Алена Генрыхаўна Арэхава — лепшы грамадскі эколаг Віцебшчыны

Источник материала:  
04.10.2019 — Разное

Алена Генрыхаўна Арэхава — лепшы грамадскі эколаг ВіцебшчыныВіцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвёў вынікі штогадовага абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу на лепшага грамадскага эколага. У ім прымалі ўдзел  аматары прыроды з усіх гарадоў і раёнаў вобласці. Лепшым грамадскім эколагам Віцебшчыны ў гэтым годзе стала  намеснік дырэктара Лужкаўскай сярэдняй школы па выхаваўчай рабоце, настаўніца матэматыкі і фізікі Алена Генрыхаўна Арэхава —  грамадскі эколаг Шаркаўшчынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.   З заслужанай узнагародай лепшага грамадскага эколага   павіншаваў Іван Іванавіч Міхалёнак – начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Педагог з трыццацігадовым стажам Алена Генрыхаўна  лічыць сваю прафесію асаблівай і выключнай, сцвярджаючы, што настаўнікам, як і ўрачом, чалавек мае права быць толькі па прызванні. Дзеці заўсёды адчуваюць падман і не прымаюць няшчырасці. Сама ж настаўніца   жыць і працаваць імкнецца так, каб на ўсіх хапала сіл і душэўнай цеплыні, клопату і багацця ведаў —  і на вучняў, і на сваіх уласных дзяцей.

Пасля заканчэння фізічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута ў 1986 годзе разам з мужам  яна прыехала працаваць ў Лужкаўскую сярэднюю школу, і гэта працоўнае месца стала для іх адзіным. З той пары Алена Генрыхаўна выкладае фізіку і матэматыку. Гэта таленавітая і абаяльная жанчына,  як і яе муж Аляксандр Уладзіміравіч Арэхаў, прадстаўнікі слаўнай педагагічнай дынастыі, агульны працоўны стаж якой налічвае каля 530 гадоў. Тата і мама, бабуля і дзядуля, шматлікія сваякі былі педагогамі Невыпадкова, што ў такой сям’і любоў да прафесіі педагога прывівалася з дзяцінства. “Даць кожнаму вучню глыбокія і трывалыя веды, а таксама пакінуць у іх душах след дабрыні” — асноўны жыццёвы прынцып гераіні гэтага матэрыялу. Усе складаныя пытанні яна тлумачыць проста і даступна. Педагог з высокім узроўнем кваліфікацыі не толькі паспяхова рэалізуе агульнаадукацыйную школьную праграму, вялікую ўвагу на сваіх уроках  надае праблеме энергазберажэння і іншым актуальным у сучасным грамадстве  пытанням экалогіі.

Можна колькі заўгодна ахоўваць прыроду, але калі не далучаць да гэтай работы дзяцей, у гэтым не будзе ніякага сэнсу, упэўнена лепшы грамадскі эколаг Віцебшчыны. У Лужкаўскай сярэдняй школе  пад кіраўніцтвам Алены Генрыхаўны   дзеці знаёмяцца з прыродай роднага краю, вывучаюць яе таямніцы, пазнаюць асаблівасці, праводзяць свае школьныя назіранні, на аснове якіх спрабуюць пісаць даследчыя работы,  вывучаюць экалагічныя праблемы сваёй мясцовасці  і знаёмяць з імі мясцовых жыхароў.

Разам са сваімі юнымі эколагамі Алена Генрыхаўна прымала ўдзел у праектах Еўрапейскага Саюза Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь “Малыя рэкі – вялікія праблемы”, “Зялёныя школы”, “Назіранне за рэкамі”. У 2018 годзе стала ўдзельніцай праекта  “ Умацаванне актыўнага грамадзянства ў Браславе і Шаркаўшчыне». Рэгулярна прымае актыўны ўдзел у прыродаахоўных мерапрыемствах, конкурсах і акцыях, асаблівую ўвагу надае праблеме  “энергазберажэння”. З’яўляецца прадстаўніком міжнароднага экалагічнага таварыства  “Прырода і мы”. Працуе ў супрацоўніцтве з  іншымі педагогамі, настаўніцай біялогіі Вольгай Фердынандаўнай Шуман, настаўніцай хіміі Ганнай Усцінаўнай Ластаўка, настаўнікам фізікі і інфарматыкі Аляксандрам Уладзіміравічам Арэхавым і некаторымі іншымі.

Можна любіць прыроду, назіраць за ёй, не забруджваць навакольнае асяроддзе, актыўна ўдзельнічаць у шматлікіх акцыях і праектах на  экалагічную тэматыку. А яшчэ, добра разумеючы значнасць экалагічных праблем у грамадстве, можна далучыць да такой цікавай, захапляльнай і, безумоўна,  патрэбнай дзейнасці па вывучэнні прыроды роднага краю дзяцей.  Адарваць іх   ад гаджэтаў, камп’ютараў і мабільных тэлефонаў і навучыць бачыць прыгажосць, якая зусім побач.

 

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ

Comments are closed.

Яндекс.Метрика