Усё пачынаецца са школы, а школа з дырэктара. Гераіня нашай публікацыі — дырэктар Германавіцкай ДС-СШ Людміла Георгіеўна Маркевіч
З пачатку новага навучальнага года дзіцячы сад ў аграгарадку Германавічы быў пераведзены ў памяшканне сярэдняй школы, а сама дзяржаўная ўстанова адукацыі атрымала статус “Германавіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа”.На сённяшнідзень яе наведваюць 106 дзяцей: з іх 85 вучняў і 21 выхаванец дзіцячага садка.
На працягу апошніх 13 гадоў сярэднюю школу ў Германавічах узначальвае вопытны педагог Людміла Георгіеўна Маркевіч. Яна нарадзілася ў Шаркаўшчынскім раёне, і практычна ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Гарадзец. Закончыла Лужкаўскую сярэднюю школу, потым інстытут замежных моў. На працягу 13 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў у Лужкаўскай сярэдняй школе. З гэтай навучальнай установы і была запрошана на пасаду дырэктара школы ў Германавічы. Людміла Георгіеўна з ліку тых кіраўнікоў, хто не баіцца цяжкасцяў, паважае і цэніць свой калектыў і з аптымізмам глядзіць у будучыню. У гэтым годзе жанчына ўвайшла ў лік лаурэатаў ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”.
А на пытанне карэспандэнта “У чым сакрэт яе паспяховай работы?” Людміла Георгіеўна адказала наступнае:
-Лічу, што ўсе поспехі нашай школы звязаны з надзейным педагагічным калектывам. А ён у нас і сапраўды найлепшы і, што немалаважна, стабільны. Нягледзячы на тое, што пераважная большасць нашых настаўнікаў ужо знаходзяцца ў сталым узросце, яны ўвесь час знаходзяцца ў творчым пошуку, не адмаўляюцца ад інавацый. Ім падабаецца пачынаць штосьці новае. Таму ўсе поспехі, у першую чаргу, ад педагогаў. Бо нават самы найлепшы, творчы і ініцыятыўны кіраўнік – “адзін у полі не воін” без падтрымкі свайго калектыву.
Сярод асноўных праблем сельскіх школ у наш час Людміла Георгіеўна называе штогадовае зніжэнне колькасці вучняў. Гэта акалічнасць, вядома, накладае свой адбітак на работу, але сельскія педагогі працягваюць дастойна працаваць і ўпэўнена ісці да новых вяршынь. — Нашы дзеці з дапамогай сваіх настаўнікаў прымаюць удзел у многіх конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах,-адзначае дырэктар школы. І ўваходзяць у лік прызёраў і пераможцаў. Звязаўшы свой лёс са школай, Людміла Маркевіч упэўнена, што з выбарам прафесіі не памылілася . У Германавіцкай ДС-СШ яна не толькі выконвае функцыі кіраўніка, але і працягвае працаваць з дзецьмі, выкладаць замежную мову ў некаторых класах. І гэта тая аддушына, якая надае сілы і нязгаснае жаданне працаваць. У кіраўніцкай дзейнасці часам не ўсё складваецца так як хацелася б, па розных прычынах. Але калі прыходзіш у клас і бачыш дзяцей – гэта сагравае. Побач з дзецьмі не пакідае пачуццё, што ты ім патрэбен.
А з гэтага навучальнага года кожная раніца Людмілы Георгіеўны пачынаецца з наведвання дзіцячага сада. У дзвюх створаных групах падрастаюць і развіваюцца будучыя вучні школы – маленькія выхаванцы-дашкольнікі.
Адпрацаваўшы ў школах нашага раёна амаль тры дзясяткі гадоў, сёння Людміла Маркевіч ужо не можа ўявіць сваё жыццё без дапытлівых вачэй сваіх вучняў, без школьных званкоў, такой звыклай мітусні ў школьных калідорах на пераменках. Кожны дзень яна ў ліку першых прыходзіць у родную школу, а пакідае яе, калі школьнае жыццё ўжо спынілася да наступнай раніцы.
У дырэктара школы двое дарослых дзяцей – сыны Глеб і Ніл. ”Застаецца толькі дачакацца ўнукаў”,-з усмешкай прызнаецца Людміла Георгіеўна , жыццё якой увесь час было звязана з дзецьмі – і дома, і на працы.
Напярэдадні цудоўнага прафесійнага свята дырэктар Германавіцкай ДС-СШ шчыра павіншавала ўсіх педагогаў шаркаўшчынскага краю ,і асабліва настаўнікаў-ветэранаў:-
— Ад усяго сэрца жадаю, каб ніколі вашы душы і сэрцы не адчувалі стомленасці і абыякавасці, болю і непаразумення. Няхай будуць невычарпальнымі вашы жыццялюбства, энергія і натхненне, а штодзённая руплівая праца радуе поспехамі і дасягненнямі. Міру, радасці, моцнага здароўя, дабрабыту,упэўненасці ў заўтрашнім дні, таленавітых і ўдзячных вучняў і бязмежнага шчасця жадаю ўсім вам, паважаныя калегі,-падвяла вынік нашай размовы Людміла Георгіеўна Маркевіч, лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.