На здании Ушачской школы появилась памятная доска в честь знаменитых выпускников

Источник материала:  
25.09.2019 — Разное

У рамках раённага праекта “Мая радзіма – Ушаччына” ў нашым краі з’явілася ўжо нямала знакавых аб’ектаў і рэалізавана добрых спраў – архітэктурныя формы ў выглядзе дрэва, кнігі, гітары, дзяўчынкі з флейтай у гарпасёлку, мемарыяльная дошка Еўдакіі Лось на будынку раённай бібліятэкі і памятная Феліксу Тапчэўскаму ў Глыбачцы, інфармацыйны банер са звесткамі пра сядзібу Васіля Быкава ў Селішчы, рэканструкцыя помніка воіну-афганцу М.Ключонку ў вёсцы Мажуйкі і іншае. Зусім нядаўна гэты спіс дапоўніла памятная дошка ў гонар знакамітых землякоў-выпускнікоў на будынку Ушацкай школы.

“Я ведаю, хто такі Рыгор Барадулін! Ён пісаў вершы!” “А я ведаю, дзе ў нас вуліца Еўдакіі Лось!” – наперабой шчабяталі вучні 2 “В” класа, спыніўшыся каля яркай і даволі вялікай дошкі, якую цяпер, знаходзячыся на плошчы, проста немагчыма не прыкмеціць. Не тое што школьнікам ці ўшачанам, кожнаму беларусу вядомы імёны Рыгора Барадуліна, Генадзя Гарбука і Еўдакіі Лось, партрэты і звесткі пра якіх і знайшлі адлюстраванне на дошцы.На здании Ушачской школы появилась памятная доска в честь знаменитых выпускников

– Сярод выпускнікоў нашай школы нямала таленавітых людзей, навукоўцаў, заслужаных дзеячаў культуры, медыцыны, але, сапраўды, імёны менавіта прыгаданых землякоў ведае кожны. Дызайн дошкі прадумвалі грунтоўна, стараліся ўкласці не толькі інфармацыю пра гэтых выпускнікоў, а і чырвонай ніткай правесці тэматыку малой радзімы. Так, на фон паклалі маляўнічыя, блакітна-зялёныя краявіды Ушаччыны, а па абодвух баках размясцілі самыя вядомыя, як зараз кажуць, брэндавыя вершы нашых паэтаў: “Трэба дома бываць часцей…” Рыгора Барадуліна і “Паедземце, дружа, ва Ушачы” Еўдакіі Лось. Складана было з багатай біяграфіі выбраць асноўныя дасягненні гэтых выпускнікоў. Пры ажыццяўленні задумы раіліся з калектывам, слушныя прапановы ўносіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка, а над варыянтамі макетаў “варажылі” інжынеры-праграмісты Максім Кашко і Вольга Казлова, – расказвае дырэктар Ушацкай школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі.

Вырабілі дошку памерам два на чатыры метры ў адной з полацкіх фірм. Ну а на будынку школы збоку каля ўваходу на яе тэрыторыю яна з’явілася якраз да юбілейнай даты – святкавання 95-годдзя з дня ўтварэння Ушацкага раёна.

Адметна, што свае першыя паэтычныя крокі народны паэт Беларусі Р.Барадулін рабіў якраз ва Ушацкай школе, са сцен якой выйшаў у 1954 годзе. У 50-я ва ўстанове працаваў літаратурны гурток і выдаваўся альманах “Першыя крокі”, у якім сваю спробу пяра і апублікаваў наш зямляк пад псеўданімам Алесь Чабор. З-пад пяра Еўдакіі Лось, якая скончыла Ушацкую сямігодку ў 1945-м, выйшла 17 зборнікаў паэзіі і тры прозы, яе творы перакладзены на 30 моў свету. Ніколі не забываўся пра родную альма-матар і выпускнік 1953-га года, лаўрэат дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, акцёр Генадзь Гарбук, які сыграў самыя розныя ролі ў 70 кінастужках.

Пра новую памятную дошку нам ужо давялося пачуць нямала станоўчых водгукаў. “Калі прыехала да родных ва Ушачы, адразу прыкмеціла яе на будынку школы. Вельмі прыгожа і арыгінальна! Памятаю, як у вучнёўскія гады маім любімым вершам якраз і быў “Трэба дома бываць часцей”, расказаўшы яго на ўроку, атрымала пяцёрку. Зараз за такую задуму высокую адзнаку хочацца паставіць калектыву школы”, – лічыць навапалачанка і таксама выпускніца ўстановы Ніна Ткачова. Даведаўшыся, што ва Ушачах рэалізавалі такую ідэю, знаёмыя з Віцебска пісалі мне ў сацыяльных сетках і з цікавасцю прасілі даслаць фота, каб паглядзець на аб’ект.

Думаецца, што ў Год малой радзімы кожнага ўраджэнца раёна перапаўняе гонар за зямлю, на якой ён вырас.

Вольга КАМАРКОВА.

←C 26 по 30 сентября Минская региональная таможня проведет прямые линии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика