Раённы этап маладзёжнага сельскагаспадарчага рэспубліканскага праекта “Уладар сяла – 2019” прайшоў на свяце “Дажынкі” у Драчкаве.

Чатыры сям’і з сельскай мясцовасці змагаліся за тытул самага ўмелага, творчага, крэатыўнага і таленавітага гаспадара Смалявіччыны.

Сям’я Пятра і Юліі Марусевых з вёскі Алесіна, сям’я Аляксандра і Ірыны Яблонскіх з Азярыцкай Слабады, сям’я Анатоля і Ганны Сергееня і сям’я Аляксандра і Таццяны  Ціхановіч прадставілі на суд кампетэнтнага журы свае таленты і ўменні.

Конкурс «Уладар сяла» праводзіцца ўжо не першы год, яго галоўнымі задачамі з’яўляюцца садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на сяле, падняцце прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, умацаванне інстытута сям’і, адраджэнне працоўных дынастый, папулярызацыя традыцый беларускай вёскі, фарміраванне здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі. Упершыню праект “Уладар сяла” стартаваў у 2007 годзе ў Глыбоцкім раёне і адразу прыцягнуў увагу грамадскасці.

Яркі і займальны праект, ініцыяваны моладдзю Глыбоччыны, ужо ў 2008 годзе быў падтрыманы на рэспубліканскім узроўні – атрымаў статус рэспубліканскага. З тых часоў ён штогод аб’ядноўвае сотні маладых сем’яў (ва ўзросце не старэйшыя за 31 год, іх дзеці), якія пражываюць у сельскай мясцовасці не менш за тры гады і якія працуюць на вёсцы. Конкурс складаецца з трох асноўных этапаў: раённага, абласнога і фінальнага – рэспубліканскага, што дазваляе прыцягнуць максімальную ўвагу да ўдзелу ў праекце, папулярызаваць яго сярод сельскага насельніцтва.

Падчас конкурсу на Смалявіччыне маладыя сем’і прадэманстравалі сваё майстэрства: арыгінальныя “візітныя карткі”, уменне спраўляцца з пілой і сякерай, падтрымліваць адзін аднаго ў спартыўных спаборніцтвах і шэраг іншых. І нават шчодры вераснёўскі дождж не сапсаваў настрой удзельнікаў.

Пачалося спаборніцтва традыцыйнай візітоўкай «Вітаем па-беларуску». У вершах і прозе, з усмешкамі і ўсурёз сем’і расказвалі, як яны жывуць, працуюць, адпачываюць, чым цікавяцца. Кранальна было назіраць, як маленькія дзеткі старанна, з любоўю і трапятаннем перад публікай не скупіліся на ласкавыя словы ў адрас бацькоў, шчыра распавядалі пра сваё жыццё і падпявалі мамам і татам.

Затым прайшоў самы актыўны этап конкурсу. Удзельнікі дэманстравалі свае ўменні: як распілаваць бервяно і насекчы дроў, звязаць венікі для лазні і самае галоўнае – рабіць гэта разам, дапамагаючы адзін аднаму. І эстафета была на сельскую тэматыку – “пасадзіць”, “выбраць” бульбу і зрабіць усё гэта на час. Дзеці падтрымлівалі сваіх бацькоў, выкрыквалі іх імёны.

Не было духу спаборніцтва, здавалася, што шчаслівыя сем’і дзеляцца момантамі свайго штодзённага жыцця, дэманструючы побыт у вёсцы. Вядома, кожная сям’я імкнулася да перамогі, розніца паміж баламі  канкурсантаў часта была мінімальнай. Але конкурс ёсць конкурс. Журы доўга раілася, аб выніках паведала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандра Анатольеўна Букаціч.

Грамату і каштоўны падарунак – пыласос за перамогу ў раённым конкурсе “Уладар сяла – 2019” атрымала сям’я Аляксандра і Таццяны  Ціхановічаў. Па выніках усіх конкурсаў  яны набралі найбольшую колькасць балаў. Астатнія ўдзельнікі таксама атрымалы каштоўныя падарункі.

Жывуць і працуюць Аляксандр і Таццяна ў вёсцы Пятровічы. У сям’і трое сыночкаў: чатырнаццацігадовы Ягор, Вадзім, якому 12 гадоў і самы маленькі – Арсеній, якому 8 гадоў.

Сям’я Ціхановічаў уразіла журы сваёй лёгкасцю і арыгінальнасцю, а таксама творчым падыходам да выканання кожнага задання. Бацькі і дзеці былі апрануты ў нацыянальныя беларускія касцюмы і выступленне падрыхтавалі таксама на роднай мове.

– Праз пару дзён пасля конкурсу мы адзначалі 15 гадоў з дня нараджэння нашай сям’й, – расказвае Таццяна Ціхановіч. – Таму перамога стала сапраўдным падарункам да такога значнага свята. Пасля конкурсу дзеці сказалі, што ў наступным годзе таксама хацелі б прыняць удзел у конкурсе “Уладар сяла”. Калі выпадзе такі шанец, думаю, прымем запрашэнне ўсёй сям’ёю.  Вельмі цудоўна, што ёсць такія цікавыя конкурсы для маладых сямей. І не галоўнае перамагчы. Галоўнае – паказаць сваю сям’ю, паглядзець на іншых, нечаму павучыцца. Ну і, канешне ж, яшчэ раз разам з дзецьмі адчуць тое непараўнальна-хвалюючае пачуццё еднасці, суперажывання, узаемадапамогі і гонару, якое заўсёды з’яўляецца, калі выступае сям’я, у якой адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Вось такія яны –  пераможцы раённага конкурсу “Уладар сяла – 2019” на Смалявіччыне.

Лідзія СУДНІКОВІЧ.

Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.