Люстрадзён на сёньня
25 верасня 1938 года ў пасёлку Краснасельскі нарадзіўся мастак, педагог, мастацтвазнаўца, краязнаўца, філакартыст, грамадскі дзеяч, члена саюзаў мастакоў Беларусі і Латвіі Вячка (Вячаслаў) Міхайлавіч ЦЕЛЕШ.
У Краснасельскім прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, тут створаны яго першыя карціны. З 1958 года ён жыве у Латвіі, дзе закончыў Акадэмію мастацтваў. У 1961 годзе Вячка Целеш вучыўся ў мастацкай студыі, а ў 1961–1964 гадах служыў у войску ў Вільні, дзе ў той жа час наведваў мастацкую студыю Палаца чыгуначнікаў. У 1975 годзе скончыў жывапісна-педагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў імя Т. Залькална. І вось больш за 100 выставаў за яго плячыма : удзел у 76-ці рэспубліканскіх і міжнародных, да таго ж ён экспанаваў свае творы на 24-х персанальных. Карціны мастака знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах Латвіі, Беларусі, Расіі, Ізраіля, Румыніі, Чэхіі, Францыі, Кітая, Даніі, Партугаліі, Швейцарыі, Канады, ЗША. Ён узнагароджаны ордэнам Трох Зорак — вышэйшай узнагародай Латвіі.
Вячка Целеш — аўтар кнігі «Гарады Беларусі на старых паштоўках», за якую атрымаў ганаровую прэмію імя Францішка Багушэвіча. Зараз ён заканчвае працу над чацвёртым выданнем кнігі «Гарады Беларусі на старых паштоўках», якая восенню выйдзе ў свет са змяненнямі і дапаўненнямі. Апрача гэтага, як, між іншым, і з іншымі відамі сваей дзейнасці, Вячка Целеш падрыхтаваў яшчэ адну кнігу, якая прынясла шмат радасці ўсім нам, але асабліва тым, хто носіць такое ж, як ён, прозвішча — «Адсюль наш род, тут мой прычал».
Вядомы наш зямляк і сваёй асветніцкай працай: дзякуючы яму беларусы замежжа больш ведаюць пра гістарычнае мінулае Бацькаўшчыны, яе выдатных дзеячаў. Вячка Целеш быў першым дырэктарам беларускай школы ў Рызе, сёння ён — старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, намеснік старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак”. Кіруе ён і дзіцячай мастацкай студыяй “Вясёлка”, працуе дацэнтам кафедры культуры і мастацтва Інстытута менеджмента інфармацыйных сістэм.
Сваю шматгранную творчасць Вячка Целеш прысвяціў Беларусі і Латвіі, гісторыі і знакамітым асобам: Францыску Скарыне, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Максіму Багдановічу, Янку Купалу, Янісу Райнісу. Ён стварыў серыю экслібрысаў выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, сярод якіх Зоська Верас, Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс… Цёплае, магічнае прыцягненне роднай Бацькаўшчыны адчуваецца ў многіх творах мастака. А чытачам знаёмы кнігі Вячкі Целеша “Мінск на старых паштоўках”, “Рыга на старых паштоўках”.
Сярод жывапісных работ: «Рыга. Парк «Аркадзія» (1975), «Нацюрморт з ручніком» (1977), «Начное дзяжурства» (1978), «Прысвячэнне зубру» (1980), «Першаму беларускаму драматургу прысвячаецца (В. Дунін-Марцінкевіч)» (1983), «Мой мацярык Віцебшчына (паэт С.Панізнік)» (1986), «У лекарскіх навуках доктар Ф.Скарына» (1990), «Заміж персідскага ўзору… (М.Багдановіч у Вільні)» (1991), «Дзвіна-Даўгава — маці наша (Я. Купала і Я. Райніс (1992), «Скарына ў Рызе» (1993), партрэты бацькі (1973), сястры Веры (1979), П. Сокала (Масальскага; 1980), жонкі (1992). Выканаў графічныя цыклы «У цені часу трыумфаў» (1982-92), «Касмічныя шляхі» (1983-87), партрэты Т.Залькалнса (1981), А.Малвдзіса (1982), «Прысвячэнне бацьку латышскага тэатра А. Алунану» (1984), «Аўтапартрэт» (1985), ліст «Горад» (1992) і інш.
Імя Вячкі Целеша ўнесена ў каталог “Сусветны экслібрыс”, у міжнародны каталог “Мініяцюрная графіка і экслібрыс” (Пекін), у “Сусветную 80-томную энцыклапедыю мастакоў усіх часоў і народаў”. Дасканала валодае як рускай і латышскай мовамі, так і роднай беларускай.