Два мінчукі абакралі знаёмага на $20 000, але ад здабычы засталося толькі фота
minsk.mvd.gov.by
Мінскія праваахоўнікі затрымалі двух маладых людзей, якія скралі ў новага знаёмага вялікую суму грошай, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Вяртаючыся дадому, 57-гадовы мужчына пазнаёміўся каля пад'езда з двума юнакамі. Ён прапанаваў ім зайсці да яго ў кватэру і выпіць за знаёмства. Праз пэўны час мужчына заснуў, а юнакі скралі ў яго грошы (каля 10 тысяч долараў), два наручныя гадзіннікі, залатыя і срэбраныя вырабы. Агульная сума шкды склала каля 20 тысяч долараў.
Са сваёй здабычай юнакі паехалі ў Расію. Адзін з іх сфатаграфаваўся з крадзенымі грашыма.
Калі грошы скончыліся, юнакі вярнуліся ў Мінск. Тут праваахоўнікі і затрымалі 18-гадовага хлопца, якога раней судзілі за хуліганства, і ягонага 19-гадовага прыяцеля. Цяпер міліцыянты правяраюць, ці не маюць тыя дачынення да іншых злачынстваў на тэрыторыі Беларусі і Расіі.