Тэма тыдня: форум «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані»
Форум «Мінскага дыялогу» на тэму «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані» прайшоў 7-8 кастрычніка ў беларускай сталіцы. Удзел у форуме прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Мерапрыемства сабрала высокапастаўленых афіцыйных асоб і вядучых экспертаў з ЕС, Расіі, ЗША, Кітая і дзяржаў Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Місія форуму — прадастаўляць адкрытую пляцоўку без геапалітычных раздзяляльных ліній для даследаванняў і дыскусій аб міжнародных адносінах і бяспецы ва Усходняй Еўропе.
Лукашэнка: пагрозы бяспецы дамінуюць у спісе сучасных выклікаў чалавецтву
«Цалкам відавочна, у спісе сучасных выклікаў чалавецтву дамінуюць пагрозы бяспецы. Пры гэтым шматбаковыя пляцоўкі, уключаючы Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, АБСЕ, становяцца месцам высвятлення адносін, а не вырашэння праблем. Сістэма ваенна-палітычных стрымліванняў і проціваг развальваецца на вачах, а міжнародныя арганізацыі пакуль не могуць спыніць гэты працэс, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Можа, і не хочуць. А можа, тыя, хто дамінуе ў гэтых арганізацыях, зацікаўлены ў гэтым».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах, разладжванне асноў інтэрнацыянальнай бяспекі, рост колькасці рэгіянальных канфліктаў закранаюць большасць кантынентаў.
«Мы пачалі ўжо біць у набат, заклікаючы спыніць процістаянне. Апошнім часам асабліва шмат гаворым аб неабходнасці дыялогу, умацавання мер даверу і пошуку кампрамісаў. Але свет, на жаль, лепшым не становіцца. Больш таго, мы з’яўляемся сведкамі новага вітка стратэгічнага саперніцтва так званых вялікіх дзяржаў, полюсаў сілы. Гандлёвыя войны і санкцыйнае процістаянне набіраюць усё большыя абароты, узмацняецца барацьба за энерганосьбіты і сыравінныя рэсурсы», — канстатаваў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што не вырашаюцца шматлікія ўзброеныя і замарожаныя канфлікты на Блізкім Усходзе, у Азіі, Лацінскай Амерыцы і Еўропе. Пры гэтым, паводле яго слоў, выкарыстоўваюцца ўсё больш прадуманыя метады барацьбы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў атакі з дапамогай беспілотнікаў на нафтавыя аб’екты Саудаўскай Аравіі, назваўшы іх новым, раней не бачаным прэцэдэнтам.
«Такім чынам свет убачыў новую зброю — простую, танную, даступную амаль кожнаму тэрарысту, але якая можа нанесці незаменны ўрон не толькі адной дзяржаве, але і планеце ў цэлым», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: за апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі
«За апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі. З аднаго боку, мы ваенна-палітычны саюзнік нашай Расіі, удзельнік Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Ні ў адной дзяржавы няма такога ўзроўню адносін з Масквой, як у нас. У той жа час наша краіна заключыла міжнародныя дагаворы ў галіне бяспекі і мер даверу з усімі суседзямі, у тым ліку з дзяржавамі — членамі НАТА. А з такім суседам, як Украіна ў нас больш за 120 міжнародных пагадненняў. Мы гатовы напаўняць гэтыя двухбаковыя пагадненні новым зместам, удасканальваць іх», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сігналы, якія беларускі бок атрымлівае ад партнёраў, сведчаць аб тым, што і яны гатовы да такога ўзаемадзеяння. «Гэта — унікальны рэсурс у цяперашняй сітуацыі. І мы ўсе абавязаны ім скарыстацца. Каб мы, еўрапейцы, даказалі самі сабе і ўсяму свету, што архітэктура еўрапейскай бяспекі можа быць адноўлена, што можа быць іншая мадэль адносін Расіі і НАТА, Кітая і ЗША і яе праекцыя на Еўропу. Не такая, як апошнія пяць гадоў», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што Беларусь шмат у чым фарміруе такую гісторыю поспеху ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі, краіна і далей будзе прадаўжаць такі курс, як бы ён камусьці ні падабаўся.
«Мы чуем, бачым, што нехта ставіць пад сумненне, нехта шкадуе, што не ўсё Беларусь можа, а, можа, і нічога не можа. А нехта проста ўхмыляецца: ды ну, ці ім вырашаць нейкія пытанні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы нічога не збіраемся вырашаць за некага. Дай бог за сябе вырашыць. Мы проста вам прапануем: давайце збірацца ў гэтым ціхім, спакойным пакуль што месцы і будзем абмяркоўваць нашы праблемы, нейкія пытанні».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, шт Беларусь прыкладае максімум намаганняў і мае намер гэтак жа дзейнічаць і ў далейшым — для гэтага ў краіны, паводле яго слоў, ёсць усё неабходнае. «Само размяшчэнне беларускай зямлі, шматвяковыя духоўныя і культурныя традыцыі жыцця беларусаў, іх мірны ўклад і стваральная праца абумоўліваюць нашу пазіцыю. Дадайце да гэтага яшчэ нашу гісторыю: мы наваяваліся як ні адзін іншы народ. Прытым не мы былі ініцыятарамі гэтых войнаў і не за сябе ваявалі часам», — падкрэсліў беларускі лідар.
Лукашэнка агучыў канкрэтныя прапановы па пачатку новага Хельсінкскага працэсу
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага Хельсінкскага працэсу.
Прэзідэнт перакананы ў адсутнасці імгненнага, універсальнага рэцэпта нармалізацыі сітуацыі ў свеце і Еўропе. На яго думку, адысці ад краю бездані глабальнага канфлікту можна толькі шляхам дыялогу.
«Усё больш відавочна неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага працэсу «Хельсінкі» — пад эгідай АБСЕ, а магчыма, і пад эгідай ААН, — сказаў ён. — Трэба прыняць дакумент стратэгічнага характару па ўмацаванні міжнароднай бяспекі і ў Еўра-Атлантыцы, і ў больш шырокім маштабе. Сёння немагчыма вырашаць гэтыя пытанні без Кітайскай Народнай Рэспублікі. Важна ўлічваць таксама меркаванне і іншых краін, чый уплыў у свеце сёння расце».
«Мы гатовы пашыраць ідэю «Хельсінкі-2», дыялог Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ і НАТА, спалучэнне з кітайскім праектам «Адзін пояс, адзін шлях», з ШАС, АСЕАН, стварэнне «пояса лічбавага добрасуседства» (аб гэтым усё больш цяпер гавораць). Будзем падтрымліваць усе канструктыўныя ідэі, накіраваныя на пераадоленне раздзяляльных ліній, захаванне міру», — запэўніў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў час міжнароднай канферэнцыі ў Мінску абмяркоўваюцца лёсавызначальныя тэмы, і выказаў надзею, што дыскусіі будуць канструктыўнымі і аналітычнымі, калі бакі вядуць дыялог не адзін супраць аднаго, а адзін з адным. «Аналітыкі, эксперты, па сутнасці, не абмежаваны ў сваіх меркаваннях і ў адрозненне ад палітыкаў могуць дазволіць сабе сказаць усё, што лічаць патрэбным. Абазначыць любыя ідэі, аж да самых нестандартных, прапанаваць рашэнні, якія цяпер патрэбны міжнароднай супольнасці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вельмі разлічваю, што думкі і высновы, якія прагучалі тут, будуць запатрабаваны тымі, хто прымае важныя палітычныя рашэнні».
Беларусь ініцыюе распрацоўку дэкларацыі аб нераспаўсюджванні РСМД у Еўропе
У сувязі з разрывам Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці нарастае занепакоенасць ЗША і Расіі наконт бяспекі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. «Аб гэтым сведчаць нашы нядаўнія кантакты з амерыканскімі прадстаўнікамі і пасланне Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна шырокаму колу краін аб мараторыі на разгортванне ракет у Еўропе і іншых рэгіёнах свету», — растлумачыў Прэзідэнт.
«Можа, усё ж такі варта сабрацца і абмеркаваць гэту, бадай што, самую актуальную на гэты час праблему. Калі хочаце — у Мінску або нейкім іншым месцы, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш што Беларусь ужо выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Гатовы нават ініцыяваць, а тое і ўзяць на сябе, распрацоўку тэксту гэтага дакумента».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая дэкларацыя не стане раўназначнай заменай дагавора, але ўсё ж яна магла б дапамагчы ў запаўненні прававога вакууму ў рэгуляванні гэтага сегмента ўзбраенняў. «Мы спадзяёмся, што такі дакумент атрымае падтрымку многіх дзяржаў і стане практычным укладам у рэалізацыю нашай ініцыятывы аб запуску міжнароднага дыялогу па бяспецы», — дадаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі сітуацыю вакол РСМД ведаюць у асноўным з рускамоўных крыніц, якія тлумачаць пазіцыю Расіі. Іншы пункт гледжання Аляксандр Лукашэнка нядаўна пачуў у час размовы з высокапастаўленым амерыканскім палітыкам. Беларускі лідар заўважыў, што не было відавочнай неабходнасці разрыву дагавора аб РСМД, паколькі Расія гатова ісці на розныя ўступкі. «Я выклаў пазіцыю, як мы чуем з боку Расіі, і яго адказ (фактычна як папрок) мяне ўразіў. Ён кажа: «Не, з Расіяй наогул немагчыма на гэту тэму размаўляць, усе нашы ініцыятывы яны наогул не чуюць», — перадаў змест размовы Прэзідэнт. — Я падумаў: «А дзе праўда?» Дык, можа, варта сабрацца і абмеркаваць. Пачуць розныя пункты гледжання і хаця б знайсці для сябе, на чыім баку тут праўда. Гэта вельмі важна — разуменне праблемы да таго, як яе вырашаць».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з моманту атрымання незалежнасці і суверэнітэту ўжо больш за чвэрць стагоддзя выступае донарам стабільнасці, пастаўшчыком і еўрапейскай, і міжнароднай бяспекі.
«Гісторыя поспеху Беларусі як надзейнага партнёра, які карыстаецца даверам і Усходу, і Захаду, магла б стаць адказам на пытанне, ці можна зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і канструктыўнага ўзаемадзеяння, — сказаў ён. — Сёння новую гісторыю поспеху еўрапейскай бяспекі трэба збіраць літаральна па крупінках. Малыя і сярэднія дзяржавы, такія як Беларусь, могуць унесці рэальны ўклад у адраджэнне «духу Хельсінкі» на еўрапейскай прасторы. Перакананы: рэалізацыя такога падыходу выгадна ўсім ключавым сусветным ігракам — і Расіі, і ЕС, і ЗША, і Кітаю».
Прэзідэнт лічыць ненармальнай сітуацыю, калі працяглы час лідары краін Еўрапейскага рэгіёна не збіраліся для абмеркавання бягучай сітуацыі і накопленых праблем, а таксама каб адкрыта перагаварыць сам-насам і даць сігнал планеце. «А калі не сігнал, то хаця б развеяць розныя міфы, — прадоўжыў ён. — Навошта тады АБСЕ? Навошта мы стваралі гэту арганізацыю? Каб пасылаць місіі на выбары? Гэта ж арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе».
Аднаўленне Хельсінкскага працэсу дасць магчымасць знізіць узровень існуючых рызык і геапалітычную праблемнасць Усходняй Еўропы, вызваліць значныя рэсурсы, якія можна накіраваць на мірныя, стваральныя мэты. «Гэта будзе таксама садзейнічаць спыненню далейшай эскалацыі канфліктаў і паступоваму паляпшэнню атмасферы ў адносінах Захаду і Усходу», — канстатаваў беларускі лідар.
Лукашэнка: градус недаверу і канфрантацыі паміж Усходам і Захадам дасягнуў мяжы
«Нас не можа не хваляваць той факт, што градус недаверу і канфрантацыі паміж Усходам і Захадам дасягнуў мяжы. Эксперты ў галіне бяспекі і раззбраення з абодвух бакоў ужо малююць жудасную сваёй праўдападобнасцю карціну. Усяго за некалькі хвілін Расія і НАТА, напрыклад, могуць прайсці шлях ад ненаўмыснага лакальнага канфлікту да ядзернай вайны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, пасля нядаўняга выхаду з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці ключавых яго ўдзельнікаў — ЗША і Расіі — працэс разбурэння архітэктуры кантролю над узбраеннямі фактычна выйшаў на фінішную прамую.
«Апошні рубеж — Дагавор па стратэгічных наступальных узбраеннях. Калі бакі не дамовяцца аб яго прадаўжэнні, усяго праз два гады (па-мойму, да 2021 года) свет апынецца ў сітуацыі, калі адносіны ў сферы ядзерных узбраенняў наогул не будуць нічым рэгулявацца. Чалавецтва сямімільнымі крокамі рухаецца да мяжы, за якой сапраўды — бездань», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
У той жа час кіраўнік дзяржавы прызнаў, што ў вялікіх дзяржаў ёсць падставы адносіцца адзін да аднаго з недаверам. «Недружалюбныя або нават агрэсіўныя дзеянні ў мінулым укараняюць узаемныя падазрэнні і апасенні на доўгія гады наперад, — дадаў ён. — У ідэале нам трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве. Да каштоўнасцей «Хельсінкі» і заключнага яго акта, Парыжскай хартыі для новай Еўропы. Нам усім тэрмінова патрэбна моцная гісторыя поспеху, якая пераканае нават заўзятых скептыкаў і «ястрабаў», што, нягледзячы на глыбокія супярэчнасці і недастатковае разуменне, інтарэсы бяспекі ў Еўропе абсалютна сумяшчальныя».
Лукашэнка пракаменціраваў вучэнні НАТА на граніцы з Беларуссю
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што са здзіўленнем прачытаў аб запланаваных на вясну вучэннях Паўночнаатлантычнага блока непасрэдна каля граніц Беларусі.
«Па колькасці (гэта тое, што заяўлена, а што будзе фактычна — гэта, напэўна, у два, а тое і ў тры разы больш) такіх вучэнняў каля нашых граніц не праводзілася, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Якое ў сувязі з гэтым можна задаць рытарычнае пытанне, вы ведаеце. Не ведаю, каму гэта трэба».
Напярэдадні нямецкае выданне «Шпігель» паведаміла, што на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі пройдуць вучэнні «Абаронца-2020». Яны стануць самым маштабным перамяшчэннем салдат з ЗША ў Еўропу за апошнія 25 гадоў. Лагістычным цэнтрам вучэнняў стане Германія.
Плануецца, што ў вучэннях прымуць удзел 37 тыс. салдат з 19 дзяржаў. Мэтай з’яўляецца павышэнне гатоўнасці ўнутры НАТА і стрымліванне магчымых праціўнікаў, заявілі амерыканскія ваенныя.
Лукашэнка: НАТА павінна дзякаваць за тое, што яму «падарылі» Украіну
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Усход і Захад процістаяць адзін аднаму яшчэ з часоў Савецкага Саюза, асабліва ў ваеннай сферы. Гэта процістаянне прывяло да падзей ва Украіне. «Сёння мы Украіну проста «падарылі» сваім сапернікам. Ну, што не так? Сваімі рукамі аддалі Украіну. За гэта амерыканцы і НАТА павінны нам проста дзякаваць, што яны, напэўна, і робяць, размаўляючы паміж сабой», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння канфлікт ва Украіне яшчэ можна вырашыць, «таму што дыягназ устаноўлены». «Як вырашыць хваробу, таксама нібыта ведаем, толькі трэба пачынаць яе лячыць. Цяперашняя ўлада ва Украіне, Прэзідэнт — ён, вядома ж, не ўсёмагутны. Яму ні ўнутры, ні звонку ніхто не дасць зрабіць тое, што ён хоча. Я пераканаўся ў тым, што ён хоча вырашыць гэту праблему», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вырашэнне ўзброенага канфлікту ў Данбасе — гэта не галоўнае. «Галоўнае ў тым, якую «спадчыну» ён (Прэзідэнт Украіны. — Заўвага БЕЛТА) атрымаў з пункту гледжання эканомікі і грамадства, якое там сёння склалася. Там столькі ліній размежавання, што Прэзідэнту аднаму з гэтым не справіцца, тым больш не маючы тых паўнамоцтваў, якія маюць прэзідэнты Расіі, Беларусі, Казахстана і гэтак далей», — канстатаваў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі ЗША не падключацца да вырашэння гэтай праблемы, то нават Еўропа не будзе ў сілах дапамагчы Украіне. Хоць Еўрасаюз, выказаў меркаванне Прэзідэнт, і сам у гэтым не асабліва зацікаўлены. «Трэба сабрацца, пагаварыць, падкарэкціраваць планы. І трэба дзейнічаць. Але, напэўна, «вялікім» не хочацца», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пасля перагавораў з Уладзімірам Зяленскім пераканаўся: украінская ўлада разумее, як вырашыць канфлікт у сваёй краіне. «Калі Расія і Еўрасаюз (хаця б яны на першым этапе, яшчэ Амерыка падключыцца) дапамогуць вырашыць гэты канфлікт, захаваць цэласнасць і незалежнасць Украіны, гэта праблема будзе вырашана», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Калі мы страцім няхай нявопытнага, маладога Зяленскага і гэту ўладу ва Украіне (а гэта цалкам можа здарыцца, таму што вельмі вялікае супраціўленне ўнутры Украіны і звонку), узамен атрымаем такую ўладу, з якой наогул цяжка будзе размаўляць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка заклікаў краіны Еўропы прыняць больш актыўныя дзеянні для вырашэння канфлікту ва Украіне
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што здольнасць урэгуляваць канфлікт ва Украіне — важны тэст для краін Еўропы. «Гэта лакмусавая паперка. Калі мы можам нешта, давайце ў нашым доме разбяромся і вырашым гэту праблему. Украінскі канфлікт — гэта не проста нам выклік, ён патрабуе вырашэння. Калі мы яго вырашым, значыць, мы на нешта здольныя. Калі не — будзем збірацца, размаўляць, — сказаў Прэзідэнт. — Але толку будзе мала».
Ён нагадаў, што нядаўна наведаў Жытомір, дзе праходзіў чарговы беларуска-ўкраінскі форум рэгіёнаў. «З Прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім мы мелі грунтоўную размову па шырокім коле тэм. Я адчуў, што Прэзідэнт Украіны — чалавек сапраўдны, моцны, патрыёт сваёй радзімы. Нармальны, пры свядомасці палітык, які хоча вырашыць гэту еўрапейскую праблему, якая дасталася яму ў спадчыну. Ён гатовы да цяжкіх рашэнняў для дасягнення міру. І мы яго ў гэтым падтрымліваем», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі рады, што ў працэсе вырашэння канфлікту з’яўляецца прагрэс, у прыватнасці, праведзены абмен затрыманымі асобамі, прыняты некаторыя рашэнні ў Мінску на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы. «Але калі нехта думае, што лёд крануўся, — не. Ён не крануўся і не кранецца, калі мы не падштурхнём працэс», — перакананы Прэзідэнт.
«Чаму? Таму што мы Зяленскага, якога загрузілі гэтым страшэнным грузам, не яго праблемамі, пакінулі сам-насам з гэтымі праблемамі, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Бачыце, што адбываецца ў Кіеве? Там пэўныя сілы выкарыстоўваюць гэты працэс, каб наогул прыціснуць новую ўладу і новага Прэзідэнта. І Еўропа маўчыць (вы ведаеце, пра каго я гавару) — ні з Усходу, ні з Захаду. Толькі каменне кідаюць у адрас гэтага маладога чалавека. Кожны ва ўласных інтарэсах».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, на яго думку, Уладзімір Зяленскі шукае шляхі для ўрэгулявання канфлікту, гатовы да прыняцця рашэнняў. «Нельга будзе папракнуць Прэзідэнта Украіны ў тым, што ён не стараецца вырашыць гэту праблему. Але многае залежыць ад нас (еўрапейскіх краін. — Заўвага БЕЛТА). І мы павінны ўзяць на сябе вялікую ношу, вялікую частку ў вырашэнні гэтай праблемы», — перакананы Прэзідэнт.
«Апамятайцеся вы ў рэшце рэшт. Вайна не толькі ва Украіне, яна ў нас, у нашым доме. Вырашаць гэту праблему — нам. І калі «нармандская чацвёрка», на якую так спадзяецца Прэзідэнт Зяленскі, чагосьці вартая, тады даўно трэба было сабрацца і нешта вырашаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але я ў гэтым сумняваюся. Я быў у гэтым працэсе і ведаю, як гэта вырашаецца — кожны стараецца набраць сабе палітычныя ачкі. На чым? На гібелі старых і дзяцей?»
Наступствы крызісу ва Украіне Беларусь адчула непасрэдна на сабе. «Мы ўжо адчулі, што такое канфлікт у Данбасе — 160 тысяч бежанцаў, якія рынуліся на нашу тэрыторыю», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Для параўнання, краіны Еўропы не могуць «падзяліць» 2-3 тыс. бежанцаў у год з Блізкага Усходу. А ў Беларусі ім адразу прадаставілі роўны з грамадзянамі краіны статус. «Мы прынялі іх як родных, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы адкрылі для людзей граніцу, праз якую да нас паступае асноўны паток зброі з канфліктнага рэгіёна. Вядома, гэта нас не можа не хваляваць».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам чутны размовы аб тым, што Беларусь ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне «пабегла наперадзе калёс». «Мы не рвёмся ні ў пасрэднікі, ні ў міратворцы, — падкрэсліў у сувязі з гэтым Прэзідэнт. — Ніколі мы так не ставілі пытанне». Аднак краіна гатова адыграць сваю ролю ў міратворчым працэсе, калі на гэта будзе воля і дамоўленасць Украіны і Расіі. «Мы гатовы як блізкія і родныя людзі адыграць тую ролю, якая імі будзе вызначана, — сказаў ён. — Мы не можам стаяць убаку. Гэта і наша Украіна. Беларусь, Расія, Украіна — гэта нешта адзінае. Не хачу сказаць «адзін народ» — гэта кагосьці раздражняе. А фактычна — адзін народ. І мы ваюем, не можам разабрацца».
«І не трэба гаварыць, што гэта не канфлікт Расіі і Украіны, — прадоўжыў беларускі лідар. — Тут (на канферэнцыі. — Заўвага БЕЛТА) дасведчаныя людзі, і гэтыя заявы нікому не патрэбны. Так, не трэба ігнараваць кіраўнікоў непрызнаных ЛНР і ДНР. Яны ёсць, іх пазбягаць нельга. Гэта пытанне дамоўленасцей. Але важна, каб галоўныя бакі ўвязаліся ў разгляд гэтага канфлікту і прынялі рашэнне», — дадаў ён.
Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што без удзелу ЗША канфлікт ва Украіне ўрэгуляваць не атрымаецца.
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на неабходнасць аднаўлення эканомікі Украіны. «Еўропа нібыта дапамагае. Дык дапамагайце так, каб быў вынік. Трэба не толькі спыніць вайну, трэба аднавіць Данбас, — сказаў ён. — Калі мы на нешта здольныя, давайце вырашаць. На справе вырашаць. Вы сваіх палітыкаў вазьміце за каўнер і прымусьце вырашаць гэту праблему».
Неабходны канкрэтныя эфектыўныя дзеянні. «І гэта адкрые шлях да правядзення пасля доўгага перапынку сустрэчы ў вярхах у нармандскім фармаце. Разлічваем, што вынікам будуць цвёрдыя гарантыі запуску зладжанага механізма кантролю за выкананнем існуючых дамоўленасцей», — прадоўжыў ён.
На заканчэнне кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што рана ці позна любыя раны рубцуюцца, і так ці інакш праз некаторы час канфлікт ва Украіне будзе вырашаны.
Лукашэнка заклікаў невялікія краіны заявіць аб сабе
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часта дзяржавы падзяляюць на вялікія, сярэднія і малыя. «Такіх не бывае: усе народы вялікія, нават калі гэта тысяча чалавек, — перакананы Прэзідэнт. — Нас прыгожа падзяляюць, перацягваюць на адзін, другі бок. І мы губляемся сярод гэтых гігантаў. Нам пара неяк аб’яднаць бы свае галасы, сказаць «вялікім», што яны не такія вялікія». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сучасным свеце нават вялікія і моцныя краіны слабаабароненыя. Ён нагадаў аб Саудаўскай Аравіі, нафтавыя аб’екты якой нядаўна былі атакаваны беспілотнікамі.
«Таму не трэба хавацца за шырму велічы і падобных тэрмінаў. Трэба дамаўляцца. Калі б мы змаглі аб’яднацца па-сапраўднаму, на нейкай платформе, нас пачулі б. Але зноў жа: гэтыя «вялікія» не даюць нам, сярэднім і малым дзяржавам, гэта зрабіць, таму што вялікая формула «раздзяляй і ўладар» пакуль яшчэ не зжыла сябе і наўрад ці зжыве», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.