Узнагарода за творчае гарэнне Зінаідзе Дудзюк
У Белай зале Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску напярэдадні Дня работнікаў культуры адбылося ўшанаванне прадстаўнікоў гэтай галіны культуры. Сярод узнагароджаных – паэт, празаік, драматург, перакладчык Зінаіда Дудзюк.
Быў агучаны зварот міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара да ўдзельнікаў сустрэчы, у якім адзначалася вялікая адказнасць беларусаў за захаванне сваёй ідэнтычнасці ў свеце шляхам зберажэння культурнага багацця папярэдніх пакаленняў.
Потым слова мела старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава.
– Асветніцкі характар вашай дзейнасці нясе ў сабе святло і любоў, прыгажосць і дасканаласць, спрыяе захаванню і прымнажэнню культурнай спадчыны нашай краіны, – падкрэсліла яна, звяртаючыся да супрацоўнікаў галіны.
– Ваша праца не мае цаны. Кожны з вас заслужана лічыцца ўвасабленнем творчасці і таленту. У гэты святочны дзень дазвольце выказаць вам шчырую падзяку за нязгаснае творчае гарэнне і адданасць сваёй справе.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Таццяна Філімонава ўручыла дыпломы лаўрэатам прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. І ў намінацыі “Літаратура, журналістыка, крытыка” ўзнагароду атрымала паэт, празаік, драматург, перакладчык Зінаіда Дудзюк. Віншуем!
Фота з сайта ДУ “Белорусский культурный центр духовного Возрождения”
|