Жыхарка Маладзечна вельмі хацела ў бальніцу і прыдумала напад на сябе

minobl.mvd.gov.by
25-гадовая жыхарка Маладзечна вельмі хацела ў бальніцу і прыдумала напад на сябе. Яна паведаміла міліцыянерам, што ўвечары ў парку невядомы мужчына парэзаў ёй рукі нажом і забраў сумку, у якой былі 50 рублёў. Пры гэтым дзяўчына ўжо была дома, пасля нападу прайшла гадзіна. Як інфармуе прэс-служба маладзечанскай міліцыі, аператыўнікі, апытваючы пацярпелую, заўважылі нестыкоўкі ў яе паказаннях. Міліцыянеры вырашылі, што дзяўчына кажа няпраўду, і яна ў гэтым прызналася.
Па словах "пацярпелай", яна прыдумала гісторыю пра напад, паколькі спрабавала трапіць у бальніцу. Парэзы на руках нанесла сама. Яе кухонны нож аказаўся тупым, таму ўзяла нож у суседа. Дзяўчыну забрала "хуткая" і завезла ў прыёмны пакой бальніцы. Аднак яе агледзелі і адпусцілі дахаты. Тады і з'явілася ідэя прыдумаць гісторыю пра напад.
Сілавікі праводзяць праверку. Калі будзе распачатая крымінальная справа за заведама ілжывы данос, то жыхарцы Маладзечна пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.