Анастасія Аляхновіч – пераможца рэспубліканскага конкурсу дзіцячых малюнкаў па экалогіі
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь падвяло вынікі штогаддовага рэспубліканскага конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку. У ліку пераможцаўрэспубліканскага конкурсу — вучаніца 5 класа Германавіцкай ДС-СШ Анасітасія Аляхновіч. Яе работа “Захавальнікі балота Ельня”, створаная апад кіраўніцтвам педагога Лідзіі Генадзьеўны Мядзелец, заваявала 2 месца ва ўзроставай катэгорыі ад 6 да 10 год.
-У гэтым годзе былі прадстаўленны малюнкі, выкананыя з выкарыстаннем розных тэхнік, уключаючы аплікацыю. Ва ўсіх іх адлюстраваны беражлівыя адносіны да прыроды, ахова жывёльнага і расліннага свету, водных рэсурсаў, паветра, захаванне асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, -адзначылі на сайце Міністэрства прыроды.
— А мы паспрабавалі стварыць такую работу, якая б адрознівалася ад усіх іншых і адначасова з гэтым наглядна магла прадэманстраваць, як вырашаюццаэкалагічныя праблемы ў нашай мясцовасці, адзначыла настаўніца пачатковых класаў Лідзія Генадзьеўна Мядзелец.- Сюжэтам для малюнка стаў архіўны фотаздымак. На ім людзі, якія працуюць на балоце, будуюць плаціну. Вось і ў сваёй конкурснай рабоце Анастасія Аляхновіч адлюстравала як жыхары нашага раёна імкнуцца захаваць водны баланс балота Ельня ў яго першапачатковым некранутым цывілізацыяй выглядзе. А перад тым, якпачаць працу над малюнкам, дзяўчынка неаднаразова наведвала экалагічны клас у Германавіцкай школе, вывучала інфармацыю пра балота Ельня, яго раслінны і жывёльны свет. Работа ў выніку атрымалася выдатнай.
Як прызналася сама Анастасія, з самага ранняга дзяцінства яна вельмі любіць маляваць. І 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячых малюнкаў – гэта вынік сумеснай працы юнага аўтара – творчай і стараннай дзяўчынкі і выдатнага педагога Лідзіі Генадзьеўны Мядзелец. Амаль трыццаць год Лідзія Генадзьеўна працуе ў сферы адукацыі нашага раёна, 15 з іх – у Германавіцкай сярэдняй школе.
У адзін з кастрычніцкіх дзён навучальную ўстанову ў Германавічах наведаў начальнік Шаркаўшчынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Іванавіч Міхалёнак. Ён павіншаваў Анастасію Аляхновіч і яе педагога з заслужанай узнагарордай, уручыў дзяўчынцы дыплом і кнігу па экалогіі.