Дэпутаты абмеркавалі занятасць насельніцтва і замацаванне маладых спецыялістаў у раёне
24.09.2019
—
Разное
Дэпутаты абмеркавалі занятасць насельніцтва і замацаванне маладых спецыялістаў у раёне
Пытанні аб ходзе рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта №3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” і рабоце арганізацый раёна па адаптацыі і замацаванні маладых спецыялістаў разгледзелі на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая прайшла 20 верасня ў Шуміліне.
Важнасць вынесеных на абмеркаванне дэпутатаў пытанняў для эканомікі і наогул сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, яго будучыні падкрэсліла ў пачатку пасяджэння старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Валекава прадставіла аналіз работы па рэалізацыі Дэкрэта №3, адзначыўшы, што асноўнай задачай дакумента з’яўляецца садзейнічанне занятасці працаздольнага насельніцтва, стварэнне ўмоў для розных відаў эканамічнай занятасці і самазанятасці людзей, а таксама рэсацыялізацыя асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, прыцягненне іх да працоўнай дзейнасці.
Узровень афіцыйнага беспра-цоўя ў раёне захоўваецца на стабільна нізкім узроўні – 0,4% (на ўліку стаіць 30 чалавек). За бягучы год уладкавана на працу 146 чалавек, якія звярнуліся ва ўпраўленне ў пошуках работы. Разам з тым у раёне шмат вакансій, асабліва ў сельскай гаспадарцы, гандлі і сферы паслуг, будаўніцтве. У раёне створана 40 новых працоўных месцаў (заданне на 2019 год – 70).
З мэтай садзейнічання занятасці насельніцтва ў раёне створана і працуе пастаянная камісія. Праведзена 49 пасяджэнняў, у тым ліку 8 - выязных, на якія былі запрошаны 343 жыхары раёна, з імі праведзены прафілактычныя гутаркі, многім аказана дапамога ва ўладкаванні на працу.
Дакладчык акрэсліла і праблемныя пытанні – адток працоўных кадраў за межы раёна, адсутнасць работнікаў запатрабаваных на рынку працы прафесій, а таксама адзначыла, што рашэнне праблем крыецца ў стварэнні ўмоў працы і жыцця, павышэнні заработнай платы.
Шумілінская ПМК-70 найбольш актыўна працуе па стварэнні новых вытворчасцяў і новых працоўных месцаў. З моманту ўступлення ў дзеянне Дэкрэта №3 на прадпрыемстве створана 39 новых працоўных месцаў. Дырэктар Шумілінскай ПМК-70 дэпутат раённага Савета Аляксей Крыўко расказаў пра работу арганізацыі, якая некалькі год запар пашыраецца і зараз налічвае 356 чалавек. Тут вядзецца набор работнікаў, актыўна выкарыстоўваюць абучэнне рабочых у самой арганізацыі. Сярэдні заробак складае ў 2019 годзе больш за 850 рублёў за месяц, кваліфікаваныя рабочыя зарабляюць значна больш. Разам з тым Аляксей Юр’евіч адзначыў і праблемныя пытанні: вялікая цякучасць кадраў, звальненне за прагулы і п’янства, адсутнасць цікавасці да працы з боку пэўнай катэгорыі шукальнікаў работы – гэта ўплывае і на дысцыпліну, і на развіццё прад-прыемства, і на якасць работы.
Вопытам работы па рэалізацыі Дэкрэта “Аб садзейнічанні занятасці” падзяліўся дэпутат райсавета старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч. Обальскі сельсавет – буйнейшы ў раёне: насельніцтва больш за 3 тысячы чалавек, з якіх 1582 працаздольнага ўзросту. З моманту падпісання дэкрэта вядзецца пастаянная работа з працаздольнымі грамадзянамі, якія не занятыя ў эканоміцы. У выніку праведзенай работы ўдалося прыцягнуць да розных відаў занятасці і самазанятасці большасць з іх. І гэтая работа працягваецца індывідуальна з кожным.
Інфармацыю аб рабоце арганізацый раёна па адаптацыі маладых спецыялістаў і маладых рабочых, якія прыбылі па размеркаванні, іх замацаванні па заканчэнні тэрміну абавязковай работы прадставіла дэпутатам начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Галіна Каралёва. Моладзь Шуміліншчыны налічвае 2374 чалавекі (ва ўзросце ад 14 да 31 года). У 2017 годзе ў раён прыйшлі працаваць 113 маладых спецыялістаў і рабочых, з іх засталіся пасля абавязковай адпрацоўкі – 41 (36%). Але калі ў ахове здароўя засталіся 86%, то ў сельскагаспадарчых арганізацыях толькі 6%. З 87 маладых спецыялістаў 2018 года засталіся 41 (47%). Вопыт паказвае, падкрэсліла Галіна Каралёва, што большасць з тых, хто застаецца працаваць пасля адпрацоўкі – ураджэнцы Шумілінскага раёна, а гэта значыць, што трэба праводзіць прафарыентацыйную работу з вучнямі, выпускнікамі шумілінскіх школ. Яна адзначыла станоўчую работу па выдачы мэтавых накіраванняў у раённай бальніцы, лясгасе, аддзеле па адукацыі і ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Там, дзе да маладых спецыялістаў і рабочых ёсць увага, ствараюцца годныя ўмовы працы і заробкі, яны забяспечваюцца жыллём, там яны застаюцца пасля абавязковага тэрміну работы.
Будучыня прадпрыемстваў залежыць ад забяспечанасці маладымі кадрамі, падсумавала дакладчык.
Вопытам работы з маладымі спецыялістамі падзялілася намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” Людміла Доктарава. У арганізацыі беражліва ставяцца да маладых спецыялістаў, якія прыходзяць працаваць: надбаўка да акладу, забеспячэнне жыллём, актыўнае і цікавае грамадскае, культурнае і спартыўнае жыццё – ствараюць умовы, што спрыяюць замацаванню маладых спецыялістаў пасля абавязковай адпрацоўкі. Да таго, тут імкнуцца зрабіць стаўку на мясцовыя кадры, праводзяць прафарыентацыйную работу, выдаюць мэтавыя накіраванні выпускнікам шумілінскіх школ. Гэта дае плённыя вынікі – з 23 маладых спецыялістаў, што прыйшлі ў арганізацыю за 2017-2019 гады, большасць засталіся працаваць у лясгасе.
Выніковасць прафарыентацыйнай работы з шумілінскімі выпускнікамі пацвердзіла і намеснік галоўнага ўрача Шумілінскай ЦРБ Алена Джамале. Яна расказала пра ўласны прыклад замацавання ў раёне, адзначыла, што за пяць гадоў з 20 маладых спецыялістаў большасць засталіся ў раёне, што дазволіла зняць кадравы голад у шумілінскай медыцыне, а таксама правесці амаладжэнне кіруючых кадраў у бальніцы.
Па абмеркаваных пытаннях былі прыняты рашэнні.
Таксама дэпутаты зацвердзілі прапановы аб унясенні змяненняў у бюджэт раёна на бягучы год. За кошт дадатковых трансфертаў і іншых крыніц павялічана даходная частка бюджэту, адпаведна павялічаны і расходныя артыкулы. Сродкі накіраваныя аддзелу па адукацыі, на добраўпарадкаванне населеных пунктаў і іншыя бягучыя патрэбы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.209 г.