У Шаркаўшчынскім раёне ў мінулыя выхадныя прайшла рэспубліканская добраахвотная акцыя «Чысты лес»
19 кастрычніка пачалася рэспубліканская добраахвотная акцыя “Чысты лес”. Яна ўяўляе сабой важкую практычную дапамогу спецыялістам лясной галіны.
У нашым рэгіёне на ўборку прыдарожнай лясной тэрыторыі разам з дарослымі актыўна выйшлі дзеці – вучні Германавіцкай ДС-СШ і Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2. Разам з прадстаўнікамі Германавіцкага лясніцтва, старшынёй Германавіцкага сельвыканкама Маяй Яўгеньеўнай Якімовіч і сваімі педагогамі Марынай Аляксандраўнай Фёдаравай, Аксанай Паўлаўнай Пачэпка і Інай Пятроўнай Забела школьнікі ачысцілі адж смецця вялікі прыдарожны ўчастак лесу ва ўрочышчы Заламы (тэрыторыя паміж вёскамі Германавічы і Дзікева).
-Для работнікаў лясной гаспадаркі ўборка лясной тэрыторыі – не аднаразовая акцыя, расказаў памочнік ляснічага Германавіцкага лясніцтва Сяргей Уладзіміравіч Малыш.- Наводзім парадак у лесе па меры неабходнасці на працягу ўсяго года. Па-першае, акцыя “Чысты лес” дапамагае ачысціць лес ад смецця. Па-другое, і гэта самае галоўнае, – яна вучыць насельніцтва беражлівым адносінам да аднаго з самых галоўных прыродных рэсурсаў нашай краіны – лесу. Прыемна бачыць актыўную падтрымку і неабыякавыя адносіны з боку старшыні Германавіцкага сельскага выканаўчага камітэта М. Я. Якімовіч, педагогаў і дзяцей з нашай Германавіцкай і Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2, з якімі мы супрацоўнічаем ужо не першы год.
У мінулую суботу дзеці ачышчалі ад бытавога смецця прыдарожную тэрыторыю ляснога масіва ва ўрочышчы Заламы, прайшлі ўчастак працягласцю каля 4 кіламетраў. Усе працавалі старанна, сумяшчаючы карысную справу з адпачынкам на свежым паветры, ўнеслі свой даволі важкі ўклад у добраўпарадкаванне лясной тэрыторыі.Зрабілі сапраўды многа. Дзякую ўсім ўдзельнікам акцыі!
-Хочацца верыць, што акцыя “Чысты лес”, да якой у чарговы раз далучыліся нашы вучні, дапаможа многім больш беражліва адносіцца да лесу і паважаць працу работнікаў лясной гаспадаркі, галоўная задача якіх — вырошчваць і зберагаць лес для будучых пакаленняў, а не прыбіраць смецце, якога так шмат пакідаюць пасля свайго адпачынку мясцовыя жыхары, -адзначылі педагогі школ нашага раёна Марына Фёдарава і Аксана Пачэпка – лепшыя грамадскія эколагі Беларусі.