Канцэрт “зорак” беларускай эстрады і піратэхнічнае прадстаўленне. Стала вядома, чым Смаргонь будзе здзіўляць гасцей на “Дажынках”
Прыбліжаецца абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019”. Начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяну Ражэву прыадкрыць завесу надыходзячага свята.
Таццяна Мар’янаўна ўдакладніла, што ўрачыстае адкрыццё імпрэзы адбудзецца 23 лістапада ў 11.00 на галоўнай сцэне на плошчы Леніна. Пасля на працягу дня практычна ў рэжыме нон-стоп будуць выступаць вядучыя калектывы Гродзеншчыны і Гродна. А ў 19.00 на сцэну выйдуць “зоркі” беларускай эстрады – арт-група “Беларусы”, Іскуі Абалян і група “J:морс”.
У 15.00 у раённым Цэнтры культуры пройдзе ўрачыстая цырымонія ўшанавання перадавікоў “Дажынкі-2019” “Слава табе, хлебароб”. Акрамя гэтага, ужо ў дзесяць гадзін раніцы цэнтральная частка горада ператворыцца ў вялікую прэзентацыйна-канцэртную пляцоўку. На вуліцы Савецкай можна будзе ўбачыць “Скарбы малой радзімы”: тут размесцяцца падворкі ўсіх раёнаў Гродзеншчыны.
У гарадскім парку, акрамя традыцыйнага горада майстроў, будзе працаваць музейна-этнаграфічная экспазіцыя пад адкрытым небам “Ад сявенькі да хлеба”. Тут будуць прадстаўлены прадметы вясковага побыту, выступяць фальклорныя калектывы, яскравай адметнасцю пляцоўкі стануць майстар-класы па вырабе паясоў, лазапляценні, ткацтве. Можна будзе паўдзельнічаць і ў анімацыйна-рэалістычнай дзеі “Калі да лёну з паклонам — аддзячыць добра лён”.
У летнім амфітэатры выступяць народныя і фальклорныя калектывы вобласці.
На “Дажыначным вернісажы” будуць прадстаўлены мастацкія работы выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў імя М. К. Агінскага і самадзейных мастакоў.
Каля амфітэатра размесціцца выстава-конкурс “Дары зямелькі беларускай” (на самую вялікую садавіну ці гародніну) і будзе працаваць маладзёжная пляцоўка.
Свае выставы ў парку арганізуюць лясныя і паляўнічыя гаспадаркі, а таксама тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання Гродзеншчыны. Каля гарадскога стадыёна смаргонскія пагранічнікі прадставяць сваю забаўляльную праграму, у якой паўдзельнічаюць і чацвераногія байцы – выхаванцы кіналагічнага цэнтра.
Можна будзе наведаць выставу сельскагаспадарчай жывёлы з элементамі кантактнага заапарку, якая размесціцца на баскетбольнай пляцоўцы гарадскога стадыёна. Побач – пройдуць спартыўныя спаборніцтвы.
На вуліцы Балыша будуць працаваць выставачна-анімацыйныя падворкі сярэднеспецыяльных устаноў вобласці. Тут будзе і канцэртная пляцоўка. А на вуліцы Чырвонаармейскай – выстава тэхнікі гандлёвага дома “BELARUS”.
У “Краіну цудаў і забаў” (каля будынка “SPACE CINEMA CLUB”) запросяць дзетвару і іх бацькоў Маша і Мядзведзь. Анімацыйныя дзіцячыя праграмы прадставяць калектывы з усёй вобласці. Са сваёй тэатралізавана-гульнёвай праграмай выступіць вулічны тэатр “Вір”, у межах якой адбудзецца майстар-клас па хаджэнні і танцах на хадулях. У памяшканні клуба “SPACE CINEMA CLUB” дзеці змогуць паглядзець мультфільмы і выступленне смаргонскай батлейкі.
Пляцоўкі ў гарадскім парку і каля “SPACE CINEMA CLUB” спыняць сваю работу ў 17.00.
З 12.00 да 14.00 адбудзецца прэзентацыя гарадскога бульвара “Смаргонь гістарычная” (адрэзак вуліцы Савецкай ад ЦУМа да аптэкі №99).
Гандлёвыя аб’екты і аб’екты грамадскага харчавання на вуліцы Гагарына (адрэзак ад вуліцы Савецкай да Якуба Коласа) будуць працаваць з 9.30 да 22.00. Тут таксама размесцяцца тры сцэнічныя пляцоўкі.
Заключным акордам абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2019”, у 22.00, стане піратэхнічнае прадстаўленне.