Праваслаўнага святара, падазраванага ў забойстве жонкі, выпусцілі з ізалятара
Азарычы, дом святара / TUT.by
У Калінкавіцкім раёне праваслаўнага святара, падазраванага ў забойстве жонкі, выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання, інфармуе sb.by са спасылкай на ўпраўленне СК па Гомельскай вобласці. 42-гадовую жонку святара знайшлі з нажавымі раненнямі ў прыватным доме ў Азарычах 2 кастрычніка. Па падазрэнні ў здзяйсненні забойства быў затрыманы яе 47-гадовы муж (ён быў у стане алкагольнага ап'янення). З ім праводзілі следчыя дзеянні. У сілавікоў з'явіліся нейкія новыя звесткі.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "забойства". Былі прызначаны экспертызы. А ў чацвер СК паведаміў, што ў справе з'явіўся новы падазраваны — 23-гадовы вясковец. Яго затрымалі, ідзе праверка яго магчымай датычнасці да здзяйснення злачынства.
Партал TUT.by дадае, што затрыманы малады чалавек — жыхар вёскі Ліпава Калінкавіцкага раёна. Ён дапамагаў святару будаваць царкву ў Азарычах. Яго сястра пераказала словы брата. У той вечар ён заходзіў у дом святара, пабачыў забітую жанчыну, спалохаўся, схапіў ключы ад мікрааўтобуса і з'ехаў. Следчыя правераць гэтую версію.