Нездарма хтосьці ў свой час сказаў, што дзень пажылых людзей лепш назваць святам мудрых і дасведчаных, якія дасягнулі сярэбранага ўзросту. Такое параў-нанне гучыць больш карэктна і прыгожа. І сапраўды, колькі на рахунку асоб паважанага ўзросту добрых спраў, вопыту і розных уменняў.
На заслужаным адпачынку нашы людзі вядуць актыўны лад жыцця, ствараюць сабе ды іншым добры настрой. Па прыклады далёка хадзіць не трэба, бо мы бачым і чуем, як пенсіянеры спяваюць у харавых калектывах, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах і акцыях, займаюцца спортам. Усё гэта садзейнічае падтрыманню тонусу і выдатнаму самаадчуванню людзей старэйшага ўзросту, што, у сваю чаргу, падаўжае жыццё. А калі збіраюцца разам ды адзначаюць свята — градус пазітыву павышаецца на шмат адзінак!
Так, у аддзяленні забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту НРТЦСАН напярэдадні 1 кастрычніка супрацоўнікі наладзілі святочную праграму. Вядучыя Н.У. Дзігмунтовіч і Г.Л. Бушмакіна прыводзілі цікавыя факты, задавалі арыгінальныя пытанні, звязаныя з восеньскімі песнямі і кветкамі. Падзяліўшыся на каманды, прысутныя змаглі прадэманстраваць свае веды і вакальныя здольнасці ў гэтай вобласці. А як было весела, калі трошкі памыляліся і адказвалі з гумарам! Словам, спадабалася ўсім, а капітаны каманд атрымалі сувеніры. Затым усе сабраліся за “салодкім сталом”, каб выпіць чаю ці кавы з прысмакамі. Была яшчэ адна святочная нагода: павіншаваць нашых імянінніц Ніну Лабазіну і Ірыну Кіпець. Мы пажадалі ім усяго самага лепшага. Пасля спявалі песні, размаўлялі і жартавалі.
Разыходзіліся госці свята з цудоўным настроем і ўдзячнасцю дырэкцыі філіяла “Нясвіжскі хлебазавод” ААТ “Барысаўхлебпрам” за смачныя падарункі, якія прыгожа аздобілі стол.
Раіса Хвір,
г. Нясвіж.