(Механізатар Валерый Юркавец, які заняты на адвозцы капусты да агароднінасховішча, і аграном-агароднінавод Іван Фядотаў.)
У ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” ў самым разгары ўборка капусты. За гэтым працэсам назіралі прадстаўнікі рэдакцыі «Кіраўца».
Пад гэтую хрумсткую агародніну позніх гатункаў рассветаўцы сёлета адвялі 18 га. Па стане на ўчарашні дзень капуста была ўбрана на 3 га, а сярэдняя ўраджайнасць склала 867 ц/га.
Як адзначыў у размове аграном-агароднінавод Іван Фядотаў, некаторыя качаны выглядаюць сапраўднымі веліканамі. На сёлетні ўраджай капусты, яны папрацавалі яшчэ з вясны: закупілі якаснае і добра зарэкамендаваўшае сябе насенне гатункаў “наватар”, “зянон”, “старыдор”, “зіеланор”, своечасова правялі пасадку расады і высадку яе ў адкрыты грунт. На асаблівым кантролі спецыялістаў былі работы па падкормцы раслін, іх апрацоўцы ад пустазелля і шкоднікаў. І вось вынік не прымусіў сябе чакаць.
Зараз, каб правесці ўборачныя работы ў вызначаны тэрмін, рассветаўцы акрамя ўласных сіл прыцягваюць да ўборкі агародніны, якая, дарэчы, вядзецца ўручную, грамадзян, якія жадаюць прымаць удзел у аплачваемых работах.
На адвозцы сабранага ўраджаю заняты 6 адзінак тэхнікі. Хутка дастаўляюць качаны да месцаў складзіравання механізатары Валерый Юркавец, Алег Паўлюц, Іван Фамін, Сяргей Міхалап.
Уся сабраная прадукцыя звозіцца на агароднінасховішча сельгаставарыства, дзе ідзе ачыстка капусты, яе сартыроўка. Затым частка адпраўляецца на рэалізацыю праз гандлёвыя кропкі, астатняе — ідзе на закладку для далейшага захоўвання.
Фота Максіма Мікешына.