буйны бізнес за межамі Беларусі, прыйшоў на сваю малую радзіму і будуе буйное прадпрыемства – завод белай бляхі, а таксама такі сацыяльны аб’ект, як сучасны кардыялагічны цэнтр. Старшыня райвыканкама адзначыў, што ў рашэннях па пытаннях, што выносяцца на пасяджэнні райвыканкама, павінны быць прапісаны канкрэтныя крокі, тэрміны і адказныя за выкананне, а перыядычна неабходна заслухоўваць ход выканання прынятых рашэнняў.
На пасяджэнні райвыканкама было заслухана прадстаўленне пракурора раёна Сяргея Зайцава аб захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №85 ад 29.10.2019 г.